Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Заява групы «Хрысціянская візія» з нагоды гвалтоўнага змяшчэння архіепіскапа Арцемія ад кіравання Гродзенскай епархіяй

Заява групы «Хрысціянская візія» з нагоды гвалтоўнага змяшчэння архіепіскапа Арцемія ад кіравання Гродзенскай епархіяй

Заява групы «Хрысціянская візія» з нагоды гвалтоўнага змяшчэння архіепіскапа Арцемія ад кіравання Гродзенскай епархіяй
Аўтар
Хрысціянская візія

Арганізацыя"Хрысціянская візія"

Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.

Читать на русском Read in English Deutsch Leggi in italiano Lire en français

9 чэрвеня 2021 года

8 чэрвеня 2021 года Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы прыняў рашэнне хадайнічаць перад Свяцейшым Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам і Свяцейшым Сінодам пра «аб залічэнні на спачынак Найвялебнага архіепіскапа Гродзенскага и Ваўкавыскага Арцемія паводле стану здароўя». 9 чэрвеня 2021 года члены Свяцейшага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы разгледзелі дадзенае хадайніцтва на экстранай нарадзе ў рэжыме анлайн і прынялі рашэнне аб звальненні архіепіскапа Арцемія на спачынак. Падобнае рашэнне, паводле Статуту Рускай Праваслаўнай Царквы, з’яўляецца «выключным выпадкам» (V.26.а.).

Фактычна ж, дадзенае рашэнне — гэта гвалтоўнае змяшчэнне епархіяльнага архіярэя, матываванае загадзя ілжывай падставай: нібыта «паводле стану здароўя». Пра штучнасць такой падставы сведчыць адсутнасць прашэння аб залічэнні на спачынак ад імя самога архіепіскапа Арцемія, а таксама спешнасць і кананічная неакуратнасць, з якімі дадзенае рашэнне ажыццяўлялася.

Варта меркаваць, што сапраўднай прычынай гвалтоўнага змяшчэння архіепіскапа Арцемія з Гродзенскай епархіі, таксама як і прычынай змяшчэння з Мінскай кафедры і пасады Патрыяршага Экзарха мітрапаліта Паўла (Панамарова) ў жніўні 2020 года, зрабілася адважная публічная маральная пазіцыя абодвух архіярэяў падчас грамадска-палітычнага крызіса, які пачаўся ў Беларусі летам 2020 года.
Крызіс, які працягваецца і дагэтуль, быў выкліканы фальсіфікацыяй рэзультатаў прэзідэнцкіх выбараў і сілавым утрыманнем улады былым прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама надзвычайным гвалтам, масавымі рэпрэсіямі, катаваннямі і пераследам у дачыненні грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія выказвалі сваю нязгоду з беззаконнем, парушэннем канстытуцыйных прынцыпаў дэмакратыі і прававой дзяржавы, грубым парушэннем асноўных правоў і свабодаў чалавека.

Архіепіскап Арцемій адным з першых сярод царкоўных лідараў выступіў як сведка Праўды ў вечнай барацьбе дабра і зла, у сваім звароце да паствы 14 жніўня па-прароцку папярэджваючы: «нельга гуляцца з Праўдай, скажаючы і нявечачы яе дзеля палітычнай мэтазгоднасці. Бо Праўда — гэта той каштоўнасны феномен і сэнсавая катэгорыя, за якою стаіць — БОГ! І калі Праўда бярэцца ў двукоссі і лёгкім рухам рукі пераўтвараецца ў хлусню, то зневажаецца Той, Хто ёсьць Айцом Праўды! І на арэну выходзіць іншы айцец. Айцец маны. Якога, як мы ведаем са Слова Божага, завуць — Д’ябал!.. Няхай жа будуць справядліва, сумленна і адкрыта расследаваныя ўсе факты падману, гвалту і жорсткасці, каб здзейснілася Правасуддзе і затрыюмфавала Праўда!»

У сваім казанні 16 жніўня архіепіскап Арцемій заявіў: «Пазіцыя веруючага чалавека — ён не мірыцца са злом, ён не падстройваецца пад тых, у каго ўлада, а робіць так, як загадаў Хрыстос».

Архіепіскап Арцемій сведчыў пра евангельскую праўду не толькі ва ўмовах палітычнага крызіса. Гэта аўтарытэтны і паважаны архіярэй Беларускай Праваслаўнай Царквы, яго багаслоўскую і пастырскую школу прайшлі тысячы актыўных маладых міранаў, місіянераў і студэнтаў тэалогіі. Сапраўдны айцец для сваёй паствы, у чыёй епархіі адносіны будаваліся на падставе бясспрэчнага аўтарытэта, узаемнага даверу і павагі. У Гродзенскай епархіі, якою ён кіраваў, дзейнічага міранская калегія, моладзевыя праваслаўныя братэрствы, а таксама экалагічны епархіяльны аддзел.

У сярэдзіне жніўня больш за 300 чалавек — святароў, багасловаў, інтэлектуалаў, актыўных міранаў, супрацоўнікаў структур БПЦ напісалі ўладыку Арцемію ліст з падзякаю за яго пазіцыю і смеласць.

Гвалтоўнае змяшчэнне архіепіскапа Арцемія падрывае аўтарытэт іерархіі ў царкоўным народзе, сярод міранаў і святарства, а таксама шкодзіць вобразу Праваслаўнай Царквы ў беларускім грамадстве.

Мы выказваем сваю рашучую нязгоду з палітычна матываваным гвалтоўным змяшчэннем архіепіскапа Арцемія і кананічным свавольствам у дачыненні да яго. Мы рэзка асуджаем дзеянні Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы і Рускай Праваслаўнай Царквы, накіраваныя на беспадстаўны пераслед архіепіскапа Арцемія. Мы заклікаем тых, хто актыўна ўдзельнічаў у змяшчэнні архіепіскапа Арцемія або сваім маўчаннем падтрымаў несправядлівасць у дачыненні да яго, прыняць усе меры, каб аднавіць справядлівасць.

Мы горача вітаем салідарнасць святароў, багасловаў і актыўных міранаў Беларускай Праваслаўнай Царквы ў дачыненні архіепіскапа Арцемія, а таксама салідарнасць з боку святароў і вернікаў іншых канфесій. Асабліва адзначаем тых епіскапаў, якія адмовіліся ўдзельнічаць у кананічным гвалце ў дачыненні да свайго сабрата.

Мы звяртаем увагу замежных цэркваў, экуменічных арганізацый і міжнароднай супольнасці на тое, што падобны палітычна матываваны пераслед лідара царквы з’яўляецца чарговым яскравым прыкладам ціску на Царкву і царкоўных лідараў, які здзяйсняе палітычны рэжым у Рэспубліцы Беларусь, умяшальніцтвам дзяржавы ў аўтаномію царкоўнай арганізацыі і фактычна пераследам за веру. Мы заклікаем сусветную хрысціянскую супольнасць да салідарнасці з гнаным праваслаўным епіскапам.

Мы выказваем сваю глыбокую павагу і падзяку архіепіскапу Арцемію за яго смеласць у пропаведзі евангельскіх праўдаў, за рашучасць у абароне прынцыпаў міру і справядлівасці, за прароцкі голас і надзею на будучыню Беларускай Праваслаўнай Царквы.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава