Гісторык НАН Беларусі пра біблейскія карані нацыянальнага ўздыму
Журналістка Таццяна Немчанінава ўзяла некалькі лекцый у фармаце інтэрв’ю ў кандыдата гістарычных навук Андруся Унучака, які спецыялізуецца на гісторыі Берасцейскай Бібліі. У сваіх прамовах гісторык праводзіць параўнанне падзей, што адбываюцца зараз у нашай краіне (нацыянальны ўздым) з эпохай Рэфармацыі ў ВКЛ. Пасля падрабязных удакладненняў пра біблейскія карані гэтых пераломных з’яў 16 ст. ён аналізуе, што мы можам узяць для сённяшняга часу для сябе з тых дасягненняў.
На гэтую тэму выйшла ўжо 4 перадачы. Прывядзем прыклад рэцэптаў, якія здабывае навуковец з урокаў мінулага. З размовы, якая так і называецца Выпуск #5 Залаты век Беларусі – можам паўтарыць.
— Прароцтва кандыдата гістарычных навук зараз прагучыць у нашам эфіры. Як Вы думаеце, колькі залатых вякоў яшчэ наканавана Беларусі?
— Хачу сказаць, што ўсё ж гісторыя – гэта навука пра мінулае. На першаю чаргу, мне складана сказаць пра будучыню. Мне здаецца, што мы знаходзімся цяпер на хвалі нацыянальнага ўздыму. І пытанне, які гэта будзе нацыянальны ўздым, якія будуць яго вынікі. Ад гэтага вельмі шмат што залежыць. І вельмі шмат што залежыць ад пазіцыі цэркваў – вось зараз. Ці мы аб’яднаемся для таго, каб грамадства было хрысціянскім і каб расказаць пра духоўныя асновы нашага грамадства і каб гэта стала базісам для далейшага руху, ці гэта не адбудзецца. Ад гэтага вельмі моцна залежыць наш рух наперад. Таму што нацыянальная рэвалюцыя, нацыянальныя ўздымы былі ў многіх краінах, але нямногія і не ўсе, больш дакладна, перажывалі пасля гэтага залаты век. Я спадзяюся, што менавіта ў гэтым пакаленні гэта адбудзецца. І адным з такіх сведчанняў таго з’яўляецца вельмі шырокае святкаванне 500-годдзя беларускай Бібліі, якое было ў 2017 годзе. Вялікая папулярнасць выставы “Беларусь і Біблія”. Я бачыў, я сам асабіста бачыў, наколькі ў беларусаў ёсць вялікая прыхільнасць да “кнігі кніг”, да “кнігі жыцця”, да Слова Божага. І гэта дае мне рабіць такі вось рацыянальны гістарычны прагноз, дае мне магчымасць рабіць прагноз, што ўсё ж адбудзецца хрысціянскае прабуджэнне, што ўсё адбудзецца пакаянне ў грахах камунізму і асновы будуць адноўлены. Асновы, якія стварылі залаты век Беларусі ў 16 ст.