Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Анёлы і чэрці беларускай турмы: размова з музыкам Алесем Чумаковым

Анёлы і чэрці беларускай турмы: размова з музыкам Алесем Чумаковым

Анёлы і чэрці беларускай турмы: размова з музыкам Алесем Чумаковым
Аўтар
Наталля Гарковіч

НаталляГарковіч

Тэалагіня, гісторык, даследчыца, праваабаронца.

 

Алесь Чумакоў — удзельнік і саліст культавага гурта “Стары Ольса”, гусляр, выканаўца калядных песень. Чумакоў быў затрыманы ў снежні 2025 года, вызвалены ў верасні 2026 года па выніках перамоваў з дэлегацыяй ЗША, прымусова вывезены ў Літву. Зараз музыка жыве ў Польшчы. 

Калядны квіз 

Наталля Гарковіч (далей НГ): Алесь, вітаю на волі ў Варшаве. Як ты сябе адчуваў у зняволенні? Ці маліўся? 

Алесь Чумакоў (далей АЧ): Маліўся як умею. І думаў, што ў Бога наконт мяне ёсць нейкі план, што Ён мяне тут не кіне, бо план у Яго на мяне — добры (усміхаецца). Бо было адчуванне, што я яшчэ не ўсё зрабіў. Быў давер Богу і пачуццё, што ўсё адбываецца па нейкім наканаванні ад Яго непасрэдна.

НГ: Як думаеш, чаму гэты этап адбыўся ў тваім жыцці?

АЧ: Ёсць уражанне, што трэба прайсці пэўны шлях. І я яго цалкам прымаю і іду. Гэты этап проста трэба прайсці, і далей будзе сонейка, будзе добра.

Алесь Чумакоў у Варшааве, Верасень 2026

Алесь Чумакоў у Варшааве, Верасень 2026

НГ: Цябе схапілі напярэдадні Калядаў… Як ты перажываў Каляды за кратамі?

АЧ: У нас з Таццянай Ячнай 1традыцыя — штогод на Каляды спяваць калядныя песні. Не будзем іх спяваць — то год будзе такі сабе. І 25 снежня я мусіў згодна з нашай традыцыяй спяваць. А ў мяне ад збіцця пры затрыманні і здзекаў знік голас… Усё ж сабраў сукамернікаў і кажу — не ведаю, якія ў вас былі планы на час пасля вячэры, але зараз буду спяваць калядныя песні. Раздаў ім па аркушыку і прапанаваў квіз: адгадваць краіны, адкуль паходзяць песні, якія я заспяваю. Гэта было наўпрост у камеры. 

Таццяна Ячная і Алесь Чумакоў. Фота: budzma.org

НГ: Не пакаралі за такое?

АЧ: Спяваў ціхенька, голас дрыжэў і ніхто, акрамя сукамернікаў, не чуў. Таму і санкцый за такую творчасць не было абсалютна.

НГ: Ці многа адгадалі?

АЧ: Я песень дванаццаць праспяваў, і, напэўна, горшы вынік — тры з дванаццаці. Здаецца, лепшы вынік — сем ці восем адгаданых.

НГ: А што спяваў?

АЧ: Грузінскую “Аліло”, аўстрыйскую “Звон звоніць дзінь-дзілінь-дзілінь”, румынскую “У Віфлееме ў ноч Раства”, “Учора з вячора”. Але апошняя — агульная для Беларусі, Украіны і Польшчы ў варыяцыях. Не ўсе здолелі назваць правільныя тры краіны, былі варыянты (усміхаецца).

Алесь Чумакоў з Калядным альбомам, снежань 2020. Фота: інстаграм творцы @gusli.by

НГ: Ці прыходзілі ў СІЗА святары?

АЧ: За ўвесь гэты час, што я правёў за кратамі, ніхто не прыходзіў. У цэлым там ёсць прадстаўніцтва толькі праваслаўнай царквы. Прадстаўнікі іншых канфесій адсутнічаюць. Ёсць абмежаванні на права мець сімволіку і прадметы культу.

НГ: Напрыклад?

АЧ: З прадметаў культу нельга з сабой мець нічога ўласнага, незавадскога вырабу. Зробіш сабе, умоўна кажучы, з хлеба крыжык ці пацеркі — гэта абавязкова канфіскуецца. Знаходка такіх рэчаў пры рэгулярных вобшуках можа быць прычынай рапарту і адпраўкі ў ШІЗА. 

НГ: Ці сустракаліся табе вернікі ў турме?

АЧ: У першы тыдзень маё ўражанне было такое, што тут шмат яскравых вернікаў, бо ўсе ў чымсьці вернікі. Хтосьці жыве з верай у сэрцы і не паказвае людзям навонкі. А бываюць людзі, па якіх бачна адразу, што яны свядома імкнуцца жыць з Богам. Першага я сустрэў у ЦІПе2 на Акрэсціна, калі адбываў адміністратыўку (пазней ужо пачаўся крымінальны пераслед). У камеру да нас пасялілі праваслаўнага хлопца, які трымаў пост, бо гэта быў снежань. Ён сказаў, што ўжо доўгі час нічога не есць. Адпаведна, ён і выглядаў як чалавек, які доўгі час толькі п’е вадзічку з крана. Проста лётаў, як анёлачак. Гэта лёгкасць была ў кожным ягоным руху, у кожным слове.  

Калі я пабачыў турэмную ежу, думаў: зараз сам буду як той вернік, бо не хачу гэта есці, гэта страшна. Але як паглядзеў, да чаго гэта прыводзіць, то, канешне, ужо еў. Хоць есці гэта ўсё — проста пакута.

Алесь расказаў таксама, што разам з сукамернікамі ўгаворваў гэтага верніка не рабіць сабе жыццё яшчэ больш пакутлівым, але той выбраў сваё. Верніку і так сядзелася цяжка: ён трапляў у траекторыю хады “мацёрага” сядзельца (які супрацоўнічаў з адміністрацыяй), і той аднойчы нават ужыў фізічную сілу — падняўшы ад зямлі за шыю, прыціснуў верніка да нараў. Як у “Зорных войнах” Дарт Вэйдэр… Урэшце, ужо адміністрацыя разбіралася ў канфлікце і развяла гэтых двух па розных камерах. 

НГ: Ён сядзеў па палітычнай справе?

АЧ: Я не пытаўся. У ЦІПе не ўсё зразумела: адзін аднаго распытваем і бачым, што ніхто не ведае дакладна, за што ўзялі, бо гэтыя адміністратыўныя прысуды — чыстая фікцыя. Я сядзеў, напрыклад, за тое, што “не падпарадкоўваўся міліцыянтам”. Пры тым што я ніводнага міліцыянта нават не бачыў, каб ім не падпарадкоўвацца! Мяне і затрымлівалі, і ў РАУС прывезлі КДБшнікі.

НГ: Ці атрымлівалася ў турме стасавацца па-беларуску?

АЧ:  Як з кім… З некаторымі і па-ангельску размаўлялі, і па-беларуску, і па-руску. Я намагаўся пакрысе вучыць мовы і стасаваўся з некаторымі на іх родных мовах.

9 месяцаў бяссоння, карцэр і дыскрымінцыя вернікаў-палітвязняў

НГ: “Анёлак” быў адзіным практыкуючым вернікам за кратамі, якога ты памятаеш?

АЧ: Ёсць яшчэ гісторыя пра верніка, неверагодна цікавая. Я зараз прывяду інфармацыю, якая часткова грунтуецца на расповедах гэтага чалавека, але ў мяне няма падстаў яму не верыць. Назавем яго Паўлам. Сутыкнуліся мы ў ІЧУ. 

Ізалятар часовага ўтрымання — гэта наступная ўстанова пасля ЦІПа, калі людзі ўжо атрымліваюць крымінальны пераслед. Каля 90% палітычных праводзяць туды праз карцэр. І вось Павел заехаў да нас, а палітычных там была пераважная большасць, менавіта туды.

НГ: Раскажы падрабязней пра карцэр. 

АЧ: Гэта пакойчык плошчай прыблізна 2,5 х 1 м. З гэтай прасторы велізарную частку з’ядае так званы “п’едэстал” з дзіркай. Побач ракавіна. А роўна-роўна па цэнтры — прыкаваны да бетоннай падлогі маленькі зэдлік. Нас было на гэтую прастору дзевяць чалавек у час пік. Звычайна лічба вагалася ад сямі да дзевяці. Калі на ноч заставаліся сямёра, то думалі: вось сёння, хоць па чарзе ў дзве партыі, паспім — на гэтай бетоннай падлозе. Вакол гэтага зэдліка могуць размясціцца тры чалавекі з камфортам, чатыры — трохі скруціўшыся.

Карцэр у ІЧУ па вул. Акрестина ў Мінску. Ілюстрацыя Вольги Пранкевіч, spring.org

НГ: За 9 месяцаў у зняволенні ты хоць здолеў паспаць нармальна?

АЧ: Было 9 месяцаў бяссоння, і дагэтуль сон парушаны. Я і зараз не магу прыйсці ў зразумелы графік, мець мінімальную якасць сну, каб, прачнуўшыся, сказаць, што арганізм неяк аднавіўся, адпачыў. 

НГ: Жах… Але працягні, калі ласка, гісторыю Паўла. 

АЧ: Я прабыў у карцэры сем дзён, ён прыехаў дзень на другі і з’ехаў за дні два да мяне, гэта быў снежань 2025 года. Павел быў асуджаны паводле палітычннага артыкула “за абразу прэзідэнта” на паўтара года пазбаўлення волі, прайшоў усе колы Акрэсціна, СІЗА, паехаў у калонію, і на выхадзе з калоніі яго ўзялі пад белы ручкі кдбшнікі: “Хацеў выйсці? Не, давай на другое кола”. Так зноў ён апынуўся ў карцэры. І вось у яго новая крымінальная справа, яшчэ нейкі эпізод. Я ўпершыню гутарыў з чалавекам, які толькі-толькі прыехаў з калоніі. 

НГ: Гэта заўважалася па ім?

АЧ: Павел выглядаў як марафонец, у якога няма ані кропелькі тлушчу ў арганізме. З ацёкамі на нагах… У вязняў праз аднаго ногі ацякаюць, я таксама з гэтым сутыкнуўся ў СІЗА. 

Павел сядзеў у калоніі “Ваўчыныя норы”, там ёсць праваслаўная царква. Ці то з асабістай перасцярогі святара, ці то па загадзе адміністрацыі, але ў тую царкву не пускаюць людзей з жоўтымі біркамі. На ўваходзе ў храм святар запытваецца ў вязня, за што той сядзіць. Калі Павел распавёў, што сядзіць за “абразу прэзідэнта”, святар выгнаў яго, сказаўшы, што ў храм Паўлу ходу няма.

Мусульмане ў беларускіх вязніцах

Мусульманам, паводле сведчанняў музыкі, у зняволенні трымацца сваіх рэлігійных практык яшчэ цяжэй, чым іншым вернікам.

АЧ: На Акрэсціна, да пераводу ў Калядзічы, са мной у камеры быў мусульманін. Ён пытаўся, у якім напрамку знаходзіцца Мекка, спачатку ў адзін кут глядзеў-паглядаў, потым у другі. Потым пачаў вылічаць, дзе сонца, і ў рэшце рэшт стала ясна, што поўдзень — гэта бок камеры, дзе прыбіральня стаіць. Жахлівая катастрофа. Мы паразмаўлялі пра гэта, леглі спаць і а чацвёртай прачнуліся ад таго, што гэты мужчына рухаецца ў кут і пачынае спяваць свае малітвы. 

Чумакоў сутыкаўся з мусульманамі за кратамі яшчэ некалькі разоў. Ён распавёў гісторыю “цудоўнага, вельмі добрага, шчырага хлопца з Дагестана”. На вялікае здзіўленне сукамернікаў, той трапіў у камеру з доўгай барадой. У СІЗА ўсіх прымушаюць галіцца. А яго з-за бардака ў адміністрацыі пасля арышту не паспелі пагаліць: “як у тым анекдоце: то цвікі не падвезлі, то чэрці п’яныя”, пасміхаецца музыка. Гэта было хутка выпраўлена, хоць звычайна машынку для стрыжкі ў СІЗА выпрасіць амаль немагчыма. Гэты хлопец строга выконваў ісламскія правілы, у тым ліку пост, паколькі Чумакоў быў з ім у адной камеры напярэдадні Ураза-Байрама. Вернік еў толькі пасля заходу сонца і толькі нешта адмысловае, у невялікай колькасці. У звычайным жыцці, паводле яго ж расповедаў, чытаў Каран па-арабску. Пасля заканчэння посту мусульманіну было вельмі цяжка харчавацца ў беларускай турме: большасць прадуктаў было са свінінай. Калі ён нарэшце дазволіў сабе трохі гарчыцы і хлеба, у яго пачаліся моцныя болі. Сукамернікі доўга дамагаліся для яго мэдычнай дапамогі, ён ляжаў скручаны ад болю, пакуль нарэшце яго не забралі ў шпіталь. Праз некалькі дзён яго перавялі ў іншую камеру, і далейшы ягоны лёс невядомы.

НГ: За што ён сядзеў?

АЧ: Ён дальнабойнік. Заехаў у Беларусь з зарэгістраваным у Расеі траўматычным пісталетам. Пазней выявілася, што зброю можна было лёгка перарабіць у баявую. У Беларусі такую зброю мець нельга, а ён проста забыўся, што пісталет з ім. Траўмат знайшлі, распачалі крымінальную справу, яму пагражаў вельмі вялікі тэрмін.

НГ: Па якіх яшчэ крымінальных справах сядзяць?

АЧ: “Бандытаў-бандытаў” там проста адзінкі. Астатнія засвяціліся ў дробных парушэннях: у некага знайшлі грам, у некага ў крыві рэшткавы адсотак рэчыва, кагосьці ўзялі з грашыма, якія ён вёз у канверціку невядома адкуль невядома каму. Ніякай доказнай базы няма. У любой іншай краіне гэта не было б падставай для затрымання. У нас сістэма працуе як канвеер. Чалавека, калі ўзялі, адпусціць не могуць, прыдумаюць усё на свеце, прымусяць падпісаць паперу, што ён вінаваты…

СІЗА у Калядзічах. Фота: Realt.onliner.by

НГ: Расскажы пра новае СІЗА ў Калядзічах. Яно адрозніваецца ў лепшы ці горшы бок ад Акрэсціна?

“Жывёльны свет” на Акрэсціна і Вялікдзень са Змітром Бабіцкім

АЧ: Мне на Акрэсціна было найбольш цяжка. Напэўна, праз тое, што там бегаюць тараканы, клапы — іх там вельмі-вельмі шмат. Усе вязні пакусаныя. Толькі я, напэўна, нясмачны, бо мяне ніхто не ўкусіў (смяецца). Гэтыя казуркі на мяне не лезлі, хоць некалькіх я з сябе скінуў. 

НГ: У цябе проста “імунітэт”, назапашаны гадамі спеваў… 

АЧ (смяецца): Сярод гэтага мурашніка жыць дзіка непрыемна, і незразумела — як можна, каб такое было ў цэнтры Еўропы… У Калядзічах жа паўсюль кафля, хоць, кажуць, там ёсць паверхі, дзе ляжыць драўляная падлога. Але ўздыбленай драўлянай падлогі з “жывёльным светам”, як на Акрэсціна, там няма. Я нават адзенне, калі прыехаў з СІЗА на Акрэсціна, у Калядзічах не здаваў на “пражарку”, палічыў чыстым, хоць яно і было такое смярдзючае (24 дні я правёў на Акрэсціна ў ім сярод клапоў). Неяк з сабой не прывёз ніводнага перасяленца, бо калі б нешта бегала па падлозе, мы б пабачылі. СІЗА ў Калядзічах як бы і новае, але па камерах шмат чаго паламанага. Паламаныя ўсе дзверцы шафаў: падчас шмонаў, бывае, яны застаюцца ў руках супрацоўнікаў, адрываюцца.

НГ: Значыць, ужо не новае тое СІЗА. 

АЧ: Правільна будзе так сказаць: ёсць адчуванне, што нядаўна яно было новым. Яно выглядае як толькі пабудаванае, але яго нібыта наўмысна разнеслі. У адміністрацыі ёсць працэдура: кожны дзень прыходзіць з драўляным малатком — прастукваць. Мы жартавалі, што лічынка суддзі прыйшла. Супрацоўнікі практыкавалі заўсёды настукваць падчас праверак ці імперскі марш з “Зорных войнаў”, ці застаўку XX Century Fox. Гэта давала нейкую долю пазітыву. Спачатку, канешне, я жахнуўся ад усяго, а потым пачаў пазітыў знаходзіць вось у такіх дробных рэчах.

НГ: Ці былі сярод тваіх сукамернікаў дзеячы культуры?

АЧ: Так, Зміцер Бабіцкі і Сяргей Салаш. Мы перасякліся ў ІЧУ на Акрэсціна. Хлопцы пяць гадоў трымалі арт-прастору пад бокам ва ўсіх уладаў, і неяк у іх атрымлівалася гэта рабіць у Барысаве. Фантастыка проста! Колькі яны добрых справаў зрабілі, колькі выставаў, колькі праглядаў кіно, колькі канцэртаў, колькі сустрэчаў для моладзі! Дзяржава для людзей і блізка столькі не тое што не робіць, а імкнецца рабіць, каб гэтага не было, каб людзі не гуртаваліся, каб больш за тры не збіраліся. 

Зміцер Бабіцкі і Сяргей Салаш, фотакалаж: Наша Ніва

Я дакладна ведаю, што Зміцер шчыры каталік. Мы з ім па каталіцкай традыцыі адзначалі Вялікдзень. Нават гатавалі пасху з тварагу і нейкіх яшчэ прысмакаў. Зміцер выклікаў карпуснога, казаў: свята, можа вы нам тэлевізар уключыце са службай, ці мы куды б схадзілі… Але яму адказалі, што ксяндза выклікаць немагчыма, а ёсць толькі праваслаўны святар, і да яго трэба запісвацца на паўгода наперад, бо “вас тут шмат, а ён адзін, да ўсіх не паспее”. Адзначыць свята, паслухаць віншаванні ад клірыкаў сваёй канфесіі там няма шанцаў… Але на наступны дзень пасля свята ў бягучым радку па тэлевізары, якія яшчэ па некаторых камерах працуюць, можна пабачыць “Учора прэзідэнт павіншаваў усіх вернікаў канфесіі са святам”.

НГ: Але неяк адсвяткавалі?

АЧ: Святкаванне ў нас было сціплае. Былі малітвы перад ежай, мы святкавалі ўдвух, пачаставалі ўсіх ахвочых. На Вялікдзень у перадачах прапускалі хатнія булкі, асвячоныя булачкі. Але адмысловыя — без разынак. На каталіцкі Вялікдзень перадавалі каталікам, на праваслаўны — праваслаўным. 

Не ўключайце малдаванам тэлевізар

Складаць музыку і спевы ў тых цяжкіх умовах творцу не выпадала, ён заняўся перакладамі: Перакладаў спевы на мовы, на якіх размаўлялі сукамернікі. Гэта былі між іншых узбекская, румынская. Нечакана ў беларускай турме выявіўся цікавы турэмны “адукацыйна-палітычны” фактар. Разам з музыкам сядзелі шматлікія малдаване — ўсе збольшага вельмі простыя людзі, вясковыя хлопцы з Прыднястроўя ці Кішынёва, для якіх палітыка — гэта нешта вельмі далёкае.

АЧ: Ім бы танныя энерганосьбіты, сяброўства з Расеяй, прарасейскага Дадона… Яны куплялі нешта ў адным месцы, прадавалі дзесьці ў іншым і да зняволення ў беларускай турме зусім не цікавіліся палітыкай. Аднак беларуская прапаганда зрабіла з іх прыхільнікаў еўрапейскай будучыні для сваёй радзімы.

НГ: Як гэта?

АЧ: Што такое навіны ў беларускім тэлевізары? Праз слова: “а ў Латвіі такое, а ў Малдове гэткае”… Якраз у той перыяд, як малдаване з намі сядзелі, у кожным выпуску рэжымных навін было пра Малдову, пра якое-небудзь спыненне гідрастанцыі, пра рыбу, што ў Днястры падохла. Адным словам, паміж звесткамі з палёў і візітамі Аляксандра Рыгоравіча да розных афрыканскіх правадыроў распавядалі, як у Малдове кепска жыць. Слухаў, слухаў наш малдаванін у камеры гэта ўсё… — і выдаў мне аднойчы на імправізаваным курсе румынскай мовы пра Малдову! Што Малдова сямімільнымі крокамі ідзе ў Еўразвяз, што яны з Румыніяй адвеку былі адзінай і непадзельнай краінай, што дэмакратычны курс, які выбрала Мая Санду, — адзінае выратаванне дзяржавы. 

НГ: Атрымалася беларуская турэмная дэмакратызацыя малдаван?

АЧ: Так! Не садзіце малдаван у беларускія турмы ці не ўключайце ім тэлевізар хаця б (смяецца). Бо яны ж пачынаюць разумець, куды патрапілі, і ў іх змяняюцца цалкам палітычныя погляды!

НГ: А што вам з тваім настаўнікам румынскай удалося перакласці?

АЧ: “Ружу-Кветку” беларускую народную, а таксама тры песні Віктара Цоя!

НГ: Разам спявалі?

АЧ: Я сам сабе спяваў, а з ім — не. Ён настаўнік, ён мае памылкі маўленчыя выпраўляў. Трэба адзначыць, паэтычныя здольнасці гэтага чалавека шыкоўныя. Калі нехта чытае зараз гэтае інтэрв’ю і хоча дапамагчы добраму чалавеку, паэту, які робіць цудоўныя пераклады, скантактуйцеся са мной! Я б даверыў інфармацыю надзейным людзям, можа, хто б яму якіх цыгарэт перадаў. Яму будзе прыемна.

Збіццё па метадычцы і гвалт за Wargaming

НГ: А што ты зрабіў перш за ўсё на волі ў сэнсе творчасці? Ці хацелася граць на гуслях? Спяваць?

АЧ: Хацелася дакрануцца да гусляў. Пальцы ўсё памятаюць, але ёсць пэўная праблема. 

Два пальцы так і не аднавіліся пасля збіцця ў бусіку. Быў пашкоджаны локцевы нерв — калі мяне білі нагамі, вельмі трапна ўдарылі ў гэты нерв, і два пальцы ў мяне выключыліся месяцы на чатыры цалкам. 

Алесь Чумакоў грае на гуслях. Фота budzma.org

Я іх не адчуваў. Усе апошнія месяцы ў СІЗА я ўжо іх больш-менш кантраляваў, але зараз усё роўна яны нібыта прышытыя. Калі нешта хутка трэба на гуслях усімі пяццю пальцамі сыграць, на гэтыя пальцы я не магу разлічваць.

Паводле Алеся, ў бусіку яго моцна збівалі недзе васьмёра кдбшнікаў пасля затрымання дома, пасля чаго на целе засталіся шматлікія гематомы. Яны давялі мужчыну да такога стану, што праз дзесяць дзён яго не хацелі прымаць у СІЗА: “быў расквечаны кветачкамі па целе, якія сыходзілі некалькі месяцаў” – сведчыць музыка.

АЧ: Мяне збіваў атрад спецыяльнага прызначэння. Але дома кдбшнікі паводзілі сябе вельмі ветліва, па-людску, хоць і жартавалі бязглузда.

НГ: Б’юць усіх? 

АЧ: Па словах іншых палітзняволеных, гэта стандартная працэдура. І праз яе праходзілі ўсе. Не ўсе прызнаюцца, шмат каму сорамна. А я думаю, што мне варта пра гэта сказаць! І сказаць таксама, што гэта не мой унікальны выпадак. Гэта адбываецца ва ўсіх людзей, якіх затрымліваюць па палітычных артыкулах, — збіццё ў бусіку, калі ў цябе яшчэ справа не дакладна сфармаваная. Наперадзе яшчэ допыты, ад цябе хочуць атрымаць нейкую мінімальную інфармацыю, і збіццё абавязкова будзе. Абмінуць немагчыма, у іх метадычка такая.

НГ: Якую інфармацыю з цябе выбівалі?

АЧ: Пыталіся пра ініцыятыву “Да зор”. А я асабліва нічога не ведаю. Казаў ім: хлопцы, каб ведаў, сказаў бы ўсё на свеце, але ж я проста музыка. Вось за музыку мне прыляцела, ну і за тое,  што быў у байцы фірмовай War Gaming. Казалі: ага, ты там на артылерыі гуляеш? На нашы танкі снарады зверху скідваеш. На табе яшчэ за гэта…

НГ: Пасля збіцця ў бусе ці білі, здзекаваліся фізічна? 

АЧ: Наколькі я зразумеў, у іх усё адбываецца па пэўнай схеме, методыцы. Наўрад ці да мяне было адмысловае стаўленне, якое патрабавала выключных здзекаў. Гэтыя здзекі сістэмныя. Напрыклад, сёння будзем нагамі біць, заўтра зробім страшэнны твар і будзем чымсьці шантажаваць. Усё гэта ў мяне было. Пасля сямі дзён у карцэры —  звычайная камера пры пастаянным святле, без матрацаў. Ты не можаш выспацца, арганізм адмаўляе, глузды проста не працуюць. Падчас утрымання ў карцэры яны прыходзяць, суюць нейкія паперкі з абяцанкамі, што зараз падпішаш — і гэта ўсё скончыцца. І, не разумеючы проста, што ты і дзе ты, падпісваеш тую паперчыну такі шчаслівы — канешне, давайце, хлопцы, падпішу, дзе тут распісацца ў сваім расстрэле… А потым гэта ўсё выкарыстоўваюць. 

НГ: І ў выніку?

АЧ: Спачатку ў маім прысудзе напісана прамым тэкстам: змешчаны ў гэтую ўстанову па падазрэнні ў 342-м артыкуле — ва ўдзеле ў маршах. Потым ім стала нецікава гэта. У іх адразу быў запланаваны артыкул па экстрэмісцкай дзейнасці, бо яны ў мяне знайшлі перапіску з Радай культуры. І тэарэтычна гэтага ім абсалютна хапала. Можна было не катаваць мяне. Ёсць абвінавачанне, і ўсё — хай едзе ў сваё СІЗА. Але працэдура ёсць працэдура, і я мусіў праз яе прайсці.

НГ: Спадзяюся, Алесь, будзе нашым сядзельцам надзея, што яны выйдуць і ніхто больш не трапіць у няволю… На жаль, адных выпускаюць, другіх саджаюць.

АЧ: Гэта жахліва. Я баюся, што яны перамелюць усю краіну. Колькі людзей праз мяне прайшло —  божачкі! Па справе Гаюна — процьма, і ўсе яны вельмі добрыя хлопцы, яны праходзілі праз СІЗА вельмі хутка: прылятаюць на Акрэсціна дні на тры, потым хуценька да суда тры месяцы, потым на СІЗА і на сваю хімію. Але тыя, ў каго ёсць яшчэ нейкія “эпізоды”, канешне, атрымліваюць тэрміны ў калоніі. Але там такія цудоўныя людзі. Які кепскі чалавек можа засняць перамяшчэнні вайсковай тэхнікі?  Канешне, толькі добры (смяецца). Аднаго на допыт выклікалі і прасілі патлумачыць, чаму ў яго ў чаце пост з фоткамі “вось гэтага бронетранспарцёра”. А той і кажа: ведаеце, я сам лагістыкай займаюся, у чат скінуў, каб людзі ведалі, што тут, на дарозе, небяспека, каб аб’язджалі, каб лагістыка не была парушаная… А за якую лагістыку, кажуць, ты хваляваўся, калі размяшчаў фота, на якіх самалёт і верталёт?.. 

НГ: Як ты сам для сябе адказваеш на пытанне: дзеля чаго пакутуюць людзі ў Беларусі?

АЧ: Цяжка асэнсаваць, што усяго толькі дзеля таго, каб нейкая групоўка людзей сядзела пры карыце. Я проста не магу гэта зразумець. 

Мне пашчасціла вырвацца досыць хутка. А людзі паклалі жыцці… Хто памёр, хто згубіў незваротна здароўе, ёсць людзі, у каго разваліліся сем’і, хто не здолеў развітацца са сваімі памерлымі сваякамі. Дзеці без бацькоў, бацькі без сваіх паловак, без сваіх дзяцей… 

У мяне ў галаве не ўкладаецца, як можа невялічкая групка бандытаў рабіць такія злачынствы. І пакуль я лічу, што ключавое слова — ПАКУЛЬ. Пакуль гэта ўсё ім сыходзіць з рук… Яны адчуваюць сваю непакаранасць.

Гуслі ад Полацка да Гданьска і Звянігарада Галіцкага ў адзінай культурнай прасторы сярэднявечча

НГ: Спачуваю, што табе прыйшлося гэта перажыць, Алесь. І добра, што гэта ў мінулым. Распавядзі, калі ласка, пра тое, што ёсць зараз. Пра творчыя планы. 

АЧ: Цалкам гатовы новы альбом! Засталася толькі вокладка.

НГ: Колькі там песень?

АЧ: Трынаццаць. 

Фрагмент з новага альбома ў выкананні Алеся Чумакова, верасень 2026

НГ: Ну што, Каляды будуць з гуслямі?

АЧ: Абавязкова! Ужо запланаваў два канцэрты — Люблін і Варшава нас чакаюць. Я цяпер адкрыты да прапановаў: знаходжуся ў Польшчы, не магу выязджаць за яе межы. Калі ласка, мы з Таццянай Ячнай прыедзем у любы куточак Польшчы і адыграем святочную праграму. Хто ахвочы нас прыняць? Гэта можа быць касцёл, царква, нейкая прастора на 15-30 наведвальнікаў. Мне вельмі падабаюцца ўтульныя кампаніі. Увогуле, гуслі — гэта інструмент, які раскрываецца са слухачамі сам-насам. 

НГ: Ці захавалася жаданне ствараць інструменты?

АЧ: Так! Як толькі з’явіцца магчымасць працаваць з дрэвам. Па-першае, я хачу аддзячыць Польшчы. Я хацеў бы прысвяціць пэўны час польскім гуслям, якія тут былі ў XII, XIII стагоддзі, паказаць, што ў раннім сярэднявеччы цяперашніх межаў не было. Гэта лірападобныя гуслі. Нешта падобнае было ў Полацку, яно выяўлена на цэгле Спаскай царквы. На тых жа самых гуслях ігралі і ў Гданьску, і ў Звянігарадзе Галіцкім. Хачу гэтымі інструментамі паказаць яшчэ адну грань нашай еднасці.

НГ: Ці ёсць ужо накіды, дзе абсталяваць доўгачасовую творчую прастору?

АЧ: Я з задавальненнем паслухаю прапановы, але ключавое слова тут — доўгачасовую. Не хачу бегаць па гасцях, бо гэтая праца вельмі шумная. Велізарны пыл і шум ад іншага чалавека трываць у сваёй майстэрні ці ў іншым часовым памяшканні ніхто не будзе. Трэба выбраць такое месца, каб суседзяў не бянтэжыць гучнай працай станкоў, каб драўляны пыл не замінаў нікому. 

НГ: Колькі патрэбна часу, каб зрабіць гуслі? “Базавыя”, без адмысловых упрыгожванняў.

АЧ: Калі пасяліцца ў майстэрні і толькі рабіць гуслі, можна зрабіць, напэўна, за тыдзень. Але немагчыма займацца толькі адным інструментам. Звычайна ўсім кажу, што гуслі робяцца месяц, і гэта праўда. 

НГ: А што б ты сказаў аматарам тваёй творчасці? Многія дагэтуль слухаюць “Старога Ольсу” і іншую музыку, створаную з тваім удзелам…

АЧ: У музыцы ёсць тое, дзеля чаго варта жыць. Музыка гуртуе людзей. Музыка натхняе людзей на жыццё. Музыка — гэта тое, што прывядзе вас туды, куды трэба. Музыка вас падтрымае заўсёды. У добрай музыцы жыве Бог. Ён там — ёсць… 

НГ: Дзякуй вялікі за размову!

Алесь Чумакоў у Варшаве, верасень 2026
  1. Таццяна Ячная –  напарніца Алеся Чумакова па сцэнічным выкананні калядных песень.  ↩︎
  2. Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў ↩︎

 


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост