Палітвязня-верніка Андрэя Будая судзілі ўжо трэці раз
Як паведамляе «Гомельская вясна», палітвязня Андрэя Будая, евангельскага хрысціяніна і шматдзетнага бацьку, асудзілі ўжо ў трэці раз. Вясной суд Мазырскага раёна прызначыў яму яшчэ 1,5 года калоніі паводле артыкула аб «зацятым непадпарадкаванні адміністрацыі папраўчай установы».
Гэта ўжо другі дадатковы прысуд Будаю па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса. Раней, у 2024 годзе, такую ж справу супраць яго завялі ў калоніі №2 у Бабруйску і дадалі яшчэ 2 гады зняволення. Цяпер Андрэя перавялі ў калонію №11 у Ваўкавыску.
Першапачаткова ў 2022 годзе Мінскі гарадскі суд асудзіў Будая да 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і вялікага штрафу па палітычна матываванай справе. Пасля двух новых прысудаў агульны тэрмін зняволення верніка павялічыўся ўжо да 18,5 гадоў.





