Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Ля храма свв. Сымона й Алены вернікам перашкаджалі маліцца, святара спрабавалі затрымаць

Ля храма свв. Сымона й Алены вернікам перашкаджалі маліцца, святара спрабавалі затрымаць

Placeholder
Аўтар
Хрысціянская візія

Арганізацыя"Хрысціянская візія"

Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.

Як стала вядома «Хрысціянскай візіі», удзень 11 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі спрабавалі затрымаць кс. Уладзіслава Завальнюка, які шмат год служыць плябанам каталіцкай парафіі святых Сымона й Алены ў Менску.

Чырвоны касцёл быў закрыты для вернікаў і святароў пасля інцыдэнта з узгараннем 26 верасня бягучага году, а ўлады пастанавілі забраць будынак у парафіі, матывуючы неабходнасцю рамонта.

Ксёндз-магістар Уладзіслаў Завальнюк, які ужо больш за тыдзень трымае «чысты пост», маліўся на падворку каля закрытых дзвераў Чырвонага касцёлу, калі да яго падыйшлі міліцыянты ў форме й паспрабавалі гвалтам адцягнуць з патрабаваннем: «Пройдемте!»

Святар папрасіў іх не кранаць яго, – і міліцыянты перасталі яго чапаць.

Парафіяне, у сваю чаргу, паведамляюць пра перашкоды з боку міліцыі і людзей у чорным адзенні, якія з’явіліся ля святыні каля 17-й гадзіны (у гэты час у касцёле зазвычай служылі імшу).

«Сабралося болей за 20 чалавек, якія маліліся ля сценаў на ружанцы. І тут з розных бакоў прыехалі два міліцэйскія легкавікі, міліцыянты сталі патрабаваць, каб разыйшліся», – кажа адна з сведкаў падзеяў.

Прычына патрабаванняў, якую назвалі міліцыянты – «болей за два чалавекі тут зьбірацца нельга, інакш – масавае мерапрыемства». Пры гэтым вернікам казалі адыйсьці на пл. Незалежнасці: «Маліцеся там!»

Чаму нельга збірацца на малітву непасрэдна ля храма, адзін з праваахоўнікаў патлумачыў так: «Паступіў загад зверху».

Людзей не затрымлівалі і не ўжывалі фізічнай сілы, але запалохвалі групу жанчын сталога ўзросту: «Зараз АМАП прыедзе, лепей ідзіце дамоў, пакуль не позна».

Са словаў крыніцы, якую не называем у мэтах бяспекі, супрацоўнікі міліцыі дазволілі маліцца ля царквы індывідуальна. Аднак іншая верніца зазначыла, што да яе з сяброўкай міліцыянт меў прэтэнзіі акурат таму, што яны хадзілі ўдвох.

«Дык Вы ж сам гаворыце, што ўдвох можна?» – перапыталася дзяўчына, аднак не атрымала ўцямнага адказу.

Абедзьве верніцы зазначылі, што супрацоўнікі міліцыі былі вельмі маладымі, нават было бачна, што некаторыя курсанты.

Фота: Віктар Ведзень


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава