Зварот групы «Хрысціянская візія» з нагоды спачыну Канстанціна Севярынца

«Плачце з тымі, хто плача» (Рым. 12:15)

1 кастрычніка не стала беларускага паэта і журналіста Канстанціна Севярынца. Ягоны сын – актыўны хрысціянскі вернік Павел Севярынец, які з чэрвеня 2020 года знаходзіцца ў вязніцы.

У сувязі з высокай верагоднасцю таго, што сыну могуць не дазволіць развітацца з уласным бацькам, «Хрысціянская візія» звяртаецца да:

Мітрапаліта Менскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха усяе Беларусі Веніяміна,

Архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сафронія,

Біскупа Віцебскага, старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі Алега Буткевіча,

Апостальскага адміністратара Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскупа Казіміра Велікасельца,

Мітрапаліта Менска-Магілёўскага, арцыбіскупа Юзафа Станеўскага,

Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Антэ Ёзіча.

Мы просім хадайнічаць перад Дэпартаментам выканання пакаранняў МУС Беларусі аб тым, каб зняволены ў папраўчай калоніі-17 у Шклове Павел Севярынец мог адведаць пахаванне свайго бацькі Канстанціна.

Пахаванне запланаванае на 10:00 2 кастрычніка ў вёсцы Унорыца Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласці.