Зьміцер Хведарук. Час міласэрнасьці

Браты і сёстры! Гэты пост, я найперш адрасую сваім веруючым сябрам.

Напэўна нам даўно, а мабыць, за нядоўгае маладое жыцьцё, яшчэ ніколі не было так холадна і страшна як Сёньня. Мне падаецца, што Сёньня ўжо не так страшна і не так сорамна баяцца і не ляпіць з сябе медыйных супермэнаў. У мяне самога халадок часам прабягае па сьпіне.

Але вось тое, што сапраўды пужае і адначасова здзіўляе — гэта тая адасобленасьць і цынізм, які можна сустрэць у пэўных хрысьціянскіх колах. Мне нават пачало падавацца, што ў некаторых людзей не толькі адсутнічае сэрца, але разам з ім забралі для трансплантацыі вочы і вушы (а мабыць і іньшыя ворганы?)

Дарагія, з якімі думкамі вы сустракаецеся, калі чытаеце навіны пра арышты і ператрусы? Сфальшаваныя і сфабрыкаваныя крымінальныя справы? Бясчынствы, якія робяцца пад эгідай «закона». Ці чуеце вы, як у глыбокія бакі вашых машын замест бензіна ліюцца сьлёзы пакрыўджаных? Некаторыя з вас адказваюць, што яны «не ад гэтага сьвету» і «іх не цікавяць гэтыя мірскія праблемы», нагадваюць быццам «нічога незвычайнага не адбываецца».

Але мне цікава, як вы тады пракаментуеце словы Самога Хрыста ў 25-ым раздзеле Эвангельля паводле Мацьвея:

34. Тады скажа Цар тым, якія па правы бок ад Яго: «Прыйдзíце, благаславёныя Айца Майго, прымíце ў спа́дчыну Царства, угатава́нае вам ад стварэ́ння свету:

35. бо быў галодны Я, і вы далí Мне есці; быў сасмя́глы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялí Мяне;

36. быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адве́далі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне.

37. Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: «Госпадзі! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілí альбо сасмя́глага і напаілі?

38. Калі ж мы бачылі Цябе пры́шлага і прынялí? альбо голага і адзелі?

39. Калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да Цябе?»

40. І Цар скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: тое, што зрабілі вы аднаму з братоў Маіх ме́ншых, Мне зрабілі.

Сябры, выглядае, што цяпер надышоў страшны неверагодны час для спраў міласэрнасьці. Вакол нас сотні безпадстаўна (закон у нас не працуе) зьняволеных (тых самых, аб кім Сьвятое Пісаньне крычыць нам клапаціцца, падобных да «ўдоў і сіратаў» — людзей пазбаўленых правоў, пакрыўджаных «моцнымі гэтага сьвету») На жаль, у нас няма легальных інструмантаў моцна паўплываць на агалцелую дзяржаўную машыну, якая ставіць Сёньня сябе на месца Бога. Але ў нас засталася магчымасьць адказаць на тую незаслужаную міласьць і той клопат, якія аказаў нам Сам Бог.

Мы ўсе любім згадваць, як страшныя спартанцы кідалі непрыгожых дзяцей са скалы, як іньшыя паганцы аддавалі сваіх немаўлятак Молаху, як злосныя рымляне пагарджалі хворымі на халеру… Гэты сьпіс можна працягваць да бясконцасьці. Але задайце сёньня пытаньне сабе і праверце сваю веру і сэрца, як вы рэагуеце на сітуацыю, якая разгортваецца не ў далёкім мінулым, не на пылным старонках кніг, але вакол вас, у нашых беларускіх дамах, на нашых беларускіх вуліцах — побач, блізка.

Браты і сёстры, я ўмаляю вас, давайце маліцца, давайце пісаць лісты нашым сучасным пазбаўленым правоў «удовам і сіротам», давайце клапаціцца пра тых, хто страціць працу, пра семьі тых, каго рэпрэсавалі. А ім вееельмі патрэбна розная падтрымка!!!

Калі вы думаеце, што ўсё гэта не мае сэнсу, дачытайце, калі ласка 25-ы раздзел Эвангельля паводле Мацьвея і падумайце над гэтымі неверагоднымі словамі Хрыста і пра незнаёмых «галодных, сасьмяглых, падарожных» і г.д.

Я не заклікаю да сьляпога актывізма, але прашу каб у нашых цяперашніх рэаліях, калі вы яшчэ не набылі квіток у адзін канец, вы сапраўды абапіраліся на Божае Слова і Яго аўтарытэт у сваім штодзённым жыцьці і матывах дзеяў, але не прыкрываліся ім, каб жыць без сэрца, без вачэй і без вушэй.

Facebook Зьміцера Хведарука

Іл.: С. Бакаловіч (1857 — 1947). Міласэрны самаранін