Жонкі і маці беларускіх палітвязняў напісалі ліст папу Рымскаму Францішку

Read in English

Яго Святасці, Папу Францішку

Ваша Святасць!

Да Вас звяртаюцца сваякі палітычных зняволеных у Беларусі, якія аб’ядналіся ў грамадзянскую ініцыятыву «Вызваленне 2020».

Звярнуцца да Вас нас вымусіла сітуацыя ў нашай любай Беларусі, той жахлівы гвалт і несправядлівасць, якія дзеяцца ў дачыненні да грамадзянаў нашай краіны, да нашых блізкіх.

У турмах Беларусі апынуліся цяпер тысячы грамадзянаў толькі за тое, што яны адстойвалі сваё права жыць у дэмакратычнай вольнай краіне, процідзейнічалі гвалту і злачынствам рэжыму. У зняволенні апынуліся няпоўнагадовыя, шматдзетныя маці, цяжка хворыя людзі.

Нашых блізкіх трымаюць за кратамі, іх катуюць, пазбаўляюць самага неабходнага. Яны ўтрымліваюцца ў нечалавечых умовах, застаюцца без медыцынскай дапамогі ў разгар пандэміі, пазбаўляюцца апошняй сувязі са светам – лістоў. Нашы сэрцы разрываюцца, але мы не можам ім дапамагчы.

Сярод палітвязняў ёсць людзі, чыё жыццё ў гэты момант знаходзіцца ў небяспецы праз праблемы са здароўем. Нам вядомая толькі частка такіх выпадкаў, але яны неверагодныя. У дадатку да ліста мы прывялі толькі некаторыя з іх.

Ксенія Луцкіна, Аляксей Раманаў, Уладзімір Малахоўскі, Рыгор Кандрусёў, Галіна Дзербыш, Андрэй Войніч, Мікіта Залатароў, Зміцер Гопта, Антаніна Канавалава, Аляксей Губіч, Уладзімір Гундар, Андрэй Скурко, Вольга Класкоўская, Паліна Шарэнда-Панасюк, Раман Багнавец, Сяргей Верашчагін, Таццяна Ласіца, Дзяніс Івашын, Вячаслаў Рагашчук, Сяргей Моніч, Арцём Баярскі – мы просім Вашай дапамогі для гэтых людзей. Ваш аўтарытэт, аўтарытэт Каталіцкай царквы можа дапамагчы ў іх вызваленні і выратаванні іх жыццяў.

Нашы сем’і падзеленыя ўжо больш за год. Мы не можам правесці са сваімі роднымі светлыя святы – Раство і Вялікдзень, не можам абняць іх у Дзень нараджэння. Яны не бачаць, як растуць іх дзеці.

У адным са сваіх пасланняў вы сказалі: «Быць вольнымі – гэта выклік, няспынны выклік: ён зачароўвае, вабіць, дае смеласць, падахвочвае марыць, дае надзею, прыводзіць да дабра, дае веру ў будучыню; гэта мацней за любое рабства. Свет мае патрэбу ў вольных людзях!»

Нашы родныя застаюцца вольнымі духам нават будучы ў турме. Менавіта ў такіх людзях мае патрэбу свет. Аднак цяпер беларускія палітвязні, як ніколі, маюць патрэбу ў падтрымцы свету.

Каталіцкая царква заўсёды падтрымлівала беларускі народ у імкненні да свабоды і ў праўдзе, дзверы Касцёла заўсёды былі адчыненыя для тых, хто шукае справядлівасці і міру. Мы спадзяемся на вашу падтрымку і цяпер.

Ваша Святасць!

Мы, родныя беларускіх палітвязняў, просім вас – памаліцеся за іх і узвысьце свой голас супраць беззаконня, якое робіцца ў Беларусі. Дапамажыце выратаваць нашых блізкіх!

Просім Вас, маліцеся за Беларусь!

Таксама ў лісце пералічаныя людзі, якія маюць патрэбу ў неадкладным вызваленні, бо ім неабходная кваліфікаваная дапамога лекараў.

Ксенія Луцкіна пакутуе на бранхіяльную астму і каверному ў галаўным мозгу. За час зняволення стан рэзка пагоршыўся.

Аляксей Раманаў мае інваліднасць 2-й групы ў сувязі з анкалагічным захворваннем. У калоніі здароўе рэзка пагоршылася.

Уладзімір Малахоўскі, Рыгор Кандрусёў, Галіна Дзербыш – таксама пакутуюць на анкалагічныя захворванні і маюць патрэбу ў неадкладнай дапамозе.

Андрэй Войніч мае цяжкае захворванне печані, мае патрэбу ў перасадцы печані. За кратамі ўжо год.

Дзмітрый Гопта мае псіхічнае захворванне. Асуджаны на 2 гады калоніі.

Антаніна Канавалава і Аляксей Губіч маюць цяжкія захворванні вачэй. Без неадкладнага аператыўнага лекавання могуць цалкам аслепнуць.

Уладзімір Гундар мае адну нагу. Перасоўваецца на пратэзе. Яго ўвесь час пазбаўляюць права ім карыстацца.

У 17-гадовага Мікіты Залатарова цяжкая эпілепсія. У судзе паведаміў, што яго сістэматычна збівалі ў СІЗА, не давалі неабходных лекаў.

Андрэй Скурко пакутуе на цяжкі інсуліназалежны дыябет.

Вольга Класкоўская перанесла аператыўнае ўмяшанне ў зняволенні. На наступны дзень яе вярнулі ў камеру. Імкліва страчвае зрок.

Паліна Шарэнда-Панасюк мае старую траўму пазваночніка, сіндром Жыльбэра.

У Рамана Багнаўца праблема з ныркамі пасля збіцця 9 жніўня.

Сяргея Верашчагіна пры затрыманні збілі. У яго дыягнаставаны пералом хрыбетніка, з траўмай вярнулі ў СІЗА.

Гэта – толькі малая частка той трагедыі, якая адбываецца цяпер у Беларусі.