Заява рабочай групы Каардынацыйнай рады “Хрысціянская візія”

Заява рабочай групы Каардынацыйнай рады “Хрысціянская візія”

11 верасня 2020 года

Рабочая група Каардынацыйнай рады “Хрысціянская візія” — гэта нефармальнае міжканфесійнае аб’яднанне чальцоў Каардынацыйнай рады, створанае імі 9 верасня дзеля супольнай дзейнасці хрысціян у рэалізацыі мэты Рады — пошуку шляхоў для пераадолення палітычнага крызісу ў Рэспубліцы Беларусь і забеспячэння згоды ў грамадстве на падставе Канстытуцыі. Мы лічым неабходным аднаўленне ў краіне міру, вяршэнства права і дэмакратыі, павагі да правоў і свабод чалавека і чалавечай годнасці. Мы падзяляем думку пра неабходнасць:

1. Неадкладнага спынення гвалту, спынення палітычнага пераследу з боку ўладаў і правядзення расследавання таго, што адбылося, у адпаведнасці з заканадаўствам.

2. Вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, адмены незаконных судовых пастаноў, выплаты кампенсацый усім пацярпелым.

3. Прызнання выбараў 9 жніўня 2020 года несапраўднымі. Правядзення новых выбараў паводле міжнародных стандартаў з новым складам усіх выбарчых камісій, уключаючы Цэнтральную камісію.

Акрамя таго, рабочая група “Хрысціянская візія” звяртае ўвагу на шматлікія парушэнні права грамадзян на свабоду рэлігіі ці перакананняў, а таксама на палітычна матываваны пераслед рэлігійных дзеячаў і супольнасцяў.

У прыватнасці, мы адзначаем:

— непасрэдны ціск дзяржаўных органаў на святароў і супрацоўнікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы, якія размяшчалі ў сваіх сацыяльных сетках карцінку “Праваслаўныя супраць фальсіфікацый, прыніжэння асобы і ціску на асобу”, а таксама допісаў у падтрымку мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча;

— ціск дзяржаўных органаў на святароў і супрацоўнікаў царкоўных арганізацый Беларускай Праваслаўнай Царквы праз яе кіраўніцтва — за размяшчэнне ў сваіх сацыяльных сетках карцінкі “Праваслаўныя супраць фальсіфікацый, прыніжэння асобы і ціску на асобы”, іншых допісаў з выказываннем свайго меркавання пра недапушчальнасць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, гвалту супраць мірных грамадзян з боку сілавых структур і парушэння правоў і свабод чалавека;

— стварэнне дзяржаўнымі органамі перашкод для ажыццяўлення рэлігійнай дзейнасці святарамі (у прыватнасці, адкліканне 4 верасня дазволу на ажыццяўленне рэлігійнай дзейнасці кс. Ежы Вільку, пробашчу парафіі Святога Міхала Арханёла ў вёсцы Варапаева Пастаўскага раёну Віцебская вобласці), якія мы лічым ціскам на рэлігійную арганізацыю;

— стварэнне перашкод для дзейнасці рэлігійных супольнасцяў, у прыватнасці блакаванне выхадаў з касцёла Святых Сымона і Алены ў горадзе Мінску (Чырвонага касцёла), якое адбылося 26 жніўня, а таксама самавольная замена замкоў у гэтым касцёле, якая адбылася 31 жніўня.

— незаконную забарону ўезду ў Рэспубліку Беларусь 31 жніўня кіраўніка Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якая не толькі стала парушэннем гарантаванага міжнароднымі абавязаннямі (Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, арт. 12), Канстытуцыяй (арт. 30) і заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (Закон Рэспублікі Беларусь № 49-3 ад 20 верасня 2009 г. «Пра парадак выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзянаў Рэспублікі Беларусь», арт.3) права на вяртанне ва ўласную краіну, але і ціскам на рэлігійнага лідара персанальна і рэлігійную грамаду ў цэлым.

Мы выказваем салідарнасць з усімі ахвярамі палітычнага пераследу ў краіне, заклікаем дзяржаўныя ўлады да неадкладнага спынення гвалту і пачатку дыялогу з грамадзянскай супольнасцю.

Мы ўпэўнены, што Цэрквы могуць зрабіць пазітыўны ўнёсак у пераадоленне крызісу і ў спрыянне такому дыялогу.

Група “Хрысціянская візія” будзе весці ўлік усіх выпадкаў палітычнага пераследу, які праяўляецца ў абмежаваннях свабоды рэлігіі і веравызнання, а таксама інфармаваць пра такія выпадкі міжнародную супольнасць.

Мы заклікаем міжнародную хрысціянскую супольнасць і Цэрквы да салідарнасці з беларускім народам.

#rada_vision

#хрысціянская_візія