«Вы не адны, мы стаім побач з вамі». У Берліне вернікі разам са Святланай Ціханоўскай памаліліся за Беларусь

Берлінскі сабор правёў нядзельную экуменічную малітву за мір, свабоду і справядлівасць у Беларусі. На мерапрыемстве прысутнічалі Святлана Ціханоўская, вернікі і святары розных канфесіяў, прадстаўнікі беларускай дыяспары.

Набажэнства адбылося па ініцыятыве Евангельскай царквы ў Германіі (EKD), Канферэнцыі біскупаў Германіі і Рабочай групы хрысціянскіх цэркваў у Германіі (ACK) з падтрымкай рабочай групы «Хрысціянская візія» Каардынацыйнай Рады Беларусі.

З пропаведдзю выступіла духавенства з праваслаўнай, рымска-каталіцкай і евангелічных цэркваў. Біскуп EKD Петра Босэ-Хубер падкрэсліла у сваёй прамове, што менавіта экуменічны характар мерапрыемства «адпавядае разнаквеццю рэлігійнага ландшафту ў Беларусі, і для нас у сучаснай Германіі яна з’яўляецца самавідавочнай ва ўсіх пытаннях, вырашэнне якіх вымагае агульнага голасу Цэркваў».

Арцыбіскуп Хайнер Кох звярнуўся ў сваёй пропаведзі да беларусаў: «Вы не адны, мы стаім побач з вамі! Салідарнасць не ведае межаў, салідарнасць умацоўвае, салідарнасць надае мужнасці. Але вы таксама павінны ведаць, што вашы паводзіны надаюць нам сілы, мужнасці і падбадзёрвання. Наша салідарнасць – гэта не вуліца з аднабаковым рухам, мы жывем і адно для аднаго. У гэтыя дні мы ў Германіі вучымся ў людзей у Беларусі, наколькі каштоўныя дэмакратыя і свабода слова, і што нельга ўспрымаць іх як належнае».

Протаіерэй Раду Канстанцін Мірон дадаў: «Хрысціяне ў Германіі святкуюць Каляды ў гэтым годзе інакш, чым звычайна. Я маю на ўвазе не толькі пандэмію, але і тое, што ў нас цяжка на сэрцы з-за Беларусі. Супольнасць азначае глядзець, успрымаць, а не адводзіць позірк. Мы падзяляем з народам Беларусі іх калядную надзею ў гэтым годзе як вельмі канкрэтнае чаканне надыходу міру ў іх краіне».

На ангельскай мове да прысутных звярнулася лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская.
Яна падзякавала за салідарнасць, а так сама расказала пра тую ролю, якую ў барацьбе за свабоду ў Беларусі граюць вернікі розных канфесіяў. Сваю прамову яна скончыла словамі: «Бог добраславіць Беларусь!»

Напрыканцы набажэнства было паказанае відэаінтэрвью былога польскага прэзідэнта і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Леха Валенсы. У сваім звароце ён параўнаў барацьбу польскага і беларускага народаў і выказаў намер намінаваць беларускіх жанчын на чарговую Нобелеўскую прэмію міру.
На малітве прысутнічала каля 170 чалавек, вёўся стрым. Уваход у сабор быў абмежаваны з-за пандэмічнай сітуацыі з Covid-19.

Перад набажэнствам адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай з прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Каля трохсот чалавек сабраліся на Жандармэнмаркт са знічкамі, каб ушанаваць памяць загінулых у Беларусі і выказаць сваю падтрымку пратэстоўцам.