У спіс «экстрэмістаў» дадалі каталіцкага верніка з Мазыра, уладальніка «Даліны анёлаў»
Пра пераслед Аляксандра Баранава мы пісалі раней — яшчэ ў траўні праваабаронцы прызналі яго палітзняволеным па «справе Гаюна».
Нагадаем, 50-гадовы Аляксандр Вітальевіч Баранаў — вядомы каталіцкі вернік і бізнэсовец з Мазыра. На сайце мясцовага райвыканкаму ён пазначаны як старшыня Гісторыка-культурнага грамадскага аб’яднання «Спадчына Палесся». Ягоныя мэты — садзейнічанне аднаўленню і захаванню гісторыка-культурнай спадчыны Ніжне-Прыпяцкага Палесся, іншых гісторыка-культурных каштоўнасцяў Гомельшчыны».
Бізнэсовец вядомы тым, што стварыў на месцы былога мужчынскага кляштара цыстэрцыянцаў у Мазыры культурную прастору «Даліна анёлаў» і займаўся аднаўленнем гэтага комплексу, каб перадаць яго Каталіцкай царкве.
Сёння яго імя трапіла ў міліцэйскі спіс «экстрэмістаў» пад нумарам 6808. Пазначана, што «адбывае пакаранне» — гэта значыць, што ён атрымаў прысуд, звязаны з пазбаўленнем ці абмежаваннем волі (калонія альбо ВУАТ).






