Тадэвуш Кандрусевіч: «Пераможцам павінна стаць уся Беларусь»
У віншавальным слове на Вялікдзень арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сярод іншага разважае пра шлях выхаду з цяперашняга крызісу ў Беларусі:
«У сённяшняй складанай грамадска-палітычнай сітуацыі нашай краіны мы, будучы рознымі, не можам быць ворагамі адно аднаму, бо мы грамадзяне адной краіны і з’яўляемся аным народам.
Сваёй пасхальнай таямніцай Езус аднавіў Запавет Бога з чалавецтвам і паказаў нам шлях да ўзаемнага прымірэння.
У імя Уваскрослага Езуса мы павінны імкнуцца да таго, каб сярод нас не было «пераможаных» і «пераможцаў», як кажа святы Ян Павел ІІ (Прамова да духавенства, законнікаў і семінарыстаў. Вільня, 4 верасня 1993 г.), але каб усе былі братамі, як заклікае Папа Францішак у сваёй энцыкліцы Fratelli tutti — «Усе браты» (гл. FT 1).
Пераможцам павінна стаць уся Беларусь, а гэта магчыма толькі ў міласэрным Хрысце, які не толькі прабачае, але таксама загойвае нашыя раны. Пасхальная таямніца Хрыста — гэта апагей Божай міласэрнасці, якой мы давяраем сябе і нашу Бацькаўшчыну з надзеяй на яе шчаслівую будучыню.»