Святая вайна і грэшны мір?
ВячаслаўБарок
Рымска-каталіцкі святар Віцебскай дыяцэзіі. Душпастыр беларусаў у Варшаве. Блогер.
Тысячы разоў няхай будзе праклята вайна!
Сёння, а пятай раніцы 24га лютага 2022г., расійскія войскі здзейснілі ўварванне на ўсёй тэрыторыі Украіны. Вайна, якая цягнецца ўжо восем гадоў, перайшла да новай фазы.
Эскалацыя канфлікту паказвае, што са злом ніколі немагчыма дамовіцца. Дамовіцца могуць людзі паміж сабой. Надзея ж на згоду расейваецца, калі хтосьці забывае, што ён чалавек. І бярэцца за зброю, а замест словаў прымірэння, пасылае бомбы.
Расія і, на жаль, Беларусь, сёння Украінай і большасцю света ўспрымаюцца, як агрэсар. Касцёл вучыць: «Ваенная агрэсія амаральная па сваёй сутнасці». (КСВК 500, ККК 2265)
У дадзенай сітуацыі кожны хрысціянін і чалавек, які кіруецца законамі, разумее, што Украіна мае права на абарону. Аб такім праве гаворыць і КСВК у п.500 і п.501. А таму, для арміі Ўкраіны абавязкам ёсць абараняць сваю краіну. А хрысціяніна абавязак — маліцца за Ўкраіну і прасіць для яе міру і здольнасць сябе абараніць.
Беларусь, нелегітымнай уладай, на жаль, ужо таксама ўцягнута ў гэты вайсковы канфлікт. Праз само тое, што на тэрыторыі нашай краіны размешчаныя войскі чужой дзяржавы, якая, ламаючы міжнародныя законы, распачынае вайну, Беларусь таксама адыгравае ролю агрэсара.
Хрысціяне, якія служаць у беларускай арміі і будуць задзейсненыя ў вайне з Украінай на баку агрэсара, будуць мець адказнасць перад Госпадам. Бо гэта тое самае, што прыняць самы непасрэдны ўдзел у граху Каіна, які забіў брата.
Кожны беларускі вайсковец, які ў гэтым канфлікце адмовіцца выконваць злачынны загад ды не будзе садзейнічаць у аргэсіі супраць Украіны, ёсць ужо апраўданы перад Законам Божым і ў будучым будзе апраўданы законам у Беларусі.
Касцёл ясна стаіць на пазіцыі: «кожны службовец узброеных сіл маральна абавязаны супрацьстаяць загадам, якія патрабуюць здзейсніць злачынства супраць права народаў і яго ўніверсальных прынцыпаў» (КСВК 503, ККК 2313).
Беларусы салідарныя з Украінай.
Беларусы разумеюць, што калі сёння Украіна прымае бой, то яна бароніць нетолькі сябе. Украіна ваюе і за Беларусь. Пасля перамогі над злачыннымі рэжымамі Пуціна і Лукашэнкі, наша краіна атрымае магчымасць вызваліцца з-пад расійскай акупацыі і, пануючага сёння, беззаконня і насілля.
Кожны беларус, які сёння прабывае ва Ўкраіне і стане побач з украінцамі, каб сустрэць ворага тварам у твар, зробіць добрую справу не толькі для Ўкраіны але і для Беларусі. Для беларусаў вайна ўкраінцаў з агрэсарам — не чужая вайна.
Спадзяюся, што вайна, будучы крахам міру і спакою, вырве кожнага з стану аморфнасці, абыякавасці і апалітычнасці. Вайна сёння стала злой рэальнасцю, бо праявіліся наступствы выбару людзей, якія трымаліся прынцыпаў «стабільнасці» і «абы не было вайны». Вайна надыходзіць тады, калі хрысціяне і людзі добрай волі абмываюць рукі кажучы «мы палітыкай не цікавімся»
Архітэктура міру выбудоўваецца ў той час, калі мы бяром адказнасць за тое, што дзеецца навокал і сведчым вернасць праўдзе і справядлівасці.
Вайна — не можа быць святой, але становіцца наканаванасцю для ўсіх і абавязкам для хрысціяніна, калі збудаваны свет мае грэшны і несправядлівы лад.
Вайна для хрысціяніна, гэта не інструмент помсты і забойства ворагаў, але спосаб спынення рукі агрэсара, якая ўзнялася над братам з мэтай забіць яго.
Няхай Госпад спашле дух пакаяння агрэсарам і сілу духа міратворцам.