Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Размова са Святланай Вранавай, хрысціянкай, перакладчыцай з беларускай мовы, “чыстапароднай чэшкай”: “Калі я цяпер думаю пра Беларусь, то проста плачу”

Размова са Святланай Вранавай, хрысціянкай, перакладчыцай з беларускай мовы, “чыстапароднай чэшкай”: “Калі я цяпер думаю пра Беларусь, то проста плачу”

Размова са Святланай Вранавай, хрысціянкай, перакладчыцай з беларускай мовы, “чыстапароднай чэшкай”: “Калі я цяпер думаю пра Беларусь, то проста плачу”
Аўтар
Наталля Гарковіч

НаталляГарковіч

Тэалагіня, гісторык, даследчыца, праваабаронца.

Наталля: Сьве, я ад пачатку да канца прачытала тваю кнігу “Бог накрэсліў на маім сэрцы Беларусь”. Яна — моцнае сведчанне пра тое, што Бог запальвае сэрцы людзей — гарэць, маліцца за Беларусь, дапамагаць беларусам. Чаму ты адгукнулася на гэты заклік Бога?

Святлана:  А як не адгукнуцца? Хрысціяне ўвесь час моляцца: “Хачу рабіць Тваю волю”, але часта дакладнай Божай волі не ведаюць. Тады ёсць пэўны прастор хадзіць сваімі шляхамі і казаць: “Я думаю, што Бог так хоча…” Але калі дакладна ведаеш, да чаго цябе Госпад кліча, тады ёсць толькі два магчымыя адказы: НЕ ці ТАК. Маем поўнае права сказаць НЕ, але дзе тады ўсе нашы “Госпадзе, жыву толькі Табе, слухаю толькі Цябе, хачу выканаць Тваю волю ў сваім жыцці…”? Так што для мяне на прамое Божае пакліканне няма іншага адказу, чым ТАК.

Падчас малітвы ў 2005 годзе Святлана стаяла з заплюшчанымі вачыма, калі ў яе думках пачаў узнікаць вобраз: “Я бачыла сухую зямлю, патрэсканую ад сухасці гліну. У душы я сабе сказала: Госпадзе, гэтая глеба прагне вады! Пашлі дождж!” Я ўбачыла, як з неба пачаў ісці дождж, зямля намокла і зазелянела. І нарэшце выраслі багатыя плады… раптам я пачала бачыць працяг вобраза. Я ўбачыла, што гэта не проста нейкая зямля з пладамі, а што гэта абрысы мапы чатырох краін: Чэшскай Рэспублікі, Польшчы, Украіны і Беларусі, я адчула, што Госпад хоча, каб я за гэтыя чатыры краіны пачала маліцца1”.

Наталля: Можна сказаць, што твая цікавасць да Беларусі паўстала ў выніку Божага паклікання. Але чаму ты вырашыла вывучыць беларускую мову? Ты ж ведаеш рускую, а у Беларусі спакойна можна размаўляць па-руску… 

Святлана: Спачатку ў мяне сапраўды не было намеру вучыць беларускую мову. Падчас першага візіта ў Беларусь я гаварыла па-руску, як і ўсе людзі, у якіх я жыла. Яны мне па-руску расказвалі, скардзіліся на расейцаў: “Яны скралі нашу культуру, нашу гісторыю, нашу мову, нашу незалежнасць…” Калі я спытала, чаму яны мне гэта расказваюць на мове ворага, усе мне тлумачылі, што беларуская — практычна мёртвая, немагчыма на ёй размаўляць, бо русіфікацыя ідзе занадта доўга, бо ў школах беларускую мову вучаць занадта мала… Я амаль паверыла. Але! Але, на шчасце, я трапіла на незвычайнае спатканне ў Бараўлянах, дзе апынулася разам з невядомымі для мяне на той момант Паўлам Севярынцам і Аляксандрам Мілінкевічам, а таксама яшчэ двума беларускамоўнымі людзьмі, імёны якіх не буду называць. Тады я ўпершыню пачула беларускую мову, і яна мяне абсалютна зачаравала. Я разумела ўсё — я добра ведаю польскую і рускую, таму няма праблем [з разуменнем. — Н. Г.].

Такая цудоўная мова, мілагучная і зусім не мёртвая! Тады я вырашыла, што яе вывучу, каб беларусам паказаць, што гэта магчыма.

Дарэчы, тая сустрэча ў Бараўлянах аказалася ключавой для будучыні. Па-першае, я пасля яе атрымала беларускую Біблію, а падчас усіх маіх наступных візітаў у Беларусь маімі гаспадарамі, у каго я жыла, ужо былі беларускамоўныя беларусы. І, па-другое, дзякуючы ёй я пазней пасябравала з цудоўным чалавекам Паўлам, які стаўся адным з маіх найбліжэйшых, найдаражэйшых сяброў.

Наталля: Вельмі цікава. А як ты вывучала беларускую мову? Ці былі нейкія падручнікі? 

Святлана: О не. Нават калі б я хацела, то ані падручнікаў,  ані слоўнікаў на той момант не было. Чэшска-беларускага слоўніка ўвогуле не існуе. Але гэта няважна, я і так не магла б сядзець у падручніках і вывучаць нейкія правілы… Я вучыла беларускую, як і раней польскую: проста чытала Біблію (гэта, дарэчы, выдатны спасоб! Ты ведаеш тэкст на сваёй мове, таму ведаеш, пра што чытаеш, можна ўсё разумець), слухала праслаўленне на беларускай, кожны дзень глядзела праграму “Аб’ектыў” на Белсаце і слухала перадачы Радыё Свабода, чытала навіны на сайтах… і праз гэта вучылася.

Святлана Вранава прамаўляе падчас курсаў "Мова нанова", Беларусь 2019
Святлана Вранава прамаўляе падчас курса “Мова нанова”, Беларусь, 2019 г.

Потым я пачала перакладаць “Залаты век Беларусі”2, першую кнігу. Гэта ўвогуле было цікава, таму што я ведала беларускую яшчэ дрэнна. Калі чытаеш, то, здаецца, усё зразумела. Але калі пачнеш перакладаць слова ад слова, выяўляецца, што шмат чаго не толькі не ведаеш, але нават не разумееш. Большасць атрымалася перакласці без праблем, але часам былі некаторыя месцы, дзе я ўвогуле не ведала, пра што там… Гугл яшчэ беларускую не ведаў. Я набыла малы польска-беларускі / беларуска-польскі слоўнік, але гэта амаль не дапамагло. Аўтар мне даслаў рускі пераклад кнігі, гэта дапамагло больш, і з дапамогай кансультацый з аўтарам паўстаў першы пераклад. На працягу працы над ім я вельмі шмат чаму навучылася. Другі вырашальны спасоб, як я вывучала мову, — ліставанне з палітвязнямі. Асабліва з Паўлам. Падчас яго зняволення мы абмяняліся прыкладна трыццаццю лістамі, прычым я яму пісала «раманы», нешта накшталт дзённіка. Вельмі доўгія лісты, па 10–15 старонак. Я пісала іх вельмі старанна, шукала словы ў слоўніку, правярала ў інтэрнэце… Дарэчы, тыя лісты пазней мне вельмі дапамаглі, калі я пісала сваю кнігу і ўспамінала, калі што было. У гэтых лістах усё ёсць. У выніку я даволі хутка (на працягу 2–3 гадоў) досыць добра вывучыла мову, магла не толькі чытаць, але і пісаць, і гаварыць, так што калі я перакладала «Люблю Беларусь», другую кнігу з беларускай, я ўжо магла свабодна захапляцца Паўлавай паэтычнай мовай.

Кнігі Святланы Вранавай, а таксама перакладзеныя ёй беларускія выданні на чэскую мову
Кнігі Святланы Вранавай, а таксама перакладзеныя ёю на чэшскую мову беларускія выданні

Наталля: Я прачытала тваю кнігу, але, здаецца, яна ў цябе не адзіная?

Святлана: Ну так. Першай была кніжачка «Колеры Беларусі». Гэта такі зборнік артыкулаў і эсэ, якія я напісала для розных сайтаў у 2011–2013 гг. Там шмат пра беларускую мову, пра палітзняволеных сяброў, малітвы за Беларусь… Тыя тэксты паўсталі як рэакцыя на адчай майго сэрца ад немагчымасці паехаць у Беларусь (у 2012 г. мне адмовілі ў атрыманні візы). Люблю эсэ, якое туды трапіла «Жоўтая – жоўтая? Сіняя – сіняя? Зялёная – зялёная!» Але там ёсць і частка, якая раней ніколі не была нідзе апублікаваная, якой я асабліва ганаруся. Гэта «Гульні з літаркамі», кароткія тэксты, дзе ўсе словы пачынаюцца з адной літаркі. Атрымалася хоць кароткі тэкст напісаць практычна на ўсе літары. Некаторыя з іх не вельмі добрыя, але некаторыя, на маю думку, — вельмі. Мае сябры кажуць, што ў беларускай літаратуры нічога падобнага няма, таму я ганаруся, што зрабіла гэта.  

Кнігі аўтарства Святланы Вранавай
Кнігі аўтарства Святланы Вранавай

Наталля: А ці можна (і дзе) набыць твае кнігі? 

Святлана: З гэтым цяжка. «Колераў Беларусі» ўжо няма. «Бог накрэсліў на маім сэрцы Беларусь» — гэтая ёсць, але цяжка сказаць, дзе яна цяпер. Чэшская версія (бо яна напісана па-чэшску, але перакладзеная на беларускую) ёсць у мяне. Беларускай версіі я маю ўжо толькі некалькі апошніх асобнікаў, а рэшта ляжыць невядома дзе і чакае лепшых часоў (толькі баюся, што яна потым будзе ўжо зусім неактуальнай). Ну, але ёсць PDF-версіі для сур’ёзна зацікаўленых. Так што, калі што, можна да мяне звяртацца ў гэтым пытанні.

Святлана Вранава з напісанай ёй кнігай "Колеры Беларусі".
Святлана Вранава з напісанай ёй кнігай “Колеры Беларусі”

Наталля: Чэхія, паводле статыстычных дадзеных, з’яўляецца найбольш атэістычнай краінай у Еўропе. Калі ты наведвала Польшчу, Украіну і Беларусь, ці моцна твой досвед стасункаў з людзьмі, малітвы і місіі адрозніваўся ад таго, як ты пачуваешся ў Чэхіі ў сэнсе хрысціянскага досведу жыцця?

Святлана: Хрысціяне ўсюды аднолькавыя, я не заўважаю істотных адрозненняў у царкве ў асобных краінах. Я кажу з пункту гледжання пратэстанцкіх харызматычных цэркваў, іншых не магу ацэньваць. Дарэчы, я не лічу, што чэхі атэісты. Большасць людзей вераць у «нешта». Праблема толькі ў тым, што яны здольныя верыць у што заўгодна, пачынаючы ад «Маці-прыроды» да Буды ці славянскіх багоў, але толькі не ў Госпада Ісуса Хрыста. Калі хтосьці займаецца, напрыклад, шаманізмам, ён «цікавы», але калі ён актыўны хрысціянін, ён «дзіўны».

Наталля:  Раскажы, калі можна, самы дарагі для цябе ўспамін падчас тваіх шматлікіх візітаў у нашу краіну. 

Святлана:  Гэта складанае пытанне. Не думаю, што ў мяне ёсць адзін канкрэтны ўспамін. Шмат розных фрагментаў урэзалася ў памяць, можа быць, яны трохі незвычайныя. Напрыклад, у мяне ярка засталося ў памяці наведанне Крэва. Я глядзела на груду камянёў, што некалі былі знакамітым замкам, і ўбачыла ў іх усю Беларусь. Беларусь, былая слава якой сёння разарваная на шматкі… Ці Курапаты, дзе я зразумела, чаму беларусы такія, якія яны ёсць. Або начная прагулка па жылым масіве ў Мінску, калі я зразумела, што падчас сваіх візітаў жыву ў ідэальнай бурбалцы царквы, дзе ўсё выглядае выдатна, але рэальнае жыццё зусім іншае. Ці заход сонца ў лесе пад Гародняй і дзесяткі крумкачоў, якія злятаюцца на начлег. Статак зуброў з вясёлымі скачучымі зубрянятамі. Сустрэча з некаторымі канкрэтнымі людзьмі, якія моцна паўплывалі на мяне. Трапятанне пры першым наведванні трагічна вядомага «кароўніка» царквы «Новае жыццё»3. Што датычыць Мінска…

Да канца жыцця я не забуду гэтае відовішча: панэльныя дамы над квітнеючым рапсавым полем. Менавіта такім я яго ўбачыла ўпершыню, і для мяне гэта было як від на абяцаную зямлю.

Шмат чаго ёсць успомніць.

Наталля: Калі ты апошні раз была там?

Святлана: У жніўні 2019 года на вяселлі маёй любай сяброўкі. У тым годзе я наведала Беларусь нават двойчы: у сакавіку разам з малой камандай сяброў, а затым у жніўні — адна. І ў сакавіку, і ў жніўні я служыла ў некаторых цэрквах розных гарадоў і прыехала з пасланнем да беларусаў: «Старое скончылася, надыходзіць новы дзень. Вітайце адзін аднаго замест “добры дзень” — “новы дзень”». Ад таго часу я ўжо ў Беларусь не трапіла, пачаўся «новы дзень», толькі іншага кшталту, чым хацелася б.

Святлана Вранава разам з Паўлам Севярынцам, трымаюць пераклад Святланы на чэскую мову "Люблю Беларусь", 2014
Святлана Вранава разам з Паўлам Севярынцам трымаюць пераклад Святланы на чэшскую мову кнігі “Люблю Беларусь”, 2014 г.

Наталля: Калі я чытала тваю кнігу, немагчыма было не заўважыць, як гостра, з малітвай, спадзяваннем і болем ты перажывала і 2006, і 2010 гады, і арышты, і вызваленні палітвязняў, асабліва хрысціян. Чаму для цябе гэта было і ёсць так важна? 

Святлана: У 2006 годзе гэта быў толькі просты жах. Я яшчэ пра Беларусь мала ведала, асабіста ведала толькі двух людзей якія ў пратэстах не ўдзельнічалі. То я была толькі шчыра абурана, як нехта можа так з людзьмі, з уласным народам… У 2010 годзе была зусім іншая сітуацыя. На той момант я ўжо два разы была ў Беларусі, у тым ліку вясной 2010 года, у мяне ўжо там было шмат сяброў… Калі я назірала за бойняй, якую зладзілі сілавікі — гэта было на вуліцах, па якіх я паўгады таму хадзіла, там збівалі маіх сяброў, некалькі з іх затрымалі, нават пазней асудзілі на вялікія тэрміны… Я памятаю, як я амаль да раніцы сядзела за кампутарам — бо тады ўсё было амаль анлайн даступна — і вельмі моцна хвалявалася за сваіх дарагіх. Я на сто адсоткаў ведала, што яны былі на вуліцах, і звязку з імі ніякага не было. Амаль суткі прайшлі, пакуль я атрымала першую інфармацыю. Так, тэма палітвязняў для мяне вельмі блізкая, вельмі асабістая.

Адна прычына ў тым, што ўжо згадвалася: у турмах амаль увесь час сядзіць нехта з маіх сяброў (на гэты момант пяцёра маіх сяброў за кратамі). А другая прычына — гэта Божае пакліканне.

Гэта настолькі эмацыйна цяжкая тэма і настолькі доўгатэрміновая, што без Божага паклікання і без сілаў ад Яго я не магла б у гэтым вытрымаць ужо 20 год. 

Наталля: У Чэхіі, можна сказаць, ты з’яўляешся правадніцай да гісторый беларусаў-палітвязняў, якая пазнаёміла чэшскага чытача з Паўлам Севярынцам, Змітром Дашкевічам, а таксама Ларысай Геніюш. Тое, што ты перакладала, — перапоўнена болем, пакутамі. Як у цябе хапала сілаў гэта перакладаць у такіх вялікіх аб’ёмах? Што цябе падтрымлівала? 

Святлана: Але я бачу ў гэтых кнігах нешта іншае.

Для мяне гэта кнігі пра дзеянне Бога ў жыцці чалавека, пра сілу характару, надзею сярод адчаю, пра веру і моц прабачэння.

Асабліва Севярынец: «Люблю Беларусь»4, гэта ж кніга пра любоў да Бога, да радзімы, да людзей, да гісторыі, да культуры… Гэта кніга, поўная святла і пазітыву. Многія кажуць, што яна наіўная і нерэальна ідэалістычная, а я лічу, што яна проста прарочая. Вельмі яе люблю.

Спіс кніг, перакладзеных Святланай з беларускай на чэшскую мову:
S. Akinčyc: Zlatý věk Běloruska (С. Акінчыц: Залаты Век Беларусі), Pardubice 2013.
P. Sieviaryniec: Miluji Bělorusko (П. Севярынец: Люблю Беларусь), Rychnov nad Kněžnou 2014.
A. Šein: Sedm kamenů (А. Шэін: Сем камянёў), Mytago, Ostrava 2017.
Z. Daškievič: Červ (З. Дашкевіч: Чарвяк); Kartuziánské nakl., Brno 2017.
L. Henijuš: Paní doktorová 0-287 aneb Z Prahy do gulagu (Л. Геніюш: Споведзь). Kartuziánské nakl., Brno 2018.
S. Knyrevič: Běloruské hroby na českých a slovenských hřbitovech (С. Кнырэвіч: Магілы беларусаў у Чэхіі і Славакіі). Osvětový spolek Skaryna, Praha 2020.
Kolektiv: Bělorusko žije! Bělorusko bojuje! (Калектыў: Беларусь жыве! Беларусь змагаецца!); Post Bellum 2021
.

Наталля:  Што табе больш за ўсё запомнілася ў кнігах Паўла? Змітра? Ларысы Геніюш? 

Святлана: У Паўла — адназначна яго паэтычнасць. Яго гульні са словамі, якія змушалі мяне выдумляць новыя словы ў чэшскай, як і ён гэта робіць у беларускай (напрыклад: «Гэта ня проста зьмякчэньне, а зьмякказначаньне»). Я вельмі люблю ў чэшскай так гуляць, таму захаплялася гэтым і ў беларускай. У Змітра ўразіла яго дабразычлівасць да таварышаў па зняволенню. Я была падрабязна азнаёмлена з жахлівай Змітровай гісторыяй, ведала, што калі б не яго Настачка — на той момант маладзенькая дзяўчынка, але такая моцная духам! — яго маглі ў турме забіць. І ўсё ж гэтыя жахі складаюць толькі, здавалася б, нязначны фон для ягоных апавяданняў пра іншых вязняў. Ну і Геніюш… Я ведаю, што ўсе беларусы чакаюць, што я буду захапляцца яе мужнасцю. Канешне, захапляюся. Але я ўжо раней чытала некалькі падобных гісторый вельмі моцных духам людзей, так што з гэтага пункту гледжання гэта для мяне была проста чарговая такая гісторыя.

Для мяне як для чэшкі нашмат больш цікавым было апісанне аўтаркай жыцця ў Чэхаславакіі. Я даведалася шмат чаго з нашай гісторыі, пра што я раней нічога не ведала.

І тое, што я ведала, магла ўбачыць вачыма беларускай эмігранткі. Гэта мяне вельмі ўзбагаціла.

Пераклад Святланы Вранавай кнігі Л. Геніюш "Споведзь", Брно, 2018.
Пераклад Святланы Вранавай кнігі Л. Геніюш “Споведзь”, Брно, 2018 г.

Наталля: У тваёй кнізе-хрысціянскім дзённіку “Бог накрэсліў на маім сэрцы Беларусь”, я б так яе назвала, расповед перарываецца на 2019 годзе. А потым здарыўся 2020 год. Ці адчувала ты розніцу паміж усім, што адбывалася да 2020 года з Беларуссю, і падчас 2020 года? 

Святлана Вранава, 2010 год
Святлана Вранава, 2010 год

Святлана: На гэтае пытанне магчымы толькі вельмі доўгі адказ. Я у 2020 годзе на вуліцах Мінска бачыла спраўджанне некалькіх папярэдніх прарочых вобразаў пра Беларусь і таксама прарочых малітваў, якія мы на працягу шматлікіх год праводзілі. Але гэта цяжка тлумачыць.

[клікніце, каб разгарнуць увесь тэкст верша. – Н. Г. ] Дзень памяці палітычных вязьняў

Кажуць – сёння я павінна вас узгадваць.
Сёння я павінна за вас пампліцца.
Сёння я павінна пра вас казаць.
Але ж я ўжо пяць гадоў узгадваю вас што дня.
Ужо пяць гадоў што дня за вас малюся.
Пяць гадоў пра вас што дня кажу.
Пашу, Дзіму, Міколу, Эдзіку, Мікалаю ды і сотні іншых, якіх я не ведаю асабіста, 
як жа вас не узгадваць, не маліцца, не казаць пра вас – незалежна ад даты!?
Але добра, што такія даты есць.
Добра, што хаця б раз на год вас узгадваюць, моляцца за вас і кажуць пра вас 
таксама сотні і тысячы тых, хто звычайна гэтага не робіць.
А хто ведае, быць можа, дзякуючы сённяшнім узгадванням, малітвам і казанням,
ужо ад заўтра нас будзе больш – тых, хто ўзгадваюць, моляцца і кажуць што дня.
21.05.2025

 

Наталля: Што цяпер цябе натхняе, калі ты думаеші молішся пра Беларусь?

Святлана: Шчыра?

Калі я цяпер думаю пра Беларусь, то проста плачу.

Я плачу ад роспачы, ад жалю да сяброў, ад бездапаможнасці, таму што ў мяне няма сувязі з маімі дарагімі, але і таму, што не магу туды пайсці, і гэта для мяне так балюча! На гэты момант я мала што магу зрабіць для сваіх беларусаў. Таму амаль уся мая канцэнтрацыя цяпер скіраваная на Украіну. Там таксама жахлівая сітуацыя, але я прынамсі маю сувязь з сябрамі, і можам для іх збіраць дапамогу, можам туды ездзіць, і яны да нас…

Наталля: Ці можаш падзяліцца малітвай, якою молішся за Беларусь?

Святлана: Напрыклад, ёсць такая:

[Клікніце, каб разгарнуць увесь тэкст.  – Н. Г.] Для Пашы, Дзімы, Міколы, Эдзіка, Віці, Міколы ІІ і паўтары тысячы іншых, якіх асабіста не ведаю, Вялікі Божа, прыношу да Цябе маіх дарагіх сяброў, нашых палітвязняў!

Не забывайся пра іх, Пане! Памятай пра іхнія пакуты!
Ахоўвай іхнія жыцці! Хай ніводзін ужо не памрэ!
Беражы іхняе здароўе! Хай нікога не пакалечаць!
Хай усе дачакаюцца сваёй свабоды, спаткання са сваімі роднымі.
Дарагі Пане, будзь іх глытком свежага паветра ў душнай, закуранай камеры.
Будзь іх радыятарам у марозныя дні, і вентылятарам у часах спякоты.
Будзь іх матрацам, калі яны праводзяць ноч на халоднай падлозе.
Будзь іх падушкай і коўдраю, калі іншых няма.
Сагравай іх у сырых карцарах, калі холад не дае заснуць.
Добры Божа, складай ім кампанію, калі іншым забаронена з імі мець зносіны.
Будзь іх сябрам і размаўляй з імі, калі праводзяць бясконцыя дні ў адзіночных камерах.
Гасподзе, абгарні сябе як мяккая абарона вакол іх целаў, калі яны цярпяць біццё дубінкамі.
Будзь іх лекарам, калі ёсць трэба.
Будзь іх святлом у цёмных камерах і прыкрывай іх вочы, калі рэзкае святло ўначы не дазваляе спаць.
Будзь ім ежай і чыстай вадою для пітва, будзь іх вопраткай і вадой для мыцця.
Будзь іх аховай, іх надзеяй, бяспекай і ісцінай.
Сцірай іх слёзы, суцешвай, прынось надзею, давай бачанні і планы.
Будзь для іх усім ва ўсім, напаўняй іх глыбокім супакоем і незнішчальнай унутранай радасцю.
Не дай упасці духу, не дазволь пашкодзіць здароўю, не дай паставіць пад пагрозу жыццё!
Толькі Ты ведаеш адказы на бясконцыя “чаму?”, “колькі яшчэ?”, “як?”, “калі?”… Толькі Ты маеш рашэнні для невырашальных сітуацый. Дай вытрымаць усё, што трэба, пратрымацца столькі, колькі трэба. Скараці, Гасподзе, гэты час пакутаў, наколькі гэта магчыма!
Сатана моцна штурхнуў нашых хлопцаў і дзяўчат, непахісных герояў і гераінь нашага часу, каб яны ўпалі; але Ты, Госпадзе, іх падтрымай! Будзь іх сілай і песняй; зрабіся выратаваннем іхнім. Хай голас радасці і выратавання будзе пачуты ў іх жытлішчах, у жытлішчах праведнікаў. Твая правіца, Гасподзе, высокая, Твая правіца творыць сілу! (Пс 117:15–16)
Божа, хай нашы дарагія, якія сядзяць у цемры, убачаць святло вялікае, хай над жыхарамі “краіны ценю смяротнага” святло заззяе! (Іс 9:2)
Божа наш, вызвалі іх з рукі бязбожнікаў, з рукі беззаконнікаў і прыгнятальнікаў. Бо Ты – надзея гэтых мужчын і жанчын, Госпадзе; Ты іх пэўнасць, Гасподзе! (Пс 71:3-4) Ты робіш справядлівасць і суд для ўсіх прыгнечаных. (Пс 103:6)
Волаты нашы нязломныя, я абвяшчаю – вы не памраце, а жыць будзеце і абвяшчаць будзеце дзеі Гасподнія! Хутка, ужо хутка, палонныя, будзеце вызвалены і не памраце ў яме, і не будзе бракаваць вам хлеба! (Іс 51:14)
Гасподзь за вас, сябры любыя, – не збойцеся: што зробіць вам чалавек? Гасподзь вам памочнік: будзеце глядзець на ворагаў сваіх. (Пс 117:6–7)
Пане, толькі на Цябе спадзяемся, толькі Табе давяраем, толькі ў Цябе верым. Ведаю я, што Ты ўчыніш суд над прыгнятальнікамі і дасі справядлівасць бедным. Дык будуць праведнікі славіць імя Тваё, правыя будуць жыць перад абліччам Тваім! (Пс 140:13–14)
Амін. 10.04.2023

Наталля: Ці ёсць у цябе планы на новыя пераклады? Што ты хочаш перакласці і што хацела б, але не наважышся? Таму што зараз ёсць многа рэчаў пра палітвязняў, 2020 год, сведчанняў, але моцна траўматычных.

Святлана: Планы ёсць. Я вельмі хачу перакладаць, але гэта не так лёгка. Перакласці тэкст нескладана, але выдаць кнігу і, галоўнае, пасля яе прадаць — гэта складаная рэч. Выдаўцы хочуць выдаваць кнігі, у якіх маюць пэўнасць вяртання коштаў. І гэтага ў выпадку незнаёмых беларускіх аутараў, на жаль, няма. Таму я адкрытая для шмат чаго, але чакаю, калі з’явіцца магчымасць…

Наталля: Чым цікавая табе Беларусь як чалавеку, які атрымаў прафесію заолага і 20 гадоў прапрацаваў паводле спецыяльнасці?

Святлана: У вас ёсць пакуль яшчэ мала кранутыя чалавекам месцы. Хоць мае сябры-арнітолагі «плачуць», у якім жахлівым стане знаходзіцца ахова прыроды і як хутка знішчаюцца прыродныя скарбы,

у параўнанні з нашай прыродай у вас для біёлага пакуль проста «рай на зямлі». Вашы балоты, і пушчы, і азёры, і, канешне, Прыпяць — такога нідзе не знойдзеш.

Наталля: Я прачытала ў тваёй кнізе, што ты раіла чэшскім арнітолагам наведаць Беларусь — чаму?

Святлана: Часткова я ўжо толькі што адказала на гэтае пытанне. І яшчэ я ім кажу, што

калі ў Беларусі пераможа демакратыя, прыдуць фірмы і новыя будоўлі, дарогі і водныя каналы (як і было ў нас), і шмат скарбаў можа знікнуць.

Таму варта ехаць цяпер. Ім жа нічога (амаль) не пагражае: калі прыедуць і прабудуць некалькі дзён у лесе і на балотах, то ніхто не будзе іх чапаць. Яны не запісаныя ні ў якія чорныя спісы… Даречы, адна група арнітолагаў некалькі год таму сапраўды Беларусь наведала, і яны вярнуліся ў поўным захапленні.

Наталля: Калі магу запытацца: куды ты паедзеш у Беларусь, калі гэта зноў стане магчымым?

Святлана: Абавязкова ў Мінск, і далей — паглядзім. Як я ўжо казала: хачу паглядзець і прыроду (птушак…), і гарады. Планавала наведаць Віцебск і іншыя абласныя цэнтры, Полацк… Але я не прыязджаю ў якасці турыста, хоць і гэта, канешне, важна. Я прыязджаю служыць у цэрквах, так што шмат залежыць ад таго, куды мяне сябры накіруюць, дзе мяне прымуць.

Наталля: Пра што ты марыш? 

Святлана: Найбольш мару пра тое, каб адчыніліся дзверы турмаў і ўсе несправядліва зняволеныя выйшлі. Каб сем’і з’ядналіся…

Шмат хто перажывае, што ўкраінскія дзеткі растуць без татаў, якія ваююць, што ўкраінскія жонкі гадуюць дзяцей самі, як ім цяжка ў эміграцыі… Так, гэта праўда, і я радая, што пра гэта не забываем і кажам. Але беларускія дзеткі і жонкі жывуць у тых жа ўмовах, а пра іх ніхто не кажа.

Ну і яшчэ вельмі мару зноў трапіць у Беларусь, бо шмат таго, што хочацца, я пакуль не бачыла, а гады ляцяць, і сілы мае слабеюць. Акрамя гарадоў, помнікаў і, вядома, сяброў, вельмі мару ўбачыць вашых цудоўных птушак, якіх у нас няма: белую сініцу5 (яна жыве толькі на Прыпяці каля Турава, незвычайная прыгажунька) і барадатую кугакаўку6. Для мяне гэта самая прыгожая сава, яна вялікая, я ёю проста зачараваная — у вас яны рэдка гняздуюцца на балотах. Я вельмі мару яе пабачыць.

Наталля: Дзякуй за размову!

  1. Цытата з кнігі Святланы Вранавай “Бог накрэсліў на маім сэрцы Беларусь“, 2018 ↩︎
  2. Станіслаў Акіньчыц. Залаты век Беларусі, 2012. ↩︎
  3. Вярхоўны суд Беларусі 12 снежня 2012 года прыняў рашэнне пра ліквідацыю царквы поўнага Евангелля “Новае жыццё”. Пра пераслед гэтай супольнасці гл. маніторынг Хрысціянскай Візіі. ↩︎
  4. Павел Севярынец. Люблю Беларусь, 2008 ↩︎
  5. Белая блакітніца, белая сініца, князёк (Parus cyanus) — птушка сямейства сініцавыя (Paridae) атраду вераб’інападобныя (Passeriformes) ↩︎
  6. Барадатая кугакаўка, барадатая (лапландская) няясыць (Strix nebulosa) — буйная птушка сямейства Савіныя (Strigidae). ↩︎


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава