Петыцыя change.org: Зварот да Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы

Яго Высокапраасвяшчэнству,
Высокапраасвяшчэннейшаму Веніяміну,
Мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму,
Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі,
Членам Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы

Ваша Высокапраасвяшчэнства, шаноўныя Архіпастыры,

Мы, праваслаўныя вернікі Беларусі, выказваем падтрымку большасці пытанняў, паднятых у прашэнні Алега Нагорнага ад 4 чэрвеня 2021 года, якое было апублікавана на інтэрнэт рэсурсе churchby.info (поўная спасылка)

Сёння, 7 чэрвеня 2021 года, спаўняецца год з незаконнага затрымання Паўла Севярынца, праваслаўнага верніка, пісьменніка і сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Павел стаў адным з першых палітычных вязняў 2020 года, якіх на дадзены момант ужо каля 500 (!) чалавек. Па сведчаннях журналістаў, каля 15 чалавек былі забіты ў сувязі з падаўленнем мірнага пратэсту супраць гвалту (гл. матэрыял па спасылцы). Той факт, што Праваслаўная Царква ў Беларусі не выступіла ў абарону несправядліва зняволеных, згвалтаваных, катаваных і закатаваных, з’яўляецца грахом і ганьбай для нас і для Вас, шаноўныя Архіпастыры. Мы заклікаем Вас адкінуць страх перад тымі, хто мае ўладу, і прамаўляць прама і адкрыта пра Божыя запаветы “Не забівай”, “Не сведчы лжыва”, “Не крадзі”. Пагадненні з міністэрствамі і ўстановамі, якія нясуць разбурэнне і смерць, прывядуць да большых трагедый, бо дом, які раздзяліўся сам у сабе, не выстаіць.

Мы таксама заклікаем захаваць цэласнасць Беларускай Праваслаўнай Царквы і не даць антыцаркоўным сілам умешвацца ў жыццё прыходаў і епархій, прыўносіць разлад і разбурэнне праз хлусню і злоўжыванне інфармацыйнымі рэсурсамі. Мы падтрымліваем усіх пастыраў, якія не маўчаць перад спробамі апраўдаць гвалт і забойствы. Мы молімся, каб Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы не прымаў палітычна матываваных рашэнняў, але адстойваў праўду Божую і Евангельскія запаветы.

З павагай і малітвай аб заступніцтве да свяшчэннамучанікаў Веніяміна Петраградскага, Серафіма Жыровіцкага і ўсіх навамучанікаў праваслаўных, якія пакутавалі ад бязбожнай улады XX стагоддзя.

Петыцыя