Пастар Вячаслаў Ганчарэнка: “Не трэба асабліва перажываць за будаўніцтва, важна ўбачыць жніво”

Пасля атэістычнага ліхалецця большасць хрысціянскіх супольнасцей прайшлі ці яшчэ праходзяць этап будаўніцтва святынь. З гэтым звязаны даўжэзны спіс праблем і выпрабаванняў. Сёння размаўляем пра гісторыю пратэстанцкай царквы “Новае Жыццё”. Пасля 30-ці гадоў дзейнасці яны былі пазбаўлены свайго малітоўнага дома і сталі “царквой без сцен”.

– Пастар Вячаслаў, як узнікла Ваша царква? Распавядзіце крышачку пра гісторыю супольнасці?

– У 90-ыя гады, калі Савецкі Саюз разваліўся, я і мае бацькі ўжо былі веруючымі людзьмі і належалі да Евангельскай Царквы. На той момант мне было 20 гадоў. Мы заўважылі, што людзі сталі цягнуцца да Бога, таму пачалі прапаведаваць, дзяліцца Евангеллем.

Стала прыходзіць шмат людзей. Спачатку мы арандавалі кінатэатры, дамы культуры. А ў 1992 годзе зарэгістравалі ў Мінгарвыканкаме нашу царкву. Веруючыя людзі памятаюць тыя часы – тады ўтваралася шмат цэркваў.

– І пазней пачалася гісторыя з Вашым малітоўным домам?

– Як і ўсе нармальныя людзі, мы хацелі атрымаць зямлю пад будаўніцтва. Аднак нам адмаўлялі па розных прычынах. Апошнюю адмову атрымалі ў 2000 годзе: нам сказалі, што да 2010 года зямлі для будаўніцтва царквы не будзе. Тады мы вырашылі набыць закінуты кароўнік.

Супрацоўнічаючы з уладамі, чулі ад іх: “Так, набывайце будынак, а ўсё астатняе будзем вырашаць пазней”. У 2002 годзе кароўнік перайшоў ва ўласнасць нашай супольнасці. У мэце набыцця пазначылі: “Пад будаўніцтва культавага будынка”. Кароўнік нас, канешне, не цікавіў. Затым пачаўся працэс афармлення дакументаў. Было нават некалькі дазволаў на будаўніцтва там царквы.

Мы спачатку збіраліся на набытым участку ў палатцы. Часам проста на полі, у парку, у лесе. Аднак восенню 2004 года прайшоў ураган, сарваў шмат дахаў у нашым раёне, а палатку парваў на кавалкі. І мы не ведалі, дзе збірацца. Таму ў 2004 годзе было прынята рашэнне з верай увайсці ў той кароўнік.

Там дзе-нідзе не было сцен, дах свяціўся дзірамі, аднак мы за месяц зрабілі рамонт і сталі праводзіць там сходы. Тады нас пачалі штрафаваць, таму што будынак не з’яўляўся культавым. Мы плацілі штрафы, але ўсё роўна збіраліся.

Затым былы мэр Мінска прыняў рашэнне забраць у супольнасці зямлю з пазнейшым выкупам будынка. Крыху пасудзіліся, але нічога не дапамагло – нам далі 10 дзён, каб пакінуць пабудову. У кастрычніку 2006 года мы аб’явілі бестэрміновы пост перад Богам, а перад грамадствам – галадоўку. Усё працягвалася 23 дні, было шмат падтрымкі ад розных людзей і арганізацый. З гэтай нагоды мяне запрасілі ў адміністрацыю Прэзідэнта ды запэўнілі, што кіраўнік краіны ведае пра нас і падтрымлівае. “Вяртайцеся ў прававое поле, ідзіце ў суды, вам усё аддадуць”, – казалі нам. Мы спынілі галадоўку і з 2006 па 2009 год хадзілі па судах (было недзе каля 40-ка пасяджэнняў), але ўсё роўна засталіся вінаватымі.

Папярэдняе рашэнне пакінулі ў сіле – зямля не належыць царкве, будынак павінен быць вызвалены.

З 2009 года мы знаходзіліся вось у такім статусе.

Нас час ад часу наведвалі, патрабавалі пакінуць тэрыторыю. А ў лютым 2021 года царква была выселена з будынка.

– І які цяпер статус мае Ваша супольнасць? Не маеце будынка, але статус рэлігійнай арганізацыі застаўся?

– Так, мы рэлігійная арганізацыя “Царква «Новае Жыццё»”, але наш будынак належыць ЖРЭА. Мы вінныя дзяржаве 180 тысяч долараў, і калі выплацім гэтую суму, тады – як нам сказалі – Прэзідэнту накіруюць хадатайства, каб нам выдзелілі зямлю. Цяпер мы царква без сцен.

17 мая будзе тры месяцы, як молімся на вуліцы.

– Як змянілася жыццё супольнасці з практычнага пункту гледжання пасля таго, як Вы сталі “царквой без сцен”?

– Шмат часу заняў вываз і ўпарадкаванне маёмасці, якую нам дазволілі забраць з будынка. Пазней трэба было змяніць усе праекты і планы. На сёння маем толькі нядзельныя сходы і начныя малітвы, якія праводзім з пятніцы на суботу. Цяпер яны адбываюцца па дамах, у сем’ях. Ёсць 50 сацыяльных служэнняў, стараемся дапамагаць розным людзям. Усё гэта таксама адбываецца па кватэрах, якія называем “штаб-кватэркамі”. Розныя пытанні вырашаем анлайн.

Раней мы маглі рабіць штосьці цэнтралізавана, а цяпер, на жаль, толькі вось так. Апошнім разам трэба было зрабіць тэрміновы сход членаў царквы, дык прыйшлося збірацца проста на вуліцы.

Канешне, у нас няма камфорту, няма туалетаў, часам бывае дождж і холадна. З дзеткамі многія застаюцца дома. Мы сталі рэальнай царквой без сцен. Але ж нават тое, што мы там знаходзімся – на вуліцы – гэта ўжо па Божай міласці.

– Вядома, што Царква – гэта людзі. Для Вашай супольнасці гэта гучыць, хіба што, па-асабліваму?

– Мы зразумелі, што многія рэчы, якія былі ў планах, ужо не можам ажыццяўляць. Гэта настолькі моцна прызямліла людзей, што пачалі думаць: “А ў чым складаецца Божая воля ўвогуле?”. Таму што проста па-чалавечы… як вырашыць нашы пытанні, што рабіць?

Аднак мы апынуліся на вуліцы не проста так. Наша супольнасць цяпер стала такім голасам у краіне: голасам для ўрада, для народа, для іншых Цэркваў. Бог жадае, каб праўда гучала мацней. Калі знаходзімся ў сваіх камфортных будынках, гэта не змяняе сітуацыю – людзі ўсё роўна ідуць у пекла і не чуюць Евангелля Езуса Хрыста.

Нават калі паглядзець у працэнтных суадносінах: колькі сапраўдных веруючых, якія крочаць за Езусам, існуе ў нашай краіне? Вельмі невысокі працэнт. А ўсе астатнія людзі? Гэта ж жывыя душы! Царква павінна цяпер абудзіцца і стаць больш смелай для таго, каб выканаць Божую волю. А Божай воляй з’яўляецца, як напісана, каб усе людзі былі збаўлены. Царква павінна даць адказ свету, паказаць адзіную надзею для гэтай зямлі – Езуса Хрыста.

 – То-бок, просьбы да Бога ад Вашай супольнасці цяпер увогуле не пра будынак?

– Канешне, заўсёды добра, калі Царква мае свой будынак і ўсё развіваецца. Але цяпер у нас іншыя, больш вялікія мары, жаданні. Мы проста бачым наш пакутуючы беларускі народ, яго вялікі боль, мноства пытанняў без адказу, і гэты боль адклікаецца ў нашых сэрцах. Молімся за Беларусь.

Ведаеце, мы засталіся без будынка, але ўсё ж надалей з’яўляемся шчаслівымі людзьмі. Мы даверылі Езусу Хрысту свае жыцці – і праўда нас вызваліла. Людзі пакутуюць, таму што не ведаюць сапраўднай свабоды, ім у сэрцы не хапае Бога. Гэтае разуменне дае столькі сіл, што на многія падзеі глядзіш ужо не так драматычна. Таму мы не проста жадаем, каб наш народ быў шчаслівы, але ведаем, што ёсць яшчэ вечнае жыццё. Заўзеем і за тое, і за гэта.

 – У Каталіцкім Касцёле ў розных кутках Беларусі існуе шмат супольнасцей, якія гадамі будуюць свае святыні, шукаюць сродкі і сілы, якіх не хапае. Што Вы сказалі б вось такім супольнасцям?

– Езус ужо вызваліў нас ад гэтага: у нас ужо няма сцен (смяецца – заўв. аўт.). Увогуле, гэтая ідэя вуліцы – гэта ж біблейская ідэя. Памятаеце Іерусалімскую Царкву? Спачатку яны збіраліся ў святыні і па дамах, а калі пачаліся ганенні, то ўсе рассеяліся. Засталіся толькі апосталы, якія хадзілі і прапаведавалі Слова.

Я магу сказаць, што будынак – гэта добра. Аднак, калі святыні няма, не трэба зацыклівацца на тым, каб яна абавязкова з’явілася. Прыйдзе час, і Бог можа даць будынак. І не адзін. У любым выпадку, мы так мяркуем і не думаем, каб хутчэй атрымаць свой будынак. Людзей цяпер турбуе іншае – у чым Божая воля? А Божая воля – гэта людзі, гэта жывая святыня, дзе павінен быць Святы Дух. Святыня Святога Духа – гэта мы. Таму важна выйсці за межы сваіх установак, парадыгм і стэрэатыпаў, якія склаліся за доўгія гады. Каб убачыць, што людзі сёння ў большай патрэбе, што ім неабходна Надзея, ім неабходна Слова, Любоў. Напісана ж: “Шукайце найперш Валадарства Божае”, а пазней усё дадасца.

Тое, што ў нейкага святара не хапае грошай на будаўніцтва… Можа, у яго людзей не хапае, якім ён мог бы дапамагчы? Каб гэтыя людзі маглі пазней да яго далучыцца. Таму не думаю, што трэба асабліва перажываць за будаўніцтва. Важна ўбачыць палі, жніво. Час кароткі – няхай галоўнае будзе галоўным!

Арцём Ткачук, «Слова жыцця», Газета Гродзенскай дыяцэзіі