Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Малітвы з-за кратаў ад Валерыі Чарнаморцавай

Малітвы з-за кратаў ад Валерыі Чарнаморцавай

Малітвы з-за кратаў ад Валерыі Чарнаморцавай
Аўтар
Хрысціянская візія

Арганізацыя"Хрысціянская візія"

Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.

Праваслаўная хрысціянка, удзельніца групы «Хрысціянская візія» Валерыя Чарнаморцава была затрыманая 18 кастрычніка 2022 і тры месяцы правяла ў зняволенні. Інтэрв’ю з ёй — на нашым сайце. Са зняволення яна змагла вынесці перапісаныя ў сшытак малітвы, якімі моляцца ў СІЗА на Валадарскага. Прапануем гэтыя малітвы і для вас.

Малітва 1.

Госпадзі, прашу цябе за нашу Беларусь, за супакой і еднасць паміж людзьмі, аб міры і любові адзін да аднаго.

Дабраславі нашу Бацькаўшчыну. Спашлі Духа Святога на слугаў Тваіх, якія мусяць кіраваць нашай краінай, каб яны атрымалі законную ўладу ды згодна з Тваёй воляй маглі мудра і справядліва кіраваць давераным ім людам.

Праз Хрыста, Госпада нашага, амін.

Малітва 2 — Малітва «Хрысціянскай візіі», у сшытку пазначана як «Малітва за Беларусь (ад праваслаўных вернікаў)».

Айцец усіх людзей, Магутны Божа і Творца! Ты не пакінуў свет без клопату, але з любові паслаў Сына Свайго, каб адкрыць нам шлях у Тваё Царства і вызваліць ад улады граху, зла, пекла і смерці!

Ты спасылаеш Духа Твайго, каб асвяціць свет, каб сэрцы павярнуліся да Цябе, вочы бачылі праўду, вушы чулі голас сумлення, вусны дабравесцілі, рукі чынілі дабро і ногі хадзілі шляхам справядлівасці.

Ты стварыў Царкву, каб людзі працягвалі ў свеце справу Царства Твайго ― справу міру і справядлівасці, справу дзейснай любові, якая ацаляе раны, справу непахіснай надзеі, якая ўмацоўвае дух.

Дабравесце Тваё, Госпадзе, ― дабравесце міру, неаддзельнага ад справядлівасці, праўды, свабоды і любові. Каб запанаваў мір, патрэбна наша судзеянне Табе, умацуй нас у гэтай місіі ласкаю Тваёю.

Твой подых, Госпадзе, ― подых свабоды; Ты стаіш на баку прыгнечаных, а не прыгнятальнікаў. Вызвалі нас ад гвалту і прыгнёту ― і не дай нам ужываць свабоду дзеля злога і дзеля заняволення іншага.

Ты, Госпадзе, любіш тых, хто чыніць справядлівасць! Дай нам сумленне і розум, адрозніць дабро ад зла, праўду ад няпраўды, і ўмацуй у жаданні змагацца за справядлівасць.

Молімся за кожнага, хто прайшоў праз гвалт, зняволенне, прыніжэнне, пераслед і катаванні, Госпадзе, ацалі іх, умацуй іх, дай ім сілы пераадолець страх, пашлі ім падтрымку і дапамогу.

Молімся таксама за тых, хто чыніць зло і несправядлівасць: Госпадзе, ацалі іх сэрцы ад жорсткасці і нячуласці і прывядзі да пакаяння.

Молімся Табе, Госпадзе, за беларускія цэрквы, каб яны ўсведамлялі сваю місію і ў еднасці, салідарнасці і ахвярнасці — шукалі праўды Тваёй, выконвалі волю Тваю і былі супрацоўнікамі Царства Твайго — Айца, Сына і Святога Духа, цяпер, і заўсёды, і навекі вякоў. Амін.

Малітва 3.

Божа (Пане), Ты бачыў пакуты і смерць усіх несправядліва зняволеных у сталінскіх лагерах сыноў і дачок Беларускай зямлі — ксяндзоў Адама Станкевіча, Язэпа Германовіча, айцоў Фабіяна Абрантовіча, Андрэя Цікоты, сястры Ванды Банішэўскай і шматлікіх іншых.

Ты заўсёды застаешся побач з кожным нявінным сэрцам у час гвалтоўнага зняволення. Ты сам зведаў пакуты і знявагі за кратамі, гвалт і здзекі з Тваёй чалавечай і Боскай годнасці.

Ты, як ніхто іншы, ведаеш, што нявінныя пакуты за праўду і любоў вядуць да ўваскрасення душы і цела.

Ты запрашаеш кожнага ахвяраваць свае пакуты Табе, аддаць сваю роспач у Твае клапатлівя рукі, давярацца Тваёй міласэрнай любові.

Божа (Пане), просім, няхай кожны несправядліва зняволены знойдзе супакой і надзею ў Табе, наш Збаўца, а вінаватыя ў злачынствах прынясуць ахвяру сапраўднага пакаяння і навяртання.

Асвяці Сваім святлом гэтыя дні выпрабавання, каб зняволенне стала для вязняў дабраслаўлёным часам сустрэчы з Табою, дарогаю, праўдаю і жыццём. Амін.

Малітва 4. Малітва за Беларусь.

Айцец наш нябёсны, прашу Цябе ў імя Сына Твайго Ісуса Хрыста, пачуй маю малітву.

Дабраславі маю краіну Беларусь. Адвядзі ўсякую небяспеку, знешнюю і ўнутраную. Спыні гвалт і беззаконне. Хай на маёй зямлі не льецца кроў.

Хай усялякае зло будзе спыненае і пакаранае, хай кожны грэшнік і злачынца пакаецца.

Хай усякая справядлівасць будзе ўзноўленая.

Хай кожны, што пакутуе нявінна, будзе ацэнены.

Хай кожны, хто без віны кінуты за краты, выйдзе на свабоду.

Малюся за ўлады: дай нам праведных і мудрых кіраўнікоў, якія будуць клапаціцца пра народ, абараняць слабых і чыніць справядлівасць.

Малюся за незалежнасць нашай краіны: захавай і ўмацуй яе.

Малюся за Народ, за яго пакаянне, прыняцце Цябе як Госпада і Збаўцы.

Малюся за шчаслівую будучыню для Беларусі.

У імя Айца і Сына і Святога Духа. Амін.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава