Лямантаваць аб Беларусі


Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Пазаўчора, у сто чацвёртыя ўгодкі БНР выйшаў першы нумар газеты «Лямант». Стваральнікі яе бяруцца “згуртаваць усе свае творчыя, інтэлектуальныя, маральныя высілкі для барацьбы з тыраніяй у Беларусі”.
У гэтым нумары 11-я старонка прысвечана паэзіі Надзеі Гарэцкай. Надзея — верніца. І яе паэзія шмат у чым рэлігійная па зместу. Пры гэтым яна піша пра грамадскія тэмы, асабліва пра тыя, што сталі важнымі пасля пратэстаў 2020 года (Курапаты, Акрэсціна, палітвязні і г. д.). Таму яе вершы — гэта часта перапляценне нерваў грамадскай і рэлігійнай думкі. Тыя, што выбраны для нумара, пераканаўча пра гэта сведчаць.
Прапануем адзін з іх (у ім евангельскія алюзіі даволі відавочныя).
Шчаслівыя
Шчаслівыя, што на свабодзе,
У родным мястэчку і хаце.
Пішыце лісты, будзьце ў згодзе,
Маліцеся. Верце. Чувайце.
Шчаслівыя, што ў выгнанні,
Пад сцягам святым на канцэрце.
Агучвайце нашы чаканні.
Спявайце. Прасоўвайце. Верце.
Шчаслівыя, што ў вязніцах,
Што свецяць любоўю з-за кратаў.
Шукайце свабоды крыніцы,
Ламайце муры пешняй праўды.
Шчаслівыя, што ў магілах,
Імёны каторых запомнім.
Цячыце крывёй у нашых жылах,
Уздымайце з кален, калі стогнем.
Ды гора вам, тыя, што гінуць,
Пакорна йдучы на закланне.
Вас струшчаць у попел і кінуць
Пад ногі свіней на таптанне.