Ліст Святланы Ціханоўскай Святому Айцу Францішку
Ліст Святланы Ціханоўскай Святому Айцу Францішку, Біскупу і Папу Рымскаму, натхнёны яго новай энцыклікай Fratelli Tutti.
Братэрскае грамадства: бачанне для новай Беларусі
Ваша Святасць!
Мой ліст — гэта адказ на запрашэнне да дыялогу, да якога Вы заклікаеце ўсіх людзей добрай волі (§6) у сваёй новай энцыкліцы Fratelli Tutti. Гэты зварот натхнёны Вашай марай аб “братэрскім грамадстве” (§4), “каб у гэты час, калі нам выпала жыць, мы змаглі, шануючы годнасць кожнай чалавечай асобы, нанава ажывіць ва ўсіх сусветнае імкненне да братэрства” (§8). У гэтым лісце я хачу падзяліцца марамі беларусаў, якія прагнуць “марыць і ператвараць нашае жыццё ў цудоўную прыгоду” (§8). Марамі, якія пераклікаюцца з бачаннем братэрскага грамадства, пра шляхі да рэалізацыі якіх Вы разважаеце ў сваёй энцыкліцы. Я хачу падзяліцца марамі, але таксама перашкодамі і цяжкасцямі, з якімі мы на гэтым шляху сутыкаемся. Таму ў лісце так шмат пытанняў.
Цягам доўгіх дзесяцігоддзяў беларускае грамадства знаходзілася ў стане, якое ў энцыкліцы названа найгоршай формай адасобленасці — “адчуванне, што мы не маем каранёў, не належым нікому” (§53). Беларускі народ здавён выжываў дзякуючы супольнай салідарнасці і самаарганізацыі. Сярод беларусаў была распаўсюджана такая яе форма, як талака. Пасля стагоддзяў, поўных войнаў, жабрацтва, прыгнёту, рэпрэсій і розных катаклізмаў, у тым ліку — аварыя на Чарнобыльскай АЭС, у сярэдзіне 1990-х гадоў беларусы выбралі сабе ўладу, што абяцала стабільнасць і бяспеку, але, як выявілася — коштам свабоды, права на выбар і самастойнасць.
Сучасная дзяржаўная ўлада, пабудаваная на прынцыпе жорсткай вертыкалі і сканцэнтраваная ў руках аднаго чалавека, усяляк перашкаджала любым не санкцыянаваным зверху формам праявы лучнасці і салідарнасці. Любая супольная дзейнасць у рамках асацыяцый — недзяржаўных арганізацый, рэлігійных абшчыныаў, палітычных партый, прафсаюзаў — або жорстка кантралявалася, або была забаронена і жорстка душылася. Словы “дэмакратыя, свабода, справядлівасць, адзінства” (§14), і нават само слова “народ” (§157), гучалі няспынна, але ўспрымаліся людзьмі як пусты гук і дэмагогія, бо выкарыстоўваліся яны для маніпуляцый, як інструменты дамінавання і апраўдання падману, жорсткасці і гвалту.
Адбылося поўнае адасабленне людзей, народа, які з’яўляецца крыніцай улады, ад дзяржавы, ад сферы прыняцця рашэнняў. Тыя, хто спрабавалі нешта сказаць, змяніць, прапанаваць альтэрнатыву, падвяргаліся рэпрэсіям: актывістаў, праваахоўнікаў, палітыкаў выключалі з універсітэтаў, звальнялі з працы, арыштоўвалі. У 2010 годзе сем з дзесяці кандыдатаў у прэзідэнты былі затрыманы, некаторыя з іх правялі месяцы і нават гады ў зняволенні. Удзел у палітычнай дзейнасці, выказванне сваёй пазіцыі, з аднаго боку, ні на што не маглі паўплываць і нічога не маглі змяніць, а з другога — стваралі пагрозу для самога чалавека, яго сям’і, супольнасці і справы. Пасіўнасць, прадыктаваная бяссіллем і страхам, гняла беларускае грамадства. Менавіта гэта пасіўнасць на мове рэжыму называлася “мірам”. Так беларускае грамадства паступова ператварылася ў атамізаванае, індывідуалізаванае, пачало ўяўляць сабой толькі сукупнасць індывідаў (§157).
Калі ўвесь свет сутыкнуўся з пандэміяй каранавіруса, у Беларусі ўлады выбралі стратэгію ігнаравання праблемы, а дактары, медыцынскія сёстры і іншыя супрацоўнікі сферы аховы здароўя апынуліся на перадавой змагання з новай хваробай цалкам неабароненымі. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у канцы 1980-х савецкі ўрад утойваў ад людзей інфармацыю пра рэальны маштаб катастрофы і не прымаў прафілактычных захадаў для папярэджання наступстваў радыяцыйнага апрпменьвання на здароўе і жыццё людзей. Падобным чынам і ў выпадку з пандэміяй каранавіруса прадстаўнікі беларускай ўлады спрабавалі пераканаць людзей, што небяспекі не існуе, а сітуацыя — пад кантролем. Яны заніжалі лічбы хворых і памерлых, дэманстравалі знявагу да здаровага сэнсу, да навуковых доследаў, але галоўнае — да жыцця і людской годнасці сваіх грамадзян. Перад абліччам агульнай бяды беларусы аб’ядналіся ў валанцёрскія ініцыятывы для дапамогі медычным работнікам. Яркім прыкладам гуманітарнай місіі народнай салідарнасці з медыкамі стала кампанія ByCovid19.
Потым у чэрвені 2020 г. на некалькі дзён сотні тысяч жыхароў Мінска пазбавіліся доступу да пітной вады з-за сур’ёзнай аварыі водазабеспячэння, у выніку якой атрутныя рэчывы патрапілі ў ваду. З кранаў цякла смярдзючая і непрыдатная для піцця вадкасць, а прадстаўнікі ўлады, замест таго каб арганізаваць людзям доступ да вады, адмаўлялі само існаванне праблемы і выдавалі ілжывую інфармацыю пра якасць вады. І зноў самі людзі аб’ядналіся ў адну вялікую сетку ўзаемадапамогі і прывозілі пітную ваду з іншых раёнаў.
У выніку, з аднаго боку, давер людзей да кіраўніцтва дзяржавы быў канчаткова падарваны, бо стала відавочна, што дзяржаўная палітыка будуецца на ілжы, што замест дапамогі дзяржаўныя органы хутчэй ахвяруюць здароўем і жыццямі людзей. З другога боку, з узаемадапамогі і салідарнасці нарадзілася бачанне такога грамадства братэрства і сястрынства, якое беларускі народ, раней раз’яднаны, цяпер усвядоміў як каштоўнасць і ідэал, да якіх варта не толькі імкнуцца ў будучыні, але ўжо цяпер ажыццяўляць на ўзроўні грамадзянскай супольнасці — нягледзячы на перашкоды дзяржаўных органаў, ва ўмовах беззаконня і аўтарытарнага палітычнага рэжыму.
Падчас перадвыбарнай кампаніі ў многіх людзей з’явілася мара і бачанне такога грамадства, дзе голас кожнага будзе мець значэнне, дзе “у цэнтры усёй палітычнай, сацыяльнай і эканамічнай дзейнасці” ставяць “чалавечую асобу, яе ўзнёслую годнасць і пашану да агульнага дабра” (§232), дзе канфлікты не хаваюцца і не замоўчваюцца, але вырашаюцца “шляхам дыялогу і празрыстых, шчырых і цярплівых перамоваў” (§244), дзе ёсць прастора для адкрытага і справядлівага дыялогу і дзе “ужо няма месца на пустую дыпламатыю, на імітацыю, на двайныя стандарты, затушоўванне і добрыя манеры, якія маскіруюць рэальнасць” (§226).
Жаданне адзінства і салідарнасці, асэнсаванне сябе народам з агульнымі мэтамі і памкненнямі — нягледзячы на прыналежнасць да розных сацыяльных груп, палітычныя перакананні, геапалітычныя арыентацыі, уласныя індывідуальныя інтарэсы — сталі стымулам для нараджэння палітычнай супольнасці. У той жа час, з’яднаўшыся дзеля змагання з агульнай бядой, людзі выразна пабачылі стваральную сілу салідарнасці і ўзаемадапамогі.
Улады звыклым чынам перашкаджалі працэсу аб’яднання і палітычнай актывізацыі людзей. Яны кідалі лідэраў у турму па надуманых абвінавачаннях (сярод іх быў і мой муж, Сяргей Ціханоўскі); не прызнавалі подпісы, сабраныя за іх вылучэнне ў кандыдаты на прэзідэнцкіх выбарах; не дапускалі шырокае грамадства да фармавання выбарчых камісій і назірання за выбарамі. Рэакцыяй на рэпрэсіі была ўсё большая салідарнасць і самаарганізацыя самога грамадства, якое, пераадольваючы свой страх і звыклую інерцыю, уключылася ў агульную барацьбу за сумленныя, справядлівыя і празрыстыя выбары.
Каталіцкія вернікі і святары вельмі актыўна прымалі ўдзел у гэтым працэсе. Па ініцыятыве Арцёма Ткачука, місіянера і сацыяльнага работніка, распачалася кампанія “Католік не фальсіфікуе”. Яе задачай была папулярызацыя сярод шырокіх колаў людзей каталіцкага веравызнання ідэі пра тое, што сумленныя выбары — гэта пытанне не толькі палітычнае, але і маральнае, датычнае веры і жыцця згодна з верай.
Менавіта жаданне сумленных, празрыстых і дэмакратычных выбараў аб’яднала людзей незалежна ад іх палітычных перакананняў на шляху да перамен і справядлівасці дзеля агульнага дабра. Так здарылася, што я, Святлана Ціханоўская, звычайная беларуская жанчына, якая, як і большасць беларусаў, не цікавілася падзеямі і была палітычна пасіўнай, займалася выхаваннем сваіх дзяцей, мусіла была прыняць на сябе гэтую місію — стаць лідэрам руху за сумленныя і справядлівыя выбары. Разам са мной гэтую долю падзялілі Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала. Кожная з нас стала на той шлях не дзеля ўлады, але каб вярнуць людзям веру ў тое, што голас кожнага чалавека мае значэнне, што салідарнасць можа рабіць цуды, што любоў і ненасілле мацнейшыя за гвалт.
Гэты шлях стаў для нас нялёгкім. Беларускі народ зведаў лёс падарожніка, які, у прыпавесці пра Добрага Самараніна (Лк. 10:25-37), ішоў з Іерусаліма ў Іерыхон і “трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога”. Беларускі народ быў абрабаваны — у яго скралі галасы на выбарах і права ведаць праўду пра вынікі выбараў. “Выйсце толькі адно, — так звярнуўся да беларускага народа біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, — трэба шукаць праўду!.. І трэба ведаць, што праўды напэўна не будзе там, дзе ёсць гвалт” [1]. Мітрапаліт Мінскі Тадэвуш Кандрусевіч падтрымаў людзей у іх законным імкненні да праўды: “Людзі маюць права ведаць праўду, якую нельга прыносіць у ахвяру, каб дагадзіць чыімсьці палітычным ці кан’юнктурным інтарэсам” [2].
Ахопленыя імкненнем да праўды пра вынікі выбараў, не дапушчаныя да падліку галасоў, людзі выйшлі на мірную дэманстрацыю. У адказ грамадзян, журналістаў і проста мінакоў расстрэльвалі светлашумавымі гранатамі і гумовымі кулямі, збівалі, арыштоўвалі, катавалі, бесчалавечна зневажалі, забіралі іх дзяцей у прытулкі. Здароўю тысяч чалавек была прычынена вялікая шкода, а некаторыя беларусы нават страцілі сваё жыццё — Аляксандр Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў, Аляксандр Віхор, Канстанцін Шышмакоў, Мікіта Крыўцоў, Раман Бандарэнка. Скрываўленыя, з выбітымі зубамі, з разарванымі жыватамі, з пераламанымі рукамі і нагамі, параненыя, не здольныя ўжо нават крычаць ад болю, нашы бездапаможныя суайчыннікі ляжалі ў аўтазаках, на зямлі ў дварах пастарункаў і на бетонных падлогах турмаў.
У адказ на гэты жудасны гвалт жанчыны выйшлі на вуліцы беларускіх гарадоў; потым лекары, музыкі, спартоўцы, навукоўцы, студэнты, пенсіянеры, людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Архіепіскап Гродзенскі Беларускай Праваслаўнай Царквы Арцемій назваў жаночы пратэст, калі на вуліцы выйшлі жонкі, маці, сёстры збітых сыноў, мужоў і братоў — з кветкамі і ўсмешкамі — сапраўдным цудам, рэалізацыяй духоўнага закону: “Не будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром!” (Рым. 12:21). Такім чынам, любоў “вярнула мір і спыніла гвалт”, яна стала гаючай сілай “ад таксінаў зла і агрэсіі” [3]. Епіскапіня Евангелічнай Царквы Германіі Петра Боссэ-Хубэр убачыла ў смелых беларускіх жанчынах, якія ідуць па шляху святла і любові, і выконваюць прынцып гэтага духоўнага закону, “вобраз Марыі, Якая абараняе і ахоўвае Сваім пакровам” [4]. З Марыяй, Якая без страху стаяла ў крыжа і глядзела на пакуты Свайго Сына, параўнаў беларускіх жанчын і рыма-каталіцкі біскуп Юрый Касабуцкі: “Вы ўзялі кветкі, вы выйшлі, вы сталі, вы паказалі ўсяму свету тое, што збянтэжыла ўсіх людзей… Вашы ўсмешкі – вы проста гэтым усім паразілі, усе былі у шоку… Вы выйшлі, і вы дабром пачалі перамагаць зло… Вы, можа, не ведаючы самі таго, вы сваім дабром перемаглі д’ябла… Нашыя беларускія дзяўчаты, жанчыны, нашыя дочкі, сёстры, жонкі, мамы, бабулі – гэта героі нашага часу” [5].
Жанчыны-хрысціянкі таксама былі аднымі з першых, хто арганізаваў адмысловыя малітвы за Беларусь ва ўмовах узрастання хвалі гвалту і беззаконня супраць мірных дэманстрантаў. З 12 жніўня каталіцкая верніца Ірэна Бярнацкая з Ліды пачала штодзённую малітву на ружанцы ў форме Пампейскай навэны за мір у Беларусі, за што 16 кастрычніка атрымала буйны штраф. 13 жніўня некалькі праваслаўных верніц з Мінска ініцыявалі міжканфесійную малітву ў цэнтры горада, на плошчы паміж Свята-Духавым кафедральным праваслаўным саборам і каталіцкай архікатэдрай Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Праваслаўныя, каталікі, пратэстанты разам маліліся і потым прайшлі хрэсным ходам з харугвамі, іконамі і Бібліямі па вуліцах горада. Таксама ў Мінску група верніц кожны вечар выходзіць маліцца на ружанцы за Беларусь і за вяртанне з выгнання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Маладая грэка-каталічка Марына Булатоўская з Віцебска была аштрафавана за тое, што знаходзілася побач з мірным шэсцем і малілася. Пажылая верніца з Брэста Алена Гнаук укленчыла паміж дэманстрантамі і міліцыяй 4 кастрычніка, каб памаліцца за мір. За гэта яна была пакарана 18 днямі зняволення, а цяпер сутыкнулася і з пагрозай крымінальнага пераследу.
Многія хрысціянскія святары з розных цэркваў не прыпадобніліся да святара і левіта з прыпавесці і не прайшлі міма ў страху апаганіцца “праз мірскія справы”. Іх адказам сталі малітвы, міласэрнасць і ўзвышэнне свайго голасу супраць гвалту і беззаконня.
Дзве вялікія міжканфесійныя малітвы прайшлі ў Мінску і Гродна. У Мінску па ініцыятыве арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча 19 жніўня адбылася міжрэлігійная малітва за мір у Беларусі. Менавіта каталіцкі арцыбіскуп быў ейным ініцыятарам, удзел у якой прынялі святары каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкіх цэркваў, а таксама беларускія іудзеі і мусульмане. У Гродна, з супольнай ініцыятывы арганізацый розных канфесій, 16 жніўня ў гістарычным цэнтры горада адбылася міжканфесійная малітва-шэсце з плакатамі духоўнага зместу і супраць гвалту, за мірнае вырашэнне палітычнага крызісу і вызваленне нявінна арыштаваных. На вуліцу выйшлі святары і вернікі пяці хрысціянскіх канфесій, а таксама прадстаўнікі іудзейскай абшчыны.
Пратэстанты штодзень маліліся ў цэнтры Мінска, а адмысловыя набажэнствы ладзіліся ў многіх праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх цэрквах. У Гродна ў праваслаўных храмах кожную гадзіну білі ў звон. У верасні ў рымска-каталіцкіх касцёлах па ініцыятыве арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча праходзіла перагрынацыя статуі св. Арханёла Міхала — пераможцы злога духа, патрона Касцёла ў Беларусі, — у інтэнцыі хутчэйшага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу. Пры праваслаўным мітрапаліце Мінскім Паўле, які ўзяў прыклад з ініцыятывы верніц, якія распачалі малітвы ля кафедральнага сабора, малітвы за Беларусь сталі штодзённымі. Наступнік мітрапаліта Паўла, новы лідэр Беларускай Праваслаўнай Царквы мітрапаліт Мінскі Веніямін, двойчы заклікаў паству да посту на працягу некалькіх дзён. У многіх абшчынах па ўсёй Беларусі праводзіліся малітвы і хрэсныя хады, нягледзячы на тое, што нават малітва за Беларусь рабілася небяспечнай — у Ваўкавыску каля пятнаццаці ўдзельнікаў малебна за Беларусь, які праходзіў у праваслаўным храме ў гонар святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла, былі затрыманы.
Святары таксама аказвалі міласэрнасць і выказвалі салідарнасць з тымі, хто пакутуе. З першых дзён пратэстаў грэка-каталіцкі святар Ігар Кандрацьеў далучыўся да дэманстрантаў у Брэсце з малітвай і словамі падтрымкі. Ён цэлыя дні праводзіў на вуліцах горада і пад сценамі мясцовай турмы, каб дамагчыся вызвалення збітых затрыманых. За гэта на яго ціснулі і пагражалі скасаваць рэгістрацыю яго парафіі. Праваслаўныя, каталіцкія, пратэстанцкія святары і пастары сустракаліся ля сцен ізалятараў, дзе ўтрымліваліся затрыманыя і арыштаваныя. У намётавым лагеры валанцёраў ля турмы на вуліцы Акрэсціна ў Мінску дзейнічаў малітоўны куток. Праваслаўныя і каталіцкія святары ў Гродна і Мінску спрабавалі перадаць зняволеным ваду, ежу і рэчы першай неабходнасці, і гігіенічныя сродкі. Святары прыходзілі на суды — у Ваўкавыск праваслаўныя святары прыехалі з розных гарадоў Беларусі, каб падтрымаць свайго калегу, святара Аляксандра Богдана, суд над якім адбываўся двойчы. Святары чатырох хрысціянскіх канфесій прыйшлі ў Гродна на суд над вядомым хірургам, вернікам Аляксандрам Цыліндзем.
Некаторыя святары выходзілі і на адкрыты пратэст супраць гвалту і беззаконня. З 13 жніўня на вуліцы Гомеля з плакатам “Спыніце гвалт” выйшаў праваслаўны святар Уладзімір Драбышэўскі. У верасні гэты святар двойчы запар быў асуджаны і правёў пад арыштам 25 дзён. У самы першы вечар пасля выбараў, 9 жніўня, былі арыштаваны два каталіцкія святары-сэрцане Эдуард Сінкевіч (10 дзён) і Аляксандр Фядотаў (8 дзён). У розных гарадах святары далучался да ланцугоў салідарнасці, падтрымлівалі мірных людзей, а ў Лідзе праваслаўныя святары частавалі жанчын-дэманстрантак марозівам. Многія адчынялі дзверы праваслаўных і каталіцкіх храмаў, каб мірныя пратэстуючыя маглі схавацца ад несправядлівага гвалту і жорсткасці з боку міліцыі; выходзілі з храмаў, каб пагутарыць з міліцыяй (у Жодзіна, Лідзе, Гродна і Мінску), але і гэта не заўсёды дапамагала. Так, 26 жніўня міліцыя заблакавала мірных дэманстрантаў і журналістаў у мінскім Чырвоным касцёле ў гонар святых Сымога і Алены, а 11 верасня на ўваходзе ў гэты храм былі брутальна затрыманы некалькі верніц.
Акрамя таго, святары рабілі запісы ў сацыяльных сетках, блогах, прамаўлялі казанні, выступалі ў СМІ, пісалі вершы, але галоўнае — слухалі шматлікія гісторыі пра перажыты гвалт і катаванні, трымалі за руку, абдымалі за плечы, выціралі слёзы, плакалі разам з тымі, хто плача, суцяшалі тых, хто бядуе, маліліся за тых, хто пакутуе ад цялесных і душэўных ран, дапамагалі матэрыяльна, былі побач са сваімі парафіянамі. Двойчы на тыдзень у сваім відэаблогу на Юцьюбе рымска -каталіцкі святар Вячаслаў Барок з мястэчка Расоны разважае пра энцыкліку Fratelli Tutti і прымяненне сацыяльнага вучэння Касцёла ў пасядзённым жыцці. 12 лістапада 2020 мясцовы аддзел Следчага камітэта дапытаў святара. Яму пагражае пакаранне паводле крымінальнага артыкула [6].
У сваіх афіцыйных заявах беларускія цэрквы заклікалі да дыялогу і міру. 16 жніўня Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы заявіў пра неабходнасць спынення гвалту [7]. У жніўні 50 пратэстанцкіх пастараў звярнуліся з лістом да народа Беларусі [8]. Гэтыя намаганні прыняць удзел у мірным вырашэнні крызісу заслугоўваюць высокай ацэнкі. Галоўным жа заахвочвальнікам дыялогу, які рознымі шляхамі спрабаваў вызначыць працаздольную “архітэктуру міру” (§231), быў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Ён выступіў самым першым, калі 11 жніўня заявіў пра неабходнасць дыялогу [9], а праз некалькі дзён звярнуўшыся да ўлад з заклікам “распачаць канструктыўны дыялог з грамадствам, спыніць насілле і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзянаў” [10]. 21 жніўня мітрапаліт нават ініцыяваў сустрэчу з міністрам унутраных спраў Юрыем Караевым, каб асабіста запытацца пра той неабмежаваны гвалт, які ў дачыненні да мірных грамадзян ужываюць супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Мітрапаліт Кандрусевіч усімі спосабамі спрабаваў знайсці шляхі для вырашэння канфлікту і зняцця напружанасці — праз малітву, міжканфесійнае супрацоўніцтва, заклікі да дыялогу і звароты да дзяржаўных улад. Тадэвуш Кандрусевіч увасобіў прыклад рэлігійных лідэраў, якія “пакліканы быць сапраўднымі “людзьмі дыялогу”” (§284). Ён стаў прыкладам “сапраўднага медыятара” (§284), які голасна заяўляе пра неабходнасць дыялогу і “шчодра прысвячае сябе справе, аж да знясілення, ведаючы, што адзіным здабыткам ёсць мір” (§284). Ён выступіў прадстаўніком такога Касцёла, “які служыць, які выходзіць з дому, выходзіць са сваіх святыняў, выходзіць са сваіх сакрыстый, каб суправаджаць жыццё, падтрымліваць надзею, быць знакам адзінства […], каб будаваць масты, разбураць муры, сеяць насенне прымірэння” (§276).
Але на яго словы пра мір, дыялог, міласць, праўду і ненасілле ўлада адказала рэпрэсіямі, заявіўшы, што не справа царквы “умешвацца ў палітыку” [11]. У выніку, мітрапаліт апынуўся ў выгнанні, дзе знаходзіцца ўжо амаль тры месяцы.
Мы, беларускі народ, жадаем дыялогу. Са свайго боку мы стварылі дыялогавую пляцоўку — Каардынацыйную раду, куды ўвайшлі аўтарытэтныя прадстаўнікі палітыкі, навукі, культуры, бізнесу, медыя, спорту, дабрачыннасці, да актыўнага ўдзелу былі запрошаны і рэлігійныя супольнасці. У Каардынацыйнай радзе дзейнічае таксама Рабочая группа “Хрысціянская візія”, якую стварылі багасловы, святары, актыўныя вернікі праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх цэркваў і якая з’яўляецца прыкладам міжканфесійнага супрацоўніцтва і дыялогу дзеля агульнага дабра.
Мы імкнемся да праўды і аднаўлення справядлівасці, да спынення гвалту і вызвалення палітычных вязняў, да новых, сумленных, справядлівых, дэмакратычных выбараў. Гэта не барацьба палітычных ідэалогій і кланаў, партый і сацыяльных груп. Гэта жаданне жыць у грамадстве, пабудаваным на цвёрдым падмурку праўды, справядлівасці, любові і дыялогу. Гэта не толькі наша права, але цяпер гэта — наш абавязак, бо мір і дараванне, як кажаце Вы самі, “не толькі не скасоўвае неабходнасці” адстойваць свае справядлівыя правы, “але насамрэч яе патрабуе” (§241).
Але як будаваць гэты дыялог? Як патрабаваць справядлівасці, калі адзін бок — той, у якога ёсць зброя і ўлада, — не збіраецца ні вяртаць скрадзеныя галасы, ні аднаўляць справядлівасць, ні спыняць гвалт і рэпрэсіі, але прапануе “рухацца далей”, “перагарнуць старонку” і змірыцца з несправядлівасцю, бо, маўляў, трэба “глядзець у будучыню” (§249)?
Мы таксама глядзім у будучыню і марым пра будучыню, але наша бачанне новай Беларусі — гэта братэрская супольнасць салідарнасці і ўзаемадапамогі, якую мы зведалі на ўласным вопыце, і працягваем перажываць цяпер, і якая жывіць нашы надзеі на будучыню.
Нягледзячы на ўсе рэпрэсіі і гвалт, пратэст застаецца мірным. Больш за тое, у ім, як рошчына ў цесце, разрастаецца дух узаемадапамогі і салідарнасці. Нашы вочы ўжо бачылі, нашы вушы ўжо чулі, нашы рукі ўжо адчувалі, мы ўжо прадчуваем тое грамадства, якім можа быць Беларусь. Мы ведаем, чаго хочам і да чаго імкнемся — да новай братэрскай, салідарнай, інклюзіўнай Беларусі, якая ўжо існуе ў гарадскім квартале, дзе суседзі яшчэ ўчора не ведалі адзін аднаго, а сёння збіраюцца разам, каб піць гарбату, частаваць адзін аднаго пірагамі, разам спяваць і танчыць. Яна існуе ў бізнесе, дзе прыватныя медыцынскія цэнтры бясплатна праводзяць дыягностыку і лячэнне пацярпелых ад міліцэйскага гвалту, а станцыі тэхнічнага абслугоўвання рамантуюць іх аўтамабілі; дзе супрацоўнікі кветкавых крам дораць жанчынам-дэманстранткам кветкі, а кандытарскія частуюць іх цукеркамі. Яна выяўляе сябе ў вулічным хоры пенсіянераў, якія спяваюць духоўны гімн “Магутны Божа”. Яна ў лекцыях філосафаў на дзіцячай пляцоўцы ў квартале шматпавярховікаў. Яна — у шчырай малітве праваслаўных і пратэстанцкіх вернікаў ля сцен Чырвонага касцёла ў падтрымку выгнанага каталіцкага арцыбіскупа. Яна нараджаецца ў працоўных калектывах, ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях, у арт-студыях, у малітоўных гуртках, у вясковых клубах. Твары і дзеянні мірнага руху беларусаў такія розныя, яны ўключаюць “мільёны дзеянняў, вялікіх і малых, творча пераплеценых, як словы ў вершы” (§169), але мы ўсе жывем адной марай і адным бачаннем — братэрскага грамадства.
Праз тры месяцы пасля пачатку пратэстаў адбылася новая трагедыя. 11 лістапада 31-гадовага мастака Рамана Бандарэнку невядомыя выкралі ў двары яго ўласнага дома, пасля чаго ён апынуўся ў аддзяленні міліцыі. Адтуль яго даставілі ў бальніцу ў коме пасля жорсткага збіцця, і назаўтра ён памёр. Смерць Рамана ўзрушыла ўсё беларускае грамадства. Вернікі розных канфесій сабраліся на малітвы за спачын яго душы. На памінальнай імшы ў мінскім Катэдральным касцёле было не меньш людзей, чым на Божае Нараджэнне і Вялікдзень, а на яго адпяванне перад пахаваннем, якое адбылося ў праваслаўнай царкве ў гонар Уваскрасення Хрыстовага 20 лістапада, сабраліся тысячы людзей.
У нядзелю 15 лістапада людзі з усяго Мінска прыйшлі ў двор, дзе жыў Раман, каб ушанаваць яго памяць. Улады адрэагавалі гранічна жорстка — больш за тысячу ўдзельнікаў жалобнага шэсця былі затрыманыя, а стыхійны мамарыял са свечак і кветак быў знішчаны. З’яўляюцца ўсё новыя ахвяры тэрору, але дзяржава не бачыць праблемы, не ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы супраць адказных за гэтыя злачынствы. Наадварот — пракуратура карае папярэджаннем каталіцкага вікарнага біскупа Юрыя Касабуцкага і прэс-сакратара Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэя Сергія Лепіна, якія публічна асудзілі знішчэнне мемарыяла. Смерць Рамана, як і пакуты ўсяго народа, прымушаюць нас не спыняцца, але шукаць адказы на пытанні…
Колькі нам яшчэ давядзецца прайсці гэтым шляхам? Колькі яшчэ будзе арыштаваных, звольненых, збітых і выгнаных з краіны, перш чым наш голас будзе пачуты ўладамі? Хто дапаможа нам узняцца і залечыць нашы раны? Хто дапаможа нам аднавіць справядлівасць? Калі ў Беларусь зможа вярнуцца мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які спрабаваў быць голасам царквы і голасам народа? Ці здолее голас царквы і голас народа прабіцца праз браніраванае шкло аўтамабіляў, праз шчыты міліцыі, праз адключаны інтэрнэт? Якое прароцкае слова мае сілу разбурыць гэтыя сцены і пабудаваць масты?
Ад імя беларускага народа, мы просім Вашых святых малітваў і Вашага шчырага слова праўды і справядлівасці, якія былі б для ўсіх нас блаславеннем,
Святлана Ціханоўская
————————
[1] Выйсце адно — шукаць праўду. Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч выступіў са Зваротам з нагоды масавых пратэстаў у краіне, 12/08/2020 // https://catholic.by/3/news/belarus/11996-vyjstse-adno-shukats-pra-du-b-skup-v-tsebsk-aleg-butkev-ch-vystup-sa-zvarotam-z-nagody-masavykh-pratesta-u-kra-ne
[2] Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да дзяржаўных уладаў Рэспублікі Беларусь, 14/08/2020 // https://catholic.by/3/news/belarus/12014-zvarot-artsyb-skupa-tadevusha-kandrusev-cha-da-dzyarzha-nykh-ulada-respubl-k-belarus
[3] Обращение Архиепископа Артемия Гродненского и Волковысского, 14/08/2020 // https://belarus2020.churchby.info/obrashhenie-arxiepiskopa-artemiya-grodnenskogo-i-volkovysskogo/; Öffentlicher Appel von Artemij, Erzbischof von Grodno und Volkovysk, 14/08/2020 // https://belarus2020.churchby.info/offentlicher-appel-von-artemij-erzbischof-von-grodno-und-volkovysk/ (па-нямецку)
[4] Bild der schützenden und schirmenden Maria ist wie ein Vorbild, EKD-Auslandsbischöfin bekundet Solidarität mit Mitgliedern der Arbeitsgruppe „Christliche Vision“ des oppositionellen Koordinierungsrates für Belarus, 12/10/2020 // https://www.ekd.de/bild-der-schuetzenden-und-schirmenden-maria-ist-wie-ein-vorbild-59577.htm (па-нямецку)
[5] Казань біскупа Юрыя Касабуцкага, Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, 5/09/2020 //https://belarus2020.churchby.info/kazan-biskupa-yuryya-kasabuckaga-generalnaga-vikaryya-minska-magilyo%d1%9eskaj-arxidyyacezii-5-09-2020/
[6] Viachaslau Barok. Dear Papa, tell me, how do you see your role when talking about Belarus? // https://www.youtube.com/watch?v=CajfYcdOQzg (Па-беларуску з рускімі, англійскімі, нямецкімі і польскімі)
[7] Обращение Синода Белорусской Православной Церкви к народу Республики Беларусь о прекращении народного противостояния, 15/08/2020 //. http://www.church.by/news/obrashenie-sinoda-belorusskoj-pravoslavnoj-cerkvi-k-narodu-respubliki-belarus-o-prekrashenii-narodnogo-protivostojanija (In Russian)
[8] Открытое обращение Евангельских протестантских церквей к народу Беларуси, 20/08/2020 // https://belarus2020.churchby.info/otkrytoe-obrashhenie-evangelskix-protestantskix-cerkvej-k-narodu-belarusi/ (In Russian)
[9] Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў сувязі са складанай грамадска-палітычнай сітуацыяй у Беларусі, 11/08/2020 // https://catholic.by/3/news/belarus/11991-zvarot-artsyb-skupa-tadevusha-kandrusev-cha-suvyaz-sa-skladanaj-gramadska-pal-tychnaj-s-tuatsyyaj-u-belarus
[10] Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да дзяржаўных уладаў Рэспублікі Беларусь, 14/08/2020 // https://catholic.by/3/news/belarus/12014-zvarot-artsyb-skupa-tadevusha-kandrusev-cha-da-dzyarzha-nykh-ulada-respubl-k-belarus
[11] Лукашенко: церкви, костелы — не для политики, 22/08/2020. БелТА. // https://www.belta.by/president/view/lukashenko-hramy-kostely-ne-dlja-politiki-403780-2020