Ксёндз Барок на Радыё Рацыя: Трэба бараніць праваслаўную царкву
ВячаслаўБарок
Рымска-каталіцкі святар Віцебскай дыяцэзіі. Душпастыр беларусаў у Варшаве. Блогер.
Радыё Рацыя: Чаму вас, ксяндза, зачапіла атака на ўніяцкіх вернікаў. Можа быць, вы проста пакрыўдзіліся, што вас палічылі калісьці святаром, які ўносіць міжрэлігійную розніцу? Так, здаецца, вы казалі. І вы вырашылі “тыкнуць носам” праваахоўныя органы, улады, што сапраўды адбываецца міжрэлігійная розніца, калі высокі праваслаўны чын выступіў з такім лістом, не вельмі прыгожым, скажам так.
Вячаслаў Барок: Безумоўна, гэта не ёсць ніякія асабістыя стаўленні да мітрапаліта Веніяміна. Нічога асабістага, гэта толькі клопат пра праўду Евангелля і пра тую любоў, якую прапаведуе Хрыстос.
Дык вось, калі праваслаўны іерарх дазваляе сабе пісаць ліст падначаленым біскупам па ўсёй Беларусі, у якім, між іншым, заклікае прымаць усе неабходныя меры ў не дапушчэнні прапаганды ў свеце і развіцці дзейнасці грэка-каталікоў у нашай краіне, канешне, я вымушаны сказаць, што нельга так рабіць. Таму што заклікаць да варожасці да іншых канфесій – гэта няправільна і супярэчыць прынцыпу хрысціянства.
Я сам не з’яўляюся грэка-каталіком, гэта праўда. Тут быў напад прадэманстраваны на ўніятаў, грэка-католікаў, але ж разам з тым я з’яўляюся перадусім хрысціянінам, рыма-каталіком. Але калі выступаюць супраць грэка-каталікоў, я таксама маю абавязак бараніць сваіх братоў па веры. Больш за гэта, хацелася б сказаць, што я хоць сам рыма-католік, але ў мяне вельмі шмат сяброў праваслаўных, пратэстантаў, і мне прыкра, калі высокі іерарх праваслаўнай царквы заклікае да пераследу іншых вернікаў. Тут трэба бараніць не толькі грэка-каталікоў, а тут трэба бараніць праваслаўную царкву, бо гэтае выступленне, гэты ліст – адыход ад вернасці праваслаўнай царкве. Мы не можам сабе дазволіць, каб хтосьці сёння перапісаў праваслаўную веру і сказаў, што сутнасць у праваслаўі – гэта змаганне з каталікамі ці змаганне з уніятамі. Гэта абсурд.
І вось тут наогул можна ставіць сабе пытанне: ці я такі чалавек, які заахвочвае пераследаваць іншых хрысціянаў, перашкаджаць іхняму развіццю, ці наогул я ёсць хрысціянінам. Вось у чым уся справа.
І таму я кажу, што трэба бараніць праваслаўную царкву. Бо калі хочам сёння разваліць ушчэнт праваслаўную царкву, давайце тады дазволім рабіць такія заявы, якія супярэчаць Евангеллю. І гэта будзе найлепшая магчымасць забіць апошні цвік у труну праваслаўнай царквы, а гэтага б мне не хацелася. Мне хацелася б, каб мы ў Беларусі, католікі, праваслаўныя, уніяты, пратэстанты, жылі ў згодзе, каб мы адзін аднаго любілі і паважалі. Вось у чым праблема.