Крыж і скальпель
У Гародні сабраліся судзіць вядомага доктара-хірурга. Уся “віна” гарадзенца Аляксандра Цыліндзя палягае ў тым, што ён стаяў на вуліцы гораду з іконай на шыі і маліўся, побач была жонка з крыжам. Абраз, даруйце за каламбур, абразіў “блюстителей порядка” і на чалавека склалі пратакол за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
На першы раз суд не адбыўся. На адміністрацыйны працэс прыйшло каля 70 чалавек, яны прыйшлі падтрымаць аўтарытэтнага лекара і шчырага хрысціянскага верніка. Прыйшлі да будынка суда і святары, прычым ажно чатырох хрысціянскіх канфесій! Напэўна такая прысутнасць збянтэжыла тых, хто прымае ўсе рашэнні ў гэтым горадзе, разгляд справы перанеслі. Перанеслі зусім не таму, што ў некага прачнулася сумленне ці прававы сумнеў. Проста прадстаўнікі карнай сістэмы не захацелі лішняга грамадскага розгаласу.
У той сама дзень у Ваўкавыску судзілі праваслаўнага святара. Правініўся шаноўны іерэй Аляксандр Богдан перад пільнымі ўладамі тым, што ўсклаў кветкі да мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея. Святар прыйшоў да будынку, усклаў кветкі, ціха памаліўся. Але кветкі былі ўскладзены ў памяць пра загінуўшага ў жніўні маладога дырэктара культурніцкай установы Канстанціна Шышмакова. Таго самага, які адмовіўся ў выбарчы вечар падпісваць пратакол з фальшывымі вынікамі галасавання. Міліцыя, якую ўжо невядома як і называць, угледзела ў гэтым ускладанні кветак парушэнне заканадаўства. У выніку Ваўкавыскі суд не наважыўся аштрафаваць святара, але яму абвесцілі папярэджанне. Юрыдычна гэта ўсё роўна азначае, што святар, які ўсклаў кветкі, прызнаны судом вінаватым. У Гомелі з іншым праваслаўным святаром Уладзімірам Драбышэўскім увогуле не сталі цырымоніцца. Спярша яго за тое, што выйшаў пад вокны будынку мясцовага Следчага камітэту з плакатам “Спыніце гвалт!” арыштавалі на 10 сутак, а ўслед за іншы выхад на вуліцу яму прысудзілі яшчэ 15 сутак зняволення ў вязніцы. Царкоўнае кіраўніцтва з свайго боку не асмелілася пазбавіць бацюшку святарскага сану, але ж чамусьці вызваліла Драбышэўскага ад выканання царкоўных абавязкаў.
Тыя, хто раней не сутыкаўся з такім “правасуддзем” шчыра здзіўляюцца, што такое магчыма ў дваццатых гадах 21-га стагоддзя. Але няма мяжы крывадушнасці і жорсткасці гэтай сістэмы. Ды няма ў ёй і загадкі – ад пачатку гэтая ўлада культывавала адраджэнне ўсяго горшага савецкага, таго, што было звязанае з сталінізмам, маральным і фізічным знішчэннем людзей. Таго, што было скіравана на знішчэнне і нацыянальных і рэлігійных каштоўнасцяў. Так што больш дзіўна, што такі працяглы час іерархі і клір асноўных хрысціянскіх канфесій па-сутнасці ішлі у цесным звязку з такой уладай і дакладна былі досыць лаяльныя да яе дзеянняў. Паваротным пунктам стаў хіба так званы Курапацкі крыжалом, калі ўлада адкрыта перайшла апошнюю мяжу прыстойнасці. Ну а падзеі збіванняў, катаванняў, забойстваў мірных людзей 9-12 жніўня канчаткова паставілі ўсіх перад маральным выбарам. Нават чужародны паходжаннем для Беларусі мітрапаліт Павел, які ніколі не быў заўважаны ў асаблівых сімпатыях да беларусаў, не вытрымаў і выказаўся супраць гвалту. Яго неадкладна замянілі. Цяпер у Беларусі новы праваслаўны мітрапаліт – Веніямін, упершыню ў гісторыі Беларусі мясцовы паходжаннем. Ад яго асобы ў значнай ступені будзе зараз залежаць лёс праваслаўнай царквы ў Беларусі. А вось каталіцкага мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які цвёрда асудзіў агрэсію ўладаў, зусім не пускаюць у Беларусь. Прычым насуперак усяму існаму заканадаўству. Але пра якое заканадаўства тут можна гаварыць…
Вядома дакладна, што такія дактары як Аляксандр Цыліндзь і яму падобныя, а многія дактары сёлета выявілі сябе вельмі годна, будуць і далей крыжам і скальпелем змагацца за здароўе і жыццё іншых, нават тых, хто зараз чыніць выразнае зло. Такія святары як Уладзімір Драбышэўскі будуць і надалей маліцца за душы не толькі пацярпелых і загінуўшых ад гвалту, але і іх крыўдзіцеляў. Бо такія людзі, як Цыліндзь, Драбышэўскі і складаюць агульнае сумленне нацыі. А вось тыя, хто іх незаконна і подла пераследуе, ужо трапілі ў жыццёвую Кнігу Ганьбы, іх нашчадкі будуць саромецца сваіх прозвішчаў, а магчыма і мяняць іх. Бо Праўда ўрэшце ўсё роўна пераможа.