Народны экуменізм: год флэшмобу “Праваслаўныя разам з Тадэвушам Кандрусевічам”
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Год таму беларускія памежнікі не пусцілі ў Беларусь мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які вяртаўся з польскай камандзіроўкі. Раней арцыбіскуп заклікаў да вырашэння поствыбарнага грамадскага крызісу праз дыялог у фармаце круглага стала, маліўся ля ЦІП на Акрэсціна, а таксама сустрэўся з міністрам унутраных спраў Юрыем Караевым, каб “данесці сілавым структурам пазіцыю Касцёла, які рашуча выступае супраць жорсткага абыходжання з людзьмі”.
У адказ на дзеянні ўладаў вернікі арганізавалі флэшмоб “Праваслаўныя разам з Тадэвушам Кандрусевічам”. Сімвалам акцыі стала выява Арханёла Міхаіла, імя якога ў перакладзе са старажытнагабрэйскай мовы значыць “Хто як Бог”. Лацінскі пераклад гэтага воклічу — Quis ut Deus — біскупскі дэвіз Кандрусевіча. Гэтую выяву ўдзельнікі флэшмоба посцілі ў сацыяльных сетках, трымалі ў руках падчас вулічных пратэстаў. Акцыя такога кшталту, калі праваслаўныя масава выразілі салідарнасць з каталіцкім іерархам, не мае аналагаў у беларускай гісторыі.
Лёсу Тадэвуша Кандрусевіча надавала вялікую ўвагу Святлана Ціханоўская ў адкрытым лісце Папу Францішку, падкрэсліваючы ролю арцыбіскупа як “сапраўднага пасярэдніка”, што выступіў прадстаўніком такой царквы, “якая служыць, якая выходзіць з дому і выходзіць са сваіх храмаў, выходзіць са сваіх сакрыстый, каб суправаджаць жыццё, падтрымліваць надзею, быць знакам адзінства, будаваць масты, разбураць сцены, сеяць насенне прымірэння”.
Напрыканцы 2020 года Тадэвуш Кандрусевіч атрымаў дазвол вярнуцца ў Беларусь. 24 снежня іерарха сустрэлі ў Мінску. 3 студзеня 2021 года, у дзень, калі арцыбіскуп дасягуў пенсійнага ўзросту — 75 гадоў, Папа Францішак прыняў яго адстаўку і прызначыў Адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Казіміра Велікасельца, старэйшага за Тадэвуша Кандрусевіча на год.