Касцёльны камітэт Чырвонага касцёла не здаецца. «Мы адмаўляемся выносіць рэчы з касцёла»
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
16.10.2022 г. адбылося паседжанне касцёльнага камітэта парафі Святога Сымона і Святой Алены, на якім удзельнікі абмеркавалі бягучую сітуацыю. Мы прыводзім ліст камітэта цалкам:
1. Касцёльны Камітэт катэгарычна не згодны з пастаноўкай пытання аб раптоўным скасаванні дамовы арэнды. Парафію прымушаюць імгненна вызваліць памяшканне касцела і плябаніі, на што парафія не мае ні фізічных, ні юрыдычных, ні матэрыяльных сродкаў. На наша запатрабаванне (№30 ад 10.10.2022 “Аб прадстаўленні дакументаў”), якое было даслана ў КУП “Мінская спадчына” з просьбай прадаставіць копію, або даць магчымасць азнаёміцца з дакументацыяй, якая на сёняшні дзень знаходзіцца ў касцёле і да якой не маюць доступу прадстаўнікі касцёла, адказу няма. А адсутнасць магчымасці працаваць з дакументацыяй паралізавала юрыдычную і фінансавую дзейнасць парафіі. Нам таксама не прадстаўлены і акт агляду памяшканняў комплекса будынкаў Чырвонага касцёла ад 03.10.2022. Толькі атрымаўшы неабходныя дакументы мы можам прадметна разглядаць справу і абмяркоўваць варыянты дзеянняў.
2. Падрыхтоўкай касцёла да асення-зімовага перыяду займаецца КУП “Мінская спадчына”. Менавіта гэта арганізацыя рыхтуе пашпарт гатоўнасці да асення-зімовага перыяду, у тым ліку адказвае і за спраўнасць ліній электрасетак і электраабарудавання. Таму мы не згодны з абвінавачаннем парафіі ў меркаванай прычыне ўзгарання, якая адзначана ў Пратаколе № 5 ад 26.09.2022 паседжання камісіі па надзвычайных сітуацыях пры адміністрацыі Маскоўскага р-на г.Мінска: “парушэнне правіл эксплуатацыі электрасетак і электраабарудавання”. Узгаранне адбылося ноччу, калі нагрузка на электрасеткі была мінімальная.
3. Паколькі да гэтага дня ні прадстаўнікам касцёльнага камітэта, ні святарам, якія служаць у касцеле, ні біскупам, ні нават Мітрапаліту не была дадзена магчымасць убачыць сваімі вачыма пашкоджанні і пераканацца ў аварыйным стане касцёла (а ўзгаранне падцверджана толькі ў прыбудове да касцёла), то мы адмаўляемся выносіць рэчы з касцёла, бо лічым гэта беспадстаўным і немагчымым з вышэй азначанай прычыны. Тое, што прадстаўнікам парафіі забаронены ўваход у касцёл, а супрацоўнікам КУП “Мінская спадчына” і іншых арганізацый ён не абмежаваны, выклікае недавер і падазронасць.
4. Акрамя гэтага мы не атрымалі адказ на пытанне ці быў складзены акт апісання касцёльнай маёмасці, якая знаходзіцца ўнутры будынка, не паведамлена, якая ўстанова і у чыёй асобе нясе адказнасць за яе захаванне і таксама за грашовыя ахвяраванні вернікаў, якія знаходзяцца ўнутры будынка, хто праводзіў перапіс і ўлік вышэйазначаннага . Нам таксама не прадставілі дакументы, на падставе якіх для нас абмежаваны доступ у касцёл.
5. Да гэтага часу не выкананы п.1.1.5. пратакола пасяджэння камісіі па надзвычайных сітуацыях пры адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска аб стварэнні СУМЕСНАЙ камісіі з прадстаўнікамі КУП “Мінская спадчына” і парафіі аб вызначэнні пашкоджанняў і наступстваў узгарання.
6. Такім чынам, ўсе азначанныя пытанні не вырашаны, а парафія засталася сам на сам з пагрозай страты касцельных каштоунасцяў, а менавіта культавых рэчаў, архіваў, бібліятэкі, прыстасаванняў і механізмаў патрэбных пры ажыццяўленні штодзеннай дзейнасці касцёла. Таму мы не згодны, што на сустрэчы прадстаўнікоў Касцёла з прадстаўнікамі ўлады па справе Чырвонага касцёла 14.10. у Мінгарвыканкаме атрымаўся “канструктыўны дыялог”.
7. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей падкрэсліў, што “гэта – касцёл”. Сапраўды так, гэта – сакральнае, асвечанае месца. Таму і рэмонт у ім павінны адбывацца пад пэўным наглядам і з блаславенства духоўных асобаў.
8. Касцёльны камітэт прапануе зрабіць патрэбны рэмонт за кошт парафіі (ахвяраванні і праца вернікаў), без прыцягнення бюджэтных сродкаў у найхутчэйшы тэрмін.
9. Касцёльны камітэт адзінагалосна пастанавіў хадатайнічаць у кампетэнтныя органы аб перадачы будынка касцёла на баланс парафіі.
Чакаем вашай падтрымкі і малітвы
Касцёльны камітэт парафіі Святога Сымона і Святой Алены