Касцёл за трыбунал
ВячаслаўБарок
Рымска-каталіцкі святар Віцебскай дыяцэзіі. Душпастыр беларусаў у Варшаве. Блогер.
Зпасярод амаль тысячы апатаных на ютуб-канале Ксёндз Барок, 64 адсоткі адказала, што яны самыя або чальцы іх сем’яў пацярпелі ад беззаконных дзеянняў праваахоўчых органаў Лукашэнкі.
Напэўна ў Беларусі, у кантэксце 40 тыс ахвяраў рэжыму …. — гэта нічога дзіўнага. Да гэтых лічбаў можна прыгадаць змест маніторынгу Хрысціянскай візіі пра пераслед у Беларусі на падставе рэлігійнай прыналежнасці. Маніторынг увесь час абнаўляецца і нібы барометр сігналізуе аб безупынным падвышэні градуса напружанасці паміж вернікамі і рэжымам.
У сітуацыі, калі бачым бясконцыя беззаконныя дзеянні беларускай сыстэмы правасуддзя і не ведаем аніводнага прыкладу, каб да адказнасці былі прыцягнутыя прынамсі сілавікі-забойцы 16 смяротных ахвяраў і сілавікі-каты тысячаў мірных грамадзянаў Беларусі, напрошваецца пытанне: як на гэта ўсё рэагаваць нам, пацярпелым?
І я скажу адно: вінаватых трэба судзіць. Згодзен, у сённяшніх умовах не магчыма дабіцца правасуддзя, бо ў Беларусі кола дзяржаўнага тэрору ўсё яшчэ раскручваецца. Пра які суд тут можна казаць?
Як кажа Эклезіяст: «Няскора ўчыняецца суд над благімі справамі; таму не баіцца сэрца сыноў чалавечых чыніць ліхое.» (Экл 8, 11) Аднак, хоць і «няскора», але зло будзе асуджана. І мы павінны на гэта настройвацца.
Пасля Нюрнбергскага працэсу ў 1945-46 гадах …можна мець упэўненасць, што кожны фашызм і ўсе злачынствы супраць чалавечнасці раней ці пазней будуць асуджаныя міжнародным трыбуналам.
У такім святле, асабіста сам навуковую канферэнцыю, арганізаваную беларускаім НАК, што адбылася ў Нюрнбергу 11 кастрычніка 2021 года, успрымаю пазытыўна і са спадзяваннем. Мяркую, ў будучым яе працоўныя вынікі будуць запатрабаваныя ў Беларусі.
Канешне, апаненты будуць казаць, але ж у Бібліі пішацца: «не судзіце і не судзімыя будзеце» (Лк 6, 37). Так, ёсць і такія словы, іх казаў Хрыстос — а таму я і не заклікаю да чынення помсты сілавікам, або тым, хто неправільна карыстаецца ўладай, забыўшыся пра народ. Помста — гэта самасуд. Гэта не па-божаму.
А вось суд і трыбунал, я вернік і святар, ўспрымаю як ласку ад Бога.
У Старым Запавеце Цар Артаксэркс наказваў святару і кніжніку Ездры: «А хто ня будзе выконваць закона Бога твайго і закона цара, над тым не адкладваючы хай чыняць суд…» (Эздр 7, 26)
У Бібліі закон — гэта святое. Загады Бога, вядома, найважнейшыя, а закон цара, можна казаць, быў асноўным законам для грамадства. Для нас жа асноўным законам ёсць Канстытуцыя. Згодна з логікай Божага слова, таго, каму не да законаў, і таго, хто парушае канстытуцыю, абавязкова трэба судзіць.
Гэта і ёсць аргументацыя верніка, чаму ён павінен быць за суд і трыбунал для злачынцаў.
Касцёл у (КСВК518) «стварэнне міжнародных судовых інстанцый, якія карыстаюцца прынцыпамі ўніверсальнай юрысдыкцыі» афіцыйна залічвае да слушных ініцыятыў.
Зрэшты, без суда і пра хрысціянскае прабачэнне гаварыць немагчыма. …
Бо Касцёл перакананы «Узаемнае прабачэнне не павінна адмяняць патрабаванні справядлівасці і, тым больш, не павінна закрываць шлях да праўды. Наадварот, справядлівасць і праўда ўяўляюць канкрэтныя патрабаванні да паяднання.» (КСВК 518)
Вернікам, чакаючым трыбунал над дзяржаўным тэрорам у Беларусі, хачу яшчэ раз прагадаць пра Нюрнбергскі працэс, на ім гучаў даклад і пра злачынствы нацыстаў супраць Царквы ў Германіі…
Брытанскі пісьменнік Антон Гілл пісаў: «нацысты хацелі пасадзіць усіх католікаў у турму, як бы ў іх уласных храмах». А той, хто не згаджаўся на мінімалізацыю ролі касцёла ў грамадстве і выкарыстоўванні яго як інструмента для абслугоўвання патрэб злачыннага рэжыму, падвергаўся рэпрэсіям. У выніку ад нацыстаў пацярпела больш траціны нямецкіх святароў, а 400 з іх прайшло праз канцантрацыйны лагер у Дахаў. У ім наогул было каля 2900 святароў…
Так вось нам, беларусам-вернікам, чакаючы суда над дзяржаўным тэрорам, варта больш прыглядацца да вопыта нямецкага Касцёла. Голас навучання якога гучаў ясна, і прадстаўнікі якога прашлі мучаніцкі шлях.
Хрысціяне, калі толькі яны сапраўдныя, першымі даюць сведчанне ў змаганні са злом.