Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Касцёл у Беларусі страціў голас: якія змены адбыліся ў інфармацыйнай прасторы для мясцовых католікаў

Касцёл у Беларусі страціў голас: якія змены адбыліся ў інфармацыйнай прасторы для мясцовых католікаў

Касцёл у Беларусі страціў голас: якія змены адбыліся ў інфармацыйнай прасторы для мясцовых католікаў
Аўтар
Хрысціянская візія

Арганізацыя"Хрысціянская візія"

Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.

Больш за сем месяцаў галоўны інфармацыйны партал Каталіцкага касцёла ў Беларусі Catholic.by не працуе ў фармаце рэдакцыі. Увогуле не абнаўляецца старонка медыя ў Instagram, якая была найбуйнейшай беларускай каталіцкай старонкай у гэтай сацсетцы. На самім партале прыбралі стужку навін, а асноўныя публікацыі – афіцыйныя паведамленні: віншаванні Мітрапаліта, анонсы, справаздачы.

Чаму і да чаго гэта прывяло, «Хрысціянскай візіі» распавяла асоба, добра знаёмая з працай парталу.

Сайт быў заснаваны як інфармацыйны партал Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, меў рэдакцыю і фактычна быў інфармацыйным агенцтвам Каталіцкага касцёла ў Беларусі. Тут працавалі журналісты, фатографы – была паўнавартасная рэдакцыя.

З часам фінансаванне ад Касцёлаў з іншых краін паступова абразалася, але кантэнт – не толькі той, што дасылалі з месцаў, працягвалі ствараць журналісты. Аднак апошнія гады з усёй рэдакцыі засталося фактычна тры асобы, а затым увогуле дзве – рэдактар ксёндз Аляксандр Улас і адзіны супрацоўнік парталу ксендз Мікалай Гракаў. Гэта адзначаў у сваіх апошніх допісах у сацсетках парталу сам рэдактар.

Біскупская канферэнцыя, якая мусіла ўтрымліваць партал, гэтага не рабіла. Рэдакцыі даводзілася збіраць ахвяраванні па парафіях і данаты праз інтэрнэт. Да праблемы з пастаянным пошукам фінансавання дадаўся прэсінг з боку епіскапату, які ўзмацніў цэнзуру пасля 2020 году, а асабліва пасля таго, калі Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, а затым і старшынёй Канферэнцыі стаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

У выніку ксёндз Аляксандр Улас сышоў з пасады, а стаць новым рэдактарам не хацелі пагаджацца святары, якім прапаноўвалі гэтую ролю. У рэшце рэшт узяць на сябе адказнасць вырашыў ксендз Павел Эйсмант, які з’яўляецца дырэктарам Пастырскага цэнтру, асабістым сакратаром арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча і суправаджае яго ў шматлікіх паездках, мае шэраг іншых абавязкаў.

Відавочна, што святар з такой загрузкай не можа мець часу і рэсурсу на паўнавартасную працу на партале. Таму цяперашняя функцыя рэдактара зводзіцца толькі да таго, каб выставіць на сайт тое, што даслалі і далі адпаведнае ўказанне. Дайшло да таго, што некаторыя тэксты даводзіцца пісаць асабіста арцыбіскупу Станеўскаму.

Такім чынам можна канстатаваць, што знік голас Каталіцкага касцёла ў Беларусі, якім быў раней Catholic.by: не толькі ствараў унікальны кантэнт, але і надаваў тон камунікацыі, фармаваў інфармацыйную павестку.

Акрамя таго, цяпер інфармацыя пра жыццё католікаў Беларусі не акумулюецца ў адным месцы, а раскідана па сайтах дыяцэзій: гэта парталы Мінска-Магілёўскай і Пінскай дыяцэзіі, выданне «Каталіцкі веснік» Віцебскай дыяцэзіі, Grodnensis.by Гродзенскай дыяцэзіі. Каб даведацца навіны з розных куткоў Беларусі карыстальнікам даводзіцца наведваць усе чатыры сайты. Пры гэтым толькі «Каталіцкі веснік» і часткова Grodnensis.by з’яўляюцца рэдакцыямі, а астатнія рэсурсы публікуюць навіны толькі тады, калі атрымаюць кантэнт з месцаў.

Таму далёка не ўсе важныя навіны трапляюць на сайты дыяцэзій. Часам больш інфарматыўнымі аказваюцца старонкі парафій у Instagram. Можна канстатаваць, што інфармацыйная дзейнасць Касцёла перамясцілася ў прастору гэтай сацыяльнай сеткі ў выглядзе не перыядычных допісаў паасобных парафій, манаскіх супольнасцяў, прыватныя праекты духоўных асобаў, але многія з гэтых допісаў з навінамі парафій набіраюць тысячы праглядаў. Таксама некаторыя парафіяльныя паблікі развіваюць уласныя рубрыкі, такія як «Пытанні святару», праяўляюць праактыўнасць і прыцягваюць карыстальнікаў.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост