Касцёл рыхтуецца да новай рэдакцыі закона аб рэлігіях
У інтэрв’ю газеце «Слова Жыцця» кс. Андрэй Зноска, юрысконсульт Гродзенскай дыяцэзіі, канстатаваў: «Вядома, што калі рыхтуецца праект, то будзе і прыняцце новага закона». Святар анансаваў правядзенне І Усебеларускага форуму касцёльнага права. На ім будзе «ўсталёўвацца супрацоўніцтва паміж беларускімі дыяцэзіямі ў прававых пытаннях».
Патрэба падобнага фармату супрацы паміж каталіцкімі дыяцэзіямі выспявала ўжо даўно. Відавочна, што новая рэдакцыя закона аб рэлігіях была апошнім штуршком для Касцёла ў Беларусі. На яго думку «хутчэй за ўсё будзе праходзіць перарэгістрацыя парафій, якая стане добрай нагодай да перагляду і ўнясення паправак у парафіяльныя статуты». «Думаю, што пытанне мэтазгоднасці падрыхтоўкі адзіных парафіяльных статутаў для ўсёй Беларусі будзе ўдзелена асаблівая ўвага таксама і на будучым Усебеларускім форуме касцёльнага права», — падкрэсліў юрысконсульт Гродзенскай дыяцэзіі.
«Не магу сказаць, што праект новай рэдакцыі закона “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” выклікаў у мяне як у юрыста захапленне», — сказаў кс. Зноска, — «На мой погляд, праект вельмі сыры, да таго ж змяшчае шмат супярэчнасцей як з нормамі Канстытуцыі, так і з міжнародным заканадаўствам».