Царква і палітычны крызіс у Беларусі

«Каму раней з праваслаўных было цікава, што там кажа Кандрусевіч?» Як пратэсты мяняюць вернікаў

«Каму раней з праваслаўных было цікава, што там кажа Кандрусевіч?» Як пратэсты мяняюць вернікаў

«Каму раней з праваслаўных было цікава, што там кажа Кандрусевіч?» Як пратэсты мяняюць вернікаў
Аўтар
Наталля Васілевіч

НаталляВасілевіч

Тэолагіня, паліталагіня, юрыстка, мадэратарка «Хрысціянскай візіі».

Народныя пратэсты і палітычны крызіс сур’ёзна ўплываюць на рэлігійныя супольнасці Беларусі. Праваслаўная Царква траціць аўтарытэт сярод паствы, а Каталіцкі Касцёл — наадварот, узмацняе. Пра гэта сведчыць даследаванне, праведзенае групаю «Хрысціянская візія» Каардынацыйнай рады і незалежным сацыялагічным праектам «Народнае апытанне».

Апытанне ладзілі праз «Viber» з 20 снежня 2020 да 10 студзеня 2021 года. У ім узялі ўдзел 4408 асобаў. Даследаванне не ёсць сацыялагічным апытаннем. 80 % удзельнікаў жывуць у Менску. Пераважная большасць мае вышэйшую адукацыю. Размеркаванне паводле ўзросту і полу таксама атрымалася нераўнамернае. Апроч таго, абсалютная большасць апытаных станоўча ставіцца да пратэстаў у Беларусі.

Таму, заяўляюць аўтары даследавання, не варта «экстрапаляваць звесткі на ўсю сукупнасць рэлігійных супольнасцяў у цэлым». Цалкам з вынікамі даследавання можна азнаёміцца праз спасылку.

Што думаюць вернікі аб пратэстах

Найбольшую долю апытаных склалі праваслаўныя — 71 %. На другім месцы — вернікі Каталіцкага Касцёлу, 15,4 %. Да пратэстанцкіх цэркваў належаць 6 % удзельнікаў апытання. Галоўная ўвага была звернутая на тых, для каго рэлігія адыгрывае вельмі важную або важную ролю ў жыцці, гэта 75 % удзельнікаў апытання. 13,7 % апытаных — прафесійныя служкі.

Пераважная большасць вернікаў усіх канфесіяў была згодная ў адказе на пытанне, ці мусяць іхныя рэлігійныя лідары браць удзел у пераадоленні палітычнай сітуацыі ў Беларусі. 89 % каталікоў, праваслаўных і пратэстантаў заявілі, што царкоўныя лідары «павінны актыўна браць удзел у грамадскім жыцці, выступаючы за абарону правоў чалавека і асуджаючы гвалт». 20 % апытаных дадаткова адказалі, што лідары маюць падтрымліваць пратэстоўцаў. Найбольш прыхільнікаў такога адказу было сярод пратэстантаў, а найменш — сярод праваслаўных.

Пры гэтым значна больш каталікоў (79 %), чым іншых хрысціянаў, лічыць, што сярод іхных лідараў пераважае такое падтрыманне. 42 % каталікоў падтрымліваюць дзеянні сваіх лідараў цалкам і яшчэ 27 % часткова, а дзеянні лідараў не задавальняюць так ці інакш толькі 3 %.

Сярод пратэстантаў 48 % упэўненыя, што большасць іхных лідараў падтрымлівае пратэстоўцаў. Пры гэтым амаль ніхто з каталікоў і пратэстантаў не думае, што большасць лідараў падтрымлівае дзейную ўладу. А вось 30 % праваслаўных лічаць менавіта так.

Праваслаўныя не прымаюць маўчання

Сярод праваслаўных дзеянні царкоўных лідараў цалкам або пераважна задавальняюць толькі 2 % апытаных. Маўчанне і неасуджэнне гвалту не задавальняе 53 % праваслаўных. Ад царкоўных лідараў чакаюць «адкрытага асуджэння гвалту і беззаконня, праўдзівай ацэнкі таго, што адбываецца — у СМІ і на казаннях».

98 % сярод апытаных праваслаўных не прымаюць выступаў ігуменні Гаўрыілы і віншаванняў мітрапалітам Паўлам і патрыярхам Кірылам Лукашэнкі з перамогаю на выбарах, 97 % — дзейнасці мітрапаліта Веньяміна. Таксама абурэнне закранула забарону выконваць гімн «Магутны Божа» ў цэрквах і звальненне прэс-сакратара БПЦ Сергія Лепіна. Асабліва станоўчую ацэнку з боку праваслаўных атрымаў удзел святароў у дапамозе затрыманым і пацярпелым, іхны ўдзел у акцыях пратэсту і выступы Гарадзенскага архіепіскапа Арцемія ў жніўні 2020 года — 99 %, 95 % і 97 % адпаведна.

Праз расчараванне іерархамі 42 % апытаных праваслаўных перасталі хадзіць у царкву, а 12 % адышлі ад рэлігіі. Канфесію змянілі 3 % апытаных праваслаўных. 30 % гатовыя да пераходу ў іншую канфесію, калі дзеянні царкоўных лідараў не будуць мяняцца. Перайсці ў іншую царкву гатовыя каля 5 % праваслаўных.

Задаволеныя каталікі

У каталікоў, наадварот, 48 % сталі больш давяраць сваім лідарам, і толькі 10 % — менш. Чэмпіён у падтрыманні сярод каталікоў — біскуп Юрый Касабуцкі. Таксама вялікім падтрыманнем карыстаюцца арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і ксёндз Вячаслаў Барок. Пры гэтым пераважная большасць апытаных каталікоў была засмучаная паводзінамі апостальскага нунцыя ў Беларусі Антэ Ёзыча і маўчаннем Папы Рымскага адносна Беларусі. Тым не менш 12 % каталікоў, нават не падтрымліваючы дзеянняў нунцыя, усё адно давяраюць кіраўніцтву, адносна маўчання Папы такіх 15 %.

Каталікі, у адрозненне ад праваслаўных, амаль не маюць фрустрацыі. Адрозніваюцца ў іх і сцэнары ў выпадку нездаволенасці. Толькі 18 % каталікоў сурʼёзна задумваюцца над тым, каб перастаць хадзіць у касцёл, змяніць канфесію (5 %) або адысці ад рэлігіі наагул (10 %).

Канструктыўныя пратэстанты

Сярод пратэстантаў большасць схільная бачыць і станоўчыя, і адмоўныя прыклады сярод царкоўных лідараў. Гэтак ставяцца 37 % вернікаў. Узровень адабрэння лідараў таксама высокі: 46 % апытаных пратэстантаў дзеянні лідараў задавальняюць цалкам або хутчэй задавальняюць, супрацьлеглага меркавання прытрымліваюцца 14 % апытаных.

Вельмі мала пратэстантаў ставіцца да пазіцыі царкоўных лідараў абыякава (3 %) або лічыць, што ад іх нічога не залежыць (8 %), большасць гатовая браць ініцыятыву ў свае рукі — і гаварыць са сваімі лідарамі, і спрабаваць на іх уплываць (28 %) або выступаць ад імя рэлігійнай супольнасці самастойна (24 %).

Васілевіч: Іерархі адчуваюць сітуацыю

Мадэратарка групы «Хрысціянская візія» Наталля Васілевіч у каментары belsat.eu адзначыла, што такія адказы вернікаў можна было прадбачыць:

«Найбольш цікавымі былі адкрытыя пытанні, на якіх мы прасілі людзей сфармуляваць адказы. Вельмі шмат асобаў паўтаралі адныя і тыя ж вобразы. Праваслаўныя параўноўваюць сваіх іерархаў са страусамі: або яны баяцца, або хаваюцца ад праблемаў, або не бачаць іх і хаваюць галаву ў пясок».

Паводле эксперткі, адным з заданняў даследавання ў выніку стала паказаць праваслаўным іерархам працэсы, якія адбываюцца сярод вернікаў, і «выцягнуць гэтую галаву з пяску».

«Думаю, іерархі і святары таксама інтуітыўна адчуваюць, што сітуацыя ў Царкве вельмі моцна мяняецца. Магчыма, яны не ўсе гэтыя працэсы бачаць, бо для гэтага таксама патрэбная пэўная падрыхтоўка. Але людзі перастаюць хадзіць у царкву, пачынаюць больш выказвацца. Мітрапаліт Веньямін атрымлівае лісты з тысячамі подпісаў і на ніводзін з іх не адказвае. Ён абраў стратэгію ігнаравання», — адзначыла Наталля Васілевіч.

На думку эксперткі, царкоўнае кіраўніцтва можа разлічваць на тое, што вернікі ўсё адно будуць хадзіць у царкву, каб хрысціць дзяцей і адпяваць памерлых. А для святароў, не згодных з пазіцыяй свайго кіраўніцтва, ёсць меры дысцыплінарнага ўздзеяння. Але застрашыць святароў, у якіх зʼяўляюцца новыя каштоўнасці — не толькі выконваць культавыя дзеянні, але і прапаведаваць евангельскія ідэалы, — ужо не ўдасца.

Што далей?

Наталля Васілевіч лічыць, што зачыстка яскравых персаналіяў у Царкве (людзей з якаснай багаслоўскай адукацыяй, журналістаў, рэгентаў царкоўных хароў) цяпер стварае вакол іх «пункты гравітацыі» для іншых вернікаў. Яны ўсцяж займаюцца сваёй дзейнасцю і прыцягваюць да сябе людзей, але ўжо на іншых, нецаркоўных пляцоўках.

«І мне падаецца, што гэтага працэсу ўжо не спыніць. Людзі ўваходзяць у смак таго, што можна рабіць яшчэ лепшае. Што царкоўная структура накладае шмат абмежаванняў, але ніяк не дапамагае зрэалізаваць свайго бачання, сваёй ідэі. Людзі ідуць на вольныя хлябы, і гэта спрыяе стварэнню супольнасці, не завязанай на нейкія структуры. Мне здаецца, што гэта доўгатэрміновы трэнд, які зменіць Праваслаўную Царкву, якая між тым будзе ўсё больш адрывацца ад людзей», — заявіла экспертка.

Наталля Васілевіч падкрэсліла, што «дрэнная іерархія спрыяе актывізацыі ніжняга ўзроўню, як і дрэнная ўлада — гарызантальным структурам».

Сярод важных вынікаў грамадскага абуджэння беларусаў мадэратарка «Хрысціянскай візіі» назвала таксама актывізацыю міжхрысціянскага ўзаемадзеяння:

«Людзі сталі бачыць адно аднаго. На пратэстах, на супольных малітвах ды ініцыятывах. Праваслаўныя сталі часта дзяліцца ў сваіх чатах відэа каталіцкага святара Вячаслава Барка ці пратэстанцкай царквы «Новае жыццё». Той жа пратэстанцкі праект «Голас царквы» запрашае да сябе і праваслаўных, і каталікоў. Людзі пабачылі іншых. Каму раней з праваслаўных было цікава, што там кажа нейкі Кандрусевіч? А тут — сваіх няма, дык давайце паслухаем іншых. Выяўляецца, што ідзе хрысціянскае жыццё. Што пратэстанты не страшныя, гавораць пра справу, і што каталікі — малайцы».

Вернікі, гледзячы на прадстаўнікоў іншых канфесіяў, пачынаюць ствараць канкурэнтныя ініцыятывы, пазычаць ідэі і прыдумляць свае, каб быць «яшчэ лепш», заключыла экспертка.

МГ belsat.eu


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава