Чаму праваслаўная царква губляе прыхаджан
Праваслаўны святар Валянцін, якія служыць на адным з Менскіх прыходаў разважае ў калонцы для «Хрысціянскай візіі» пра тое, чаму праваслаўная царква імкліва губляе прыхаджан.
Сакавік 2020 года стаў пачаткам кардынальных зменаў у жыцці грамадства і Царквы ў Беларусі. І цяпер сітуацыя ў Беларускай Праваслаўнай Царкве застаецца даволі складанай. Не прэтэндуючы на асвятленне поўнай карціны, хачу падзяліцца сваімі назіраннямі на ўзроўне асобна ўзятага прыхода.
Пачатак пандэміі ў Беларусі прыйшоўся на Вялікі пост. Як і паўсюдна ў гэты перыяд, у нашым прыходзе людзі імкнуцца часцей наведваць набажэнствы. І пачатак посту пазалетаць нічым асабліва не адрозніваўся ад папярэдніх гадоў.
Калі сіуацыя з каронавірусам стала выходзіць з-пад кантроля, кіраўніцтва Царквы стала заклікаць да выканання санітарных нормаў. Наш настаяцель адразу зразумеў усю сур’ёзнасць сітуацыі, і ў нас былі ўведзеныя некаторыя супрацьэпедэмічныя меры. Пры ўваходзе ў храм вісіць шыльда з заклікам насіць маскі, у самім храме вісяць таксама заклікі прытрымлівацца дыстанцыі. Усе намашчванні (напрыклад, на паліелеі, пры таінствах Хрышчэння, Мірапамазвання і Саборавання) робяцца аднаразовымі ватнымі палачкамі, іконы падчас цалавання і ілжыца падчас прычасця дэзінфікуюцца, не даецца запіўка пасля прычасця. Пры набліжэнні да людзей (напрыклад падчас выканання трэбаў, на споведзі, падчас прычашчэння прыхаджанаў) я апранаю маску. Настаяцель бывае апранае маску, а бывае – не. Большая частка прыхаджанаў паставілася да гэтага з паразуменнем.
Аднак, ужо ў пачатку 2020 году спад прыхаджанаў стаў заўважным. Прычыны тут былі звязаныя як з тым, што людзі пачалі сцерагчыся масавых скапленняў людзей, якімі ёсць набажэнствы, аднак таксама — з-за непрыняцця супрацьэпідэмічных мер у нашым прыходзе — яны сыходзілі ў іншыя, дзе такіх мераў не было, а існаванне каранавіруса ігнаравалася.
З пачаткам палітычнага крызісу мы з настаяцелем занялі нейтральную пазіцыю. Ні за, ні супраць дзейснай улады мы не выказваліся, разумеючы, што прыхаджане ў нас розных поглядаў, таму мы імкнуліся не ўносіць раздзяленняў.
Да мяне падыходзілі розныя людзі. Адныя скардзіліся на ўлады, другія – на пратэстуючых. Усіх я спрабаваў суцешыць, заклікаючы да пошуку паразумення ў сем’ях.
Хоць частка тых, хто перастаў хадзіць у царкву ўвесну, пры канцы года вярнуліся, бо не маглі жыць без царквы, у першую чаргу пажылыя людзі, дапандэмійная колькасць прыхаджанаў так і не аднавілася. Калі да пандэміі на Нядзельнай Літургіі магло прычашчацца 100-150 чалавек (разам з дзецьмі), то зараз гэтая лічба вагаецца ў раёне 70-80 чалавек.
Тыя, хто з нейкіх прычын расчараваліся ў Царкве, наўрад ці вернуцца. Думаю, што большасць прыхаджанаў зрабіла свой выбар.