Беларусы заклікаюць да пакаяння
Гомельскія вернікі (сябры гомельскай Сафійскай абшчыны) разам з вернікамі іншых беларускіх рэгіёнаў запісалі відэазварот, які змяшчае запрашэнне да пакаяння.
Нас, беларусаў, не дужа шмат. Тых, хто жыве ў Беларусі, i тых, хто зараз па-за яе межамі. Нас моцна пераймае боль трагедый, памяць ахвяр. Мы шануем тых, хто аддаў жыццё за незалежнасць Айчыны.
Мы аддаем даніну традыцыі – трымаем повязь з продкамі-дзядамі. Мы спавядаем сябе адзінаю сям’ёй: невялікі народ добра ўсведамляе свае адзінства ў атачэнні шматлюдных суседзяў. Мы верым, што ніводзiн з нас не можа быць пазбаўлены спагады, дабрыні, чуласці. Любы падарожны можа пагрукацца ў крайнюю хату, і беларус яму адчыніць.
Аднак не заўсёды так было. Быў час, калі мы прызвычайваліся асцерагацца, баяцца чужога, маўчаць, калі трэба казаць, хавацца, калі трэба дзейнічаць, знеслаўляць, калі трэба падтрымліваць. Мы, беларусы, часта выбіралі зло замест дабра.
Таму сёння хрысціяне Беларусі, усведамляючы сваю вiну за мiнулыя i цяперашнiя хiбы, распачынаюць акцыю пакаяння за ўсю няпраўду і цемру, якія адбыліся, праз беларуса і з яго ўдзелам. Каб адрадзіць адзінства нашай сям’і ў вачах Божых, каб супольнае жыццё адбудоўваць на новым, трывалым падмурку.