Арцыбіскуп Кандрусевіч: “Грамадства расколата”

Іерарх звярнуўся да вернікаў з пасланнем на надыходзячы Адвэнт. Сярод іншага ён шмат увагі ўдзяліў ацэнцы сучаснага грамадска-палітычнага становішча. “Грамадства расколата. Свет знаходзіцца на парозе новай сусветнай вайны (…) Таму Адвэнт, які распачынаецца, і святы Божага Нараджэння будуць для нас складанымі”, — напісаў ён. Арцыбіскуп прыгадаў таксама сітуацыю з Чырвоным касцёлам і заклікаў да малітваў аб хутчэйшым аднаўленні набажэнстваў у зачыненым храме.

Мітрапаліт эмерыт згадаў таксама людзей, якія “церпяць з-за несправядлівасці, зняволення, хваробы, страты блізкіх і іншых нягодаў”. Ён заклікаў да салідарнасці з імі і да “матэрыяльнай і духоўнай падтрымкі”.

Працягваючы разважанне пра “справы гэтага свету”, арцыбіскуп напісаў што “неадэкватным з’яўляецца чалавек, які топіцца і не хапаецца за ратавальны круг, які яму кідаюць”. Нягледзячы на складанасць навакольнай рэчаіснасці, іерарх заклікаў “працягваць любіць Бога і бліжняга”.

Фота: catholic.by