Арцыбіскуп Кандрусевіч у Лідзе: Беларусь трэба лячыць, пакуль мы як нацыя не загінулі канчаткова

21 лютага Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.

Перад Імшой іерарх падзякаваў вернікам за малітвы падчас яго выгнання, якое працягвалася амаль чатыры месяцы:

«Гэта быў знак салідарнасці з біскупам, які ўвесь час памятаў аб верніках і краіне, якая знаходзіцца ў грамадска-палітычным крызісе. Такім чынам, будучы падзеленымі, мы былі аб’яднаны малітвай і клопатам пра нашу будучыню».

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп нагадаў, што падчас Вялікага посту «Касцёл стараецца пераарыентаваць жыццёвыя прыярытэты чалавека так, каб яны адпавядалі Божай волі, каб матэрыяльныя каштоўнасці, задавальненні гэтага свету, імкненне да ўлады ці штосьці іншае не займала месца Бога».  

Іерарх, разважаючы пра тое як ставіцца да духоўных і жыццёвых цяжкасцяў, прыгадаў вядомага палітыка ХХ стагоддзя прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Уінстана Чэрчыля: «За сваё доўгае і вельмі паспяховае палітычнае жыццё ён меў шмат прамоваў, якія ўвайшлі ў сусветны залаты аратарскі фонд.

Аднак яго словы Never give up! — «Ніколі не здавайся! — сталі самай лаканічнай і адначасова самай лепшай прамовай».

Гаворачы пра евангельскі ўрывак, які быў прачытаны на Імшы, арцыбіскуп таксама заўважыў, як важна чуваць і не паддавацца спакусам злога духа. «А тым больш небяспечна ўступаць з ім у кампраміс», — дадаў іерарх.

«У цішыні Вялікага посту перад люстэркам Божага закону мы можам лепш пазнаць сябе, свае духоўныя хваробы, каб потым з Божай дапамогай лячыць іх і не паддавацца спакусам злога духа», — працягваў арцыбіскуп.

«Грамадска-палітычны крызіс, у якім знаходзіцца наша Бацькаўшчына, нагадвае пра тое, што яна хворая і яе неабходна лячыць пакуль мы як нацыя не загінулі канчаткова.Усялякае зло — як у жыцці асобнага чалавека, так і грамадства — бярэ свой пачатак ад непаслухмянасці Божаму закону. Таму ў гэтай складанай сітуацыі нам неабходна тэрмінова вярнуцца да захавання Божага закону, найперш праз малітву і пакаянне.

Без Божай дапамогі ніякія намаганні палітыкаў, грамадскіх дзеячаў і эканамістаў не вырашаць праблему. Зло трэба перамагаць дабром. Грэх — Божай ласкай. Гэта нялёгкая справа, але з Божай дапамогай магчымая», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.

«Беларусь, не паддавайся песімізму і памятай, што ў Бога ўсё магчыма. Ніколі не здавайся!Шляхам навяртання і захавання Божага закону ідзі да сваёй Пасхі», — заключыў іерарх.

catholic.by