Пяціхвілінка кананічнага права: прызначэнне арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Новапрызначаны арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі не будзе кіраўніком усіх беларускіх католікаў. Болей за тое: сам распаўсюджаны ў СМІ выраз “кіраўнік Касцёла ў Беларусі” — некарэктны ў прынцыпе. Чаму так, у інтэрв’ю Catholic.by патлумачыў канцлер Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, спецыяліст па кананічным праве Каталіцкага Касцёла.
Разам з тым, ксёндз Дзмітрый Пухальскі дапускае памылку, калі кажа: “У адрозненне ад праваслаўнага Мітрапаліта, [каталіцкі Мітрапаліт] сам не прызначае новых біскупаў і не звальняе іх з пасады”.
Праваслаўны Мінскі Мітрапаліт у юрысдыкцыі Рускай Праваслаўнай Царквы таксама не прызначае і не звальняе новых епіскапаў. Іх кандыдатуры вылучаюцца Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы (Беларускага Экзархата Маскоўскага Патрыярхата) і зацвярджаюцца Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы.
Гэты ж прынцып працуе і ў дачыненні да тэрыторыі ўсяго Маскоўскага Патрыярхата, дзе кожны епіскап, згодна са Статутам РПЦ (XVI.7), абіраецца Сінодам, атрымліваючы ўказ Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі. Дэ-юрэ ні Патрыярх Маскоўскі, ні Мітрапаліт Мінскі не вырашаюць пытанні аб прызначэнні і звальненні епіскапаў аднаасобна, гэта заўсёды афармляецца як калегіяльнае рашэнне. Дэ-факта ж усё залежыць ад ступені асабістай аўтарытарнасці Патрыярха Маскоўскага / Мітрапаліта Мінскага — і ад таго, наколькі маюць рэальную апаратную вагу чальцы Сінода і наколькі дэмакратычнай з’яўляецца атмасфера ўнутры Сінода.
Што датычыцца пасады мітрапаліта, то ў Рускай Праваслаўнай Царкве гэта першы ў акрузе (мітраполіі) епіскап, які з пункту гледжання кананічнага права павінен выконваць чыста тэхнічныя і прадстаўнічыя функцыі. Мітрапаліт Мінскі кіруе Мінскай епархіяй, якая ахоплівае тэрыторыю Мінскага раёна, і ўзначальвае Мінскую Мітраполію, якая супадае ў межах з Мінскай вобласцю і складаецца з Мінскай, Барысаўскай, Маладзечанскай і Слуцкай епархій. Паўнамоцтвы праваслаўнага Мітрапаліта Мінскага ў адносінах да кіраўнікоў іншых епархій, акрамя Мінскай, — фармальна такія ж сціплыя, як і ў яго каталіцкага калегі.
Адначасова Мітрапаліт Мінскі з’яўляецца Патрыяршым Экзархам (г.зн. намеснікам) усяе Беларусі. Гэтая пасада існуе з 1989 года, і стваралася яна, па сутнасці, адмыслова пад асобу Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), які дзякуючы сваёй харызме ўспрымаўся ў свеце як паўнавартасны кіраўнік памеснай Царквы. Але гэта ўжо іншая гісторыя.