Па відэаблогу ксяндза Вячаслава Барка прызначылі яшчэ 11 экспертызаў
29 студзеня пробашча расонскага касцёла Святога Язафата Кунцэвіча зноўку выклікалі ў Следчы Камітэт.
Ужо трэці месяц доўжыцца праверка зместу ягоных выказванняў у відэаблогу на YouTube, які мае каля 5-ці тысяч падпісчыкаў. Следчыя высветляюць, ці няма ў выказваннях ксяндза заклікаў да экстрэмізму і распальвання міжнацыянальнай варажнечы. Дзве праведзеныя лінгвістычныя экспертызы паказалі, што няма. Але наперадзе – наступныя экспертызы, рапавёў Вячаслаў Барок:
-Лінгвістычныя экспертызы дзве атрымалі, з імі пазнаёмілі. Там напісана, што заклікаў да экстрэмізму няма, і няма падставаў распачаць крымінальную справу. Будуць яшчэ псіхалагічныя экспертызы: псіхолагі будуць вывучаць, да каго прамовы скіраваныя, і ці няма ў іх заклікаў да нейкіх груп у грамадстве, каб распальваць варожасць.
Ксёндз Вячаслаў Барок кажа, што следчыя прызначылі яшчэ 11 экспертыз, і што пад увагу Следчага камітэта трапілі 8 відэаролікаў ягонага блога. Вячаслаў Барок катэгарычна адмаўляе намеры дэструктыўнага ўплыву на грамадства. І цвердзіць, што вядзе свой відэаблог дзеля папулярызацыі Божага слова, і дзеля хрысціянскага і патрыятычнага выхавання сваіх землякоў. Ксёндз Вячаслаў кажа, што тыя ж мэты ён пераследаваў, размяшчаючы ў сацыяльных сетках твор Уладзіміра Цэслера „Стоп лукашызм”. Аднак у снежні мінулага году ён быў асуджаны паводле адміністрацыйнага артыкула 17.10 (“Прапаганда або публічная дэманстраванне і (або) распаўсюд нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі”). 10 сутак ксёндз правёў пад арыштам у віцебскім ізалятары часовага ўтрымання.