Касабуцкі: Падчас маёй хваробы я зразумеў, што гэта дар Божы для мяне, каб я мог ахвяраваць яго за мой народ і маю краіну
Біскуп Юрый Касабуцкі піша на сваім фэйсбуку:
На нашым жыццёвым шляху Бог дае нам шмат розных выпрабаванняў…
Адно з такіх выпрабаванняў гэта хвароба… Мы адчуваем сябе кепска, нам цяжка рабіць нейкія справы, нялёгка размаўляць з іншымі людзьмі, мы пераансэнсоўваем свае погляды і жыццёвыя прыярытэты. У падобнай сітуацыі добры Госпад дае нам шанец задумацца і зразумець пэўныя рэчы.
Падчас маёй хваробы я зразумеў, што гэта дар Божы для мяне, каб я мог ахвяраваць яго за мой народ і маю краіну. Калі падчас малітвы я прыйшоў да гэтай высновы, то пасля просьбы да Бога аб прыняцце гэтай ахвяры я адчуў неверагодны супакой і радасць. Думаю, што гэта было патрэбна.
Я ахвяраваў свае цярпенні за тых людзей, каму найбольш патрэбная Божая падтрымка. Асаблівым чынам я маліўся за тых, хто бязвінна церпіць у вязніцах за свае погляды. Божа, дапамжы ўсім нам!
У бліжэйшую нядзелю, 31 студзеня, я ахвярую Святую Імшу за ўсіх тых, хто духоўна быў са мной падчас хваробы і за ўсіх, каму патрэбна Божая ласка у гэты складаны час нашага жыцця.