Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: Пасланне Папы Францішка — дарожная карта для выйсця з крызісу ў Беларусі
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч каментуе Пасланне Папы Францішка на 54-ы Сусветны дзень міру, які пройдзе 1 студзеня 2021 года пад дэвізам «Культура клопату як шлях да міру».
Каментар да Паслання Папы Францішка на 54-ы Сусветны дзень міру 1 студзеня 2021 г. «Культура клопату як шлях да міру»
Браты ў святарскім служэнні, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
1. Традыцыйна ў першы дзень Новага года, ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, Каталіцкі Касцёл адзначае ўстаноўлены святым Папам Паўлам VI Дзень міру. Традыцыйна на гэты дзень Святы Айцец звяртаецца да людзей добрай волі са спецыяльным Пасланнем, у якім падкрэслівае найбольш актуальныя праблемы ў галіне захавання міру і прапануе спосабы іх вырашэння.
Сёлета тэмай разважанняў Папы Францішка з’яўляецца культура клопату як шлях да міру. У ім Пантыфік заклікае да адраджэння руплівасці ў сучасным свеце, з аднаго боку глабалізаваным, а з іншага — эгаістычным, у якім людзі ўсё часцей праяўляюць клопат пра сябе, забываючыся, што побач знаходзяцца тыя, якім патрэбна наша дапамога і салідарнасць.
Гэта вельмі добра відаць падчас крызісу, выкліканага пандэміяй каранавірусу. Ён паказаў уразлівасць і слабасць глабалізаванага свету. Багатыя і бедныя краіны — кожная, як можа і ўмее, і, урэшце, са слабым вынікам, — змагаюцца з пандэміяй, якая з’яўляецца пагрозай для ўсіх.
Таму ўзнятая Папам Францішкам праблема захавання міру ў сучасным свеце з’яўляецца надзённай і патрабуе як мага хутчэйшага яе вырашэння, перадусім зыходзячы з этычных прынцыпаў, у тым ліку з прынцыпу клопату пра іншых людзей, што вынікае з Божага закону любові да бліжняга.
2. Сёлетняе папскае Пасланне на Дзень міру складаецца з уступу і васьмі частак.
Ва ўступе з нагоды Новага года Папа Францішак выказвае свае зычэнні ўсяму чалавецтву, каб у гэты новы час, у які ўступаем, яно развівалася шляхам братэрства, справядлівасці, міру паміж людзьмі, супольнасцямі, народамі і дзяржавамі.
Пандэмія каранавірусу паглыбіла кліматычны, харчовы, гаспадарчы і міграцыйны крызісы і стала прычынай шматлікіх цярпенняў і праблем. Папа з удзячнасцю ўспамінае гераізм лекараў і іншых медработнікаў, фармацэўтаў, навукоўцаў, валанцёраў, святароў і ўсіх, хто рабіў і працягвае рабіць усё тое, што ў іх сілах, каб толькі ратаваць жыццё людзей.
Папа таксама звяртаецца з заклікам да палітыкаў і прыватных бізнэсменаў спрыяць вакцынацыі людзей, асабліва бедных і патрабуючых.
Пры гэтым Пантыфік звяртае ўвагу, што побач са шматлікімі сведчаннямі любові і салідарнасці праяўляюцца розныя формы нацыяналізму, расізму, ксенафобіі, вайны і канфліктаў, якія нясуць смерць і разбурэнні. Усувязі з гэтым вельмі важным з’яўляецца клопат аб бліжнім і аб стварэнні, каб будаваць грамадства на прынцыпах братэрства. Таму культура клопату з мэтай перамагчы дамінуючую культуру абыякавасці, адчужэння і канфрантацыі павінна служыць будаванню міру.
3. У першай частцы Паслання «Бог-Стварыцель, крыніца чалавечага паклікання да клопату» Папа звяртаецца да біблійных вобразаў адносін чалавека да Бога, іншых людзей і прыроды. Яны падкрэсліваюць неабходнасць пашаны да Бога, бліжняга і клопат пра прыроду, якую Стварыцель даручыў чалавеку і якая з’яўляецца нашым супольным домам.
4. У другой частцы «Бог-Стварыцель — прыклад клапатлівасці», зыходзячы з біблійных тэкстаў, Папа падкрэслівае праўду аб тым, што Бог — гэта не толькі Стварыцель, але адначасова і той, хто клапоціцца аб стварэнні, асабліва аб чалавеку.
Клопат пра стварэнне праяўляецца ва ўстанаўленні шабату, які, акрамя падтрымкі Божага культу, павінен спрыяць падтрымцы грамадскага парадку і клопату пра бедных.
Папа таксама падкрэслівае, што апагей біблійнага разумення справядлівасці праяўляецца ў спосабе прыняцця бедных і патрабуючых у сваёй супольнасці.
5. У трэцяй частцы «Клопат і місія Езуса» Папа падкрэслівае, што жыццё і місія Збаўцы з’яўляюцца аб’яўленнем любові Бога Айца да людей. Езус лечыць хворых душой і целам, прабачае грэшнікам і адорвае іх новым жыццём. Ён ёсць Добрым Пастырам, які клапоціцца аб сваіх авечках. Ён — добры Самаранін, які нахіляецца над параненым і лечыць яго раны.
Напрыканцы свайго зямнога жыцця Езус паказвае найвышэйшую праяву сваёй руплівасці крыжовай смерцю, дзякуючы чаму вызваляе нас з палону граху і смерці. Такім чынам Ён паказвае нам шлях дасканалай любові і заклікае наследаваць Яго.
6. У чацвёртай частцы «Культура клопату ў жыцці вучняў Езуса» Папа падкрэслівае, што ўчынкі міласэрнасці адносна душы і цела з’яўляліся стрыжнем дабрачыннай дзейнасці Касцёла ў першых стагоддзях. Ужо тады хрысціянская супольнасць была гасцінным домам, адкрытым на кожную праблему.
Атрымаўшы свабоду, Касцёл выкарыстоўваў дабрачыннасць, каб яшчэ мацней натхняць грамадства і яго культуру да служэння адзін аднаму. У выніку ўзніклі шпіталі, дамы апекі для бедных і сіротаў, прытулкі для падарожных і г.д.
7. У пятай частцы Паслання «Прынцыпы сацыяльнага вучэння Касцёла як падмурак культуры клопату» Папа падкрэслівае, што дыяканія першых стагоддзяў Касцёла, ажыўленая дзейснай міласэрнасцю сведкаў веры, стала рухаючай сілай сацыяльнага вучэння Касцёла. Яно з’яўляецца каштоўнай спадчынай прынцыпаў, крытэрыяў і ўказанняў, з якіх можна чэрпаць «мову» клопату. Гэта абвяшчэнне годнасці кожнай чалавечай асобы, салідарнасць з беднымі і безабароннымі, клопат пра агульнае дабро і абарону наваколля. Таму наступныя прынцыпы сацыяльнага вучэння павінны стаць асновай культуры клопату.
— Клопат як абвяшчэнне годнасці і правоў чалавечай асобы.
Хрысціянскае разуменне асобы дапамагае ў ажыццяўленні чалавечага развіцця, бо асоба азначае перадусім годнасць, а не выкарыстанне.
Паводле Папы Францішка, паняцце годнасці чалавека нагадвае аб тым, што кожная асоба — гэта мэта сама ў сабе, а не інструмент, які ацэньваецца паводле яго прыдатнасці. Асоба створана для таго, каб жыць у супольнасці, дзе ўсе яе ўдзельнікі маюць роўную годнасць. З гэтай годнасці выводзяцца правы і абавязкі чалавека.
— Клопат пра агульнае дабро.
Усе аспекты грамадскага, палітычнага і гаспадарчага жыцця павінны служыць агульнаму дабру. Таму ўсе нашыя планы і намаганні павінны ўлічваць наступствы нашых планаў і намаганняў для ўсёй чалавечай сям’і.
— Клопат пра салідарнасць.
У салідарнасці праяўляецца канкрэтная любоў да іншага чалавека. Салідарнасць дапамагае ўспрымаць іншага чалавека ці ўвесь народ не як статыстычную данасць або прыладу, якую можна выкарыстаць, а потым выкінуць, але як роўнага нам бліжняга.
— Клопат і абарона стварэння.
Папа нагадвае аб вучэнні энцыклікі Laudato sì’ («Будзь праслаўлены»), што рэчаіснасць стварэння характарызуецца ўзаемнай сувяззю яе асобных элементаў і неабходнасці ўслухоўвацца ў крык патрабуючых як крык стварэння. Адсюль зыходзіць праўда аб тым, што клопат пра бедных павінен быць злучаны з абаронай стварэння. Мір, справядлівасць і абарона стварэння — гэта злучаныя паміж сабой тры праблемы, якія нельга разглядаць адарвана.
8. У шостай частцы Паслання «Компас, які служыць супольнаму курсу» Папа падкрэслівае, што вышэй прадстаўленыя прынцыпы з’яўляюцца компасам, які служыць супольнаму курсу і пераадоленню сацыяльнай несправядлівасці, а таксама стварэнню новых адносін паміж дзяржавамі ў часы культуры адкідання і няроўнасці, якая паглыбляецца. Гэты компас павінен дапамагаць людзям быць прарокамі і сведкамі культуры клопату з мэтай ліквідаваць сацыяльныя няроўнасці.
Компас грамадскіх прынцыпаў павінен дапамагаць стварэнню новых адносін паміж дзяржавамі на аснове братэрства, узаемнай павагі і захавання міжнароднага права. У сувязі з гэтым неабходна падкрэсліць неабходнасць абароны правоў чалавека і павагі да гуманітарнага права.
Папа таксама заклікае да стварэння Сусветнага фонду для ліквідацыі голаду і дапамогі развіццю бедных краін.
9. У сёмай частцы Паслання «Выхаванне культуры клопату» Папа падкрэслівае неабходнасць стварэння адмысловага выхаваўчага працэсу. Дапамогай у ім павінна быць сям’я, як падмурак грамадства; школа і ўніверсітэт; сродкі масавай камунікацыі і рэлігія. Пры гэтым Папа заклікае да таго, каб адукацыя была больш адкрытай, інклюзіўнай, здольнай да цярплівага слухання, дыялогу і ўзаемаразумення.
10. У восьмай частцы Паслання «Няма міру без культуры клопату» Папа Францішак падкрэслівае, што культура клопату — гэта прывілеяваны шлях да будавання міру. Для гэтага неабходны супольны ўдзел розных людзей з мэтай абароны і абвяшчэння годнасці і дабра ўсіх людзей.
У наш час, калі човен чалавецтва, які хістае бура крызісу, імкліва плыве ў пошуку больш спакойнага гарызонту, стырно чалавечай годнасці і компас сацыяльных прынцыпаў дапамагае яму плысці бяспечным і супольным курсам.
Як хрысціяне, на гэтым шляху мы павінны даверыць сябе Марыі — Зорцы Мора і Маці Надзеі — і таксама супольна плысці наперад у напрамку новага гарызонту любові і міру, братэрства і салідарнасці, узаемнай падтрымкі і прыняцця.
11. Дарагія браты і сёстры!
На пачатку Новага года — новага этапу нашага жыцця, калі наша краіна перажывае грамадска-палітычны крызіс, — гэтыя разважанні Святога Айца Францішка з’яўляюцца новай дарожнай картай для яго мірнага завяршэння.
Чытаючы знакі часу, мы павінны развіваць культуру ўзаемнага клопату адзін пра аднаго і клопату пра нашу супольную Айчыну Беларусь. Мы таксама павінны паважаць годнасць і правы ўсіх людзей, не забываючыся пра іх абавязкі.
Няхай жа на новым этапе развіцця нашай краіны, калі мы з трывогай зазіраем у будучыню, гэтае актуальнае Пасланне Папы Францішка пра культуру клопату стане тым компасам, які дапаможа нам бяспечна прайсці праз лабірынты новых выпрабаванняў і мірна вырашыць надзённыя праблемы.
Давяраючы ўсіх вас апецы Багародзіцы на Новы 2021 год, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, + і Духа Святога.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Мінск – Сакулка, 18 снежня 2021 г.
P.S. Святары могуць выкарыстаць гэты каментар у гаміліі падчас св. Імшы на Новы год 1 студзеня 2021 г.