Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Малітва да Троіцы аб палітзняволеных

Малітва да Троіцы аб палітзняволеных

Малітва да Троіцы аб палітзняволеных

Год таму у кафедральным саборы Капенгагена адбыліся адкрыццё выставы партрэтаў палітвязняў, намаляваных на шпалерах Ксішай Ангелавай, і перформанс «Беларускія палітвязні гавораць». Падзея прыпала на Пяцідзесятніцу — і да яе Наталля Гарковіч напісала адмысловую малітву. Мы вырашылі падзяліцца ёй з чытачамі.

Магутны Божа, уладар Сусвету, выслухай нашыя малітвы, адзіны міласэрны Айцец наш!

Дзякуем Табе, Божа наш, што Ты сведчыш нам праз людзей, што праз іх Ты заўжды побач, дапамагаеш і падтрымліваеш нас.

Дзякуем Табе за Сына Твайго адзінароднага Ісуса Хрыста, праз Якога ты праявіў любоў сваю да кожнага чалавека, праз Якога збавіў нас ад улады граху і цемры і навучыў сапраўднай любові.

Мы, твае дзеці, прагнем сашэсця Духа Святога ў нашыя сэрцы і ў гэты свет:

— Прыйдзі, Госпадзе, і ўсяліся ў нас.
— Прыйдзі, Суцешыцелю, суцеш усіх, хто плача і пакутуе.
— Прыйдзі, Міласэрны, і наведай палонных, параненых, хворых з-за наступстваў зла, што прыходзіць праз людзей у гэты свет.
— Прыйдзі, Духу, што Усё напаўняеш, напоўні сэрцы людзей, што ў распачы і скрусе ад беззаконня бліжніх.
— Прыйдзі, Які ўсюду прысутны, наведай вязняў, якіх ніхто зараз не можа наведаць.
— Прыйдзі, Добры, ацалі душы катаў і забойцаў у нашым крае, ацалі гэты свет і нас ад зла.
— Прыйдзі, Усемагутны, ачысці наш край ад нячыстаты нянавесці, пагарджэння чалавечай годнасцю, якую Ты даў ласкай Богачалавецтва.

— Прыйдзі, Шчодры, адары шчордрасцямі Тваімі ўсіх, хто неабыякавы да чужога гора, хто ахвяруе малітвы, час, сілы і сродкі, каб паменшыць яго ў гэтым свеце.

Мы, твае дзеці, бацькі якіх пабітыя дзесяцігоддзямі бязбожнай улады, мы дзеці ахвяраў і катаў, якія ўсклікаем да Цябе як юнакі з пячы вавілонскай — не пагарджай нашымі малівамі, Ты праведны ва ўсех дзеях сваіх, але міласэрнасці Тваёй няма канца — вызвалі палонных, якія зараз несправядліва знаходзяцца ў турмах у нашым крае, церпяць здзекі, катаванні, маральны і фізічны гвалт. Дай ім сілы вынесці тыя выпрабаванні, якія ім выпалі. Дай нам мудрасьці і сілы падтрымліваць іх і вызваліць іх з Тваёй дапамогай.

Дай пакаянне катам, хто здзекуецца і мучае іх, і ўсім, хто несправядліва асудзіў гэтых людзей на горкія пакуты. Навярні іх да Тваёй праўды і Любві. Дай месца ў іх душах хаця б аднаму памкненню міласэрнасці.

Адзіны Чалавекалюбны Божа наш, дай нашаму беларускаму грамадству ацаленне ад дыктату хлусні, эгаізму, абыякавасці і чалавеказабойства.

І няхай яно славіць Цябе, у Тройцы адзінага Бога Айца і Сына і Святога Духа навекі. Амін.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава