Адкрыты зварот грамадскасці датычна забароны ўезда ў Рэспубліку Беларусь арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча
31 жніўня 2020 года падчас перасячэння мяжы на пагранічным пераходзе Кузніца Беластоцкая – Брузгі без усялякіх тлумачэнняў арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу было адмоўлена ў вяртанні ў Беларусь.
Кс. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, з’яўляецца грамадзянінам Беларусі. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь права пакідаць краіну і бесперашкодна вяртацца (арт. 30). Закон Рэспублікі Беларусь № 49-3 ад 20 верасня 2009 г. «Пра парадак выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзянаў Рэспублікі Беларусь» у артыкуле 3 «Права грамадзянаў на выезд з Рэспублікі Беларусь і ўезд у Рэспубліку Беларусь» вызначае наступнае: «Права грамадзяніна на ўезд у Рэспубліку Беларусь не можа быць абмежавана». Міжнароднае права таксама вызначае, што права на вяртанне ў сваю краіну з’яўляецца адным з асноўных правоў чалавека (арт. 13 Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека) і «ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены права на ўезд у сваю ўласную краіну» (арт. 12 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах).
У сувязі з гэтым
выказваем:
— салідарнасць з кіраўніком Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам;
— глыбокую занепакоенасць фактычным пераследам кіраўніка Рымска-каталіцкага касцёла ў Рэспубліцы Беларусь;
— абурэнне грубым парушэннем міжнароднага права, Канстытуцыі і заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Патрабуем:
— неадкладна адмяніць НЕЗАКОННАЕ рашэнне Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь аб забароне вяртання ў Рэспубліку Беларусь арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча;
— распачаць справу аб прыцягненні да адказнасці асоб, якія парушылі заканадаўства краіны, прымаючы вышэйзгаданае рашэнне.
1686 падпісантаў
- Учреждение, в которое направлено обращение: Государственный пограничный комитет, Уполномоченный по делам религий и национальностей
- Дата и время отправки: 08 сентября 2020 , 07:00