Спачыў Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік дэмакратычнай Беларусі
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Сёння спачыў Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнага Савету 12 склікання.
13 чэрвеня 1974 года ён пачуў у Кракаве казанне Караля Вайтылы, будучага Папы Рымскага Яна Паўла ІІ, пра гэта Станіслаў Шушкевіч дзяліўся ўспамінамі з грамадскім дзеячам Дзянісам Кучынскім. Як прызнаваўся будучы палітык, ён вярнуўся ў Мінск з Кракава зусім іншым чалавекам — сумленным, смелым, свабодалюбным.
Шушкевічавы адносіны з хрысіянствам былі няпростыя. Як сам ён узгадваў у адным з інтэрвію:
“Я вернік, каталік. Але не бываю ў касцёле адмыслова, у мяне своеасаблівая вера. Аднойчы я быў запрошаны кардыналам з Гданьска на вячэру, разам з Лехам Валенсам. Калі яны жагналіся, то і я таксама. Але сам па сабе ў храмах бываю рэдка.
Мяне навучыла верыць у Бога бабка. Яна была вельмі сумленны і прыстойны чалавек і вельмі хацела зрабіць з мяне прыстойнага каталіка. Дзякуючы ёй я нават вывучыў польскую мову: яна ж малілася на польскай. І бабка мне казала: вывучыш гэтую літанію, я дам табе 50 капеек у кіно схадзіць. І часам я думаў, што бабка памыляецца, бо па некалькі разоў адную і тую ж літанію дае, але ж яна такім чынам хацела, каб я добра запомніў. І я запомніў.”
Як фізік і навуковец, ён таксама прызнаваўся:
“Я фізік па адукацыі, і меркаваць, што развіццё чалавецтва было спантанным, ну проста немагчыма. Бо часам некаторыя рэчы… Яны не маглі самі сфарміравацца, гэта была нейкая больш высокая сіла.”
Ксёндз Вячаслаў Барок правядзе імшу за спачын душы Станіслава Шушкевіча ў касцёле св. Аляксандра ў Варшаве (пл. Трох Крыжоў) у нядзелю 8 траўня а 18:00.