Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Вольга Севярынец распавяла пра спатканне з Паўлам

Вольга Севярынец распавяла пра спатканне з Паўлам

Placeholder
Аўтар
Хрысціянская візія

Арганізацыя"Хрысціянская візія"

Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.

“Цікава, колькі ўсяго можа вытрымаць чалавечае сэрца. Кожны раз здзіўляюся. Прыслухаешся. Трывае? І праўда, трывае. А здавалася, больш не вытрымае.

Праз сэрца як праз сітца… Кап, кап, кап, сок з роспачы, надзеі, болю і шчасця…

Пакой напоўнены зімовым мяккім святлом, так што амаль не відаць закратаваных вокнаў, і сонечныя зайчыкі кладуцца на твары трох цалкам шчаслівых людзей, якія, абняўшыся, ляжаць на ложку – мужчына, жанчына і іх маленькі хлопчык.

Гэта мы! Вось проста зараз, разам, у шыкоўным гатэлі для доўгіх спатканняў Шклоўскай калоніі нумар 17.

Цуд даўжынёй у два дні. Слоў не хапае, і паветра таксама.

Абняць адзін аднаго зноў роўна праз паўтара года. Бог быццам адмервае чарговы этап суцяшэннем – трымайцеся, родныя, і нічога не бойцеся. Я з вамі.

І кожная будзёная рэч як дзіва – разам прачнуцца, разам паснедаць, памыць посуд, разам спяваць і маліцца, адкрыць бляшанку з аліўкамі, разам прайсціся па калідоры.

І глядзіш на ўсе вочы і не верыш – вось ён. Пахне дрэвам. Усміхаецца. Такі ж родны, такі ж уважлівы, толькі яшчэ больш мяккі, быццам цярпенні, якія шчодра сустракаюцца на яго шляху, размякчаюць яго сэрца, а не ачарсцвяюць.

“Приятного времяпрепровождения” – кажа мясцовы зэк, як швейцар. І ты ліхаманкава ловіш кожную хвіліну і ведаеш, што кожная міне.

А наш хлопчык, быццам і не было гэтага доўгага расстання, сустрэў тату словамі: “О, тата, прывітанне, давай лётаць самалёцікам”.

А пасля: абняцца, быццам на вечнасць, слухаць як б’ецца сэрца адзін аднаго, стварыць у гэтым пакоі свой уласны свет і назіраць, як ён зноў знаёміцца з сынам. Несанкцыянаванае шчасце. І як хочацца ў два дні змясціць усё, што скрадзена за паўтара года.

Не ведаю, ці спаў гэтыя дзве ночы Паша – заўсёды, як я прачыналася, ён глядзеў на нас. Я лавіла яго позірк, стоены і глыбокі: “Уся Беларусь глядзіць на мяне праз твае вочы” — кажа.

А Францішак ціхамірна спаў між намі, раскідваючы ручкі ў розныя бакі. Для яго гэта звыклыя рэчы: збіраць перадачы, ездзіць па судах і СІЗА, чакаць лістоў з турмы і маліцца, каб тата хутчэй вярнуўся.

Сціскаеш сэрца да болю і думаеш – няхай будзе праклятае ўсякае зло на нашай зямлі.

Паша… Родны, схуднелы, стомлены, але моцны, сабраў сябе на гэта спатканне – рыхтаваўся, і толькі ў адзін кароткі момант угледзела, як слязінка скацілася па чыста паголенай “рэжымнай” шчацэ: “Прабач, каханая мая, расслабіўся”.

Праз каханне Бог асвячае беларускія турмы. Праз цярпенні народа Бог асвячае Беларусь. Мы частка гэтай зямлі, яе гісторыі, у якой лёсы плятуцца габеленамі, у якой вераць, любяць, спадзяюцца, ахвяруюць сабой. Мы не адарвемся ад яе, бо прараслі ў гэту зямлю карэннем, куды мы без яе, куды яна без нас.

Як цяжка казаць пра каханне словамі… Гэтыя два дні зноў адчувала сябе як нявеста. А пасля спаткання сэрца ўзяць і вырваць.

Пакладу ўспаміны ў самы каштоўны куфар свайго сэрца і пакуль замкну, бо марыць балюча.

Але… “Няхай не сумняваецца сэрца вашае”. Яшчэ, яшчэ і яшчэ раз… Дзень за днём, быццам грукае ў грудзях, то ліхаманкава, то з радасцю, то з атупеннем – Яна 14:1 – “няхай не сумняваецца сэрца вашае”!

Сярод бруду і холаду, у цемры, ёсць светлая зорка – надзея, што гэты сон сярод многіх бясконцых дзён стане явай, і жыву гэтым днём, і рыхтуюся, ён будзе!

8-9 снежня 2021 года”

Крыніца


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава