«Бабуля вучыла нас с братам, што па жыцці вельмі важна глядзець на неба». Валярына Кустава расказала пра свой духоўны шлях


Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Валярына Кустава – паэт, сцэнарыстка і тэлевядучая, аўтарка вядомага відэапраекта “Беларус беларусу”, што выходзіць на “Белсаце”. Мы пагаварылі з Валярынай пра духоўны бок яе жыцця і творчасці: для яе хрысціянства – нешта глыбокае і асабістае.
«Я апелявала да Бога, размаўляла з ім з маленства»
Валярына нарадзілася ў сям’і, якую яна называе практычна атэістычнай, яе маці была нехрышчоная. Наша суразмоўца сама папрасіла сябе ахрысціць, калі ёй было ўсяго 6 гадоў.
Яна ўспамінае:
«Вера ў вышэйшыя сілы, у Госпада была ў мяне заўсёды, я па сутнасці нарадзілася з ёй. У маленстве я не чытала Біблію і не хадзіла ў царкву, але мне сніліся сны пра Страшны суд, пра тое, як змагаюцца д’ябал з Богам. Я малявала малюнкі і пісала вершы пра гэта. Мая першая кніга, якая выйшла ў мае 11 гадоў, і першая публікацыя ў 6 гадоў – гэта ўсё вершы акурат пра змаганне дабра і зла за душу, мая першая кніга ўвогуле мусіла называцца “Божае вока”.
Гэтая тэма – па сутнасці, была для мяне галоўнай у маленстве: вось гэтае паразуменне з небам, Богам, лад у душы – нішто мяне так не цікавіла, як гэта. Па сутнасці, я апелявала да Бога, размаўляла з ім з маленства. Мяне ніхто не вучыў маліцца, і гэта былі такія размовы пра сэнсы, пра душу, пра тое, што пасля».
Калі Валярыне было каля двух гадоў, у яе здарылася клінічная смерць, дзесяць хвілін не працавала сэрца. У гэты час, успамінае яна, перад яе вачыма паўставаў пазасвет.
Потым дзяўчынка адлюстроўвала ўбачаны свет у сваіх малюнках і вершах, прычым заўжды малявала Божае вока, дзе зрэнка была падзеленая на тры часткі – белую, чорную і чырвоную. Яна расказвала пра гэта як пра падзел свету на любоў і кроў, на чысціню і на зло, якое ёсць у свеце.
Але адкуль у дзіцяці такое імкненне да веры? Шмат у чым, мяркуе Валярына, гэта магло быць звязанае з яе бабуляй:
«Мая прабабуля была стараверкай. Неяк яна везла хрысціць свайго сына, брата маёй бабулі. Быў моцны мароз, і ён ледзь не памёр пасля хрышчэння, бо дзяцей там апускаюць у ваду, а потым яго доўга везлі дахаты на возе скрозь холад.
Яго адагрэлі на пячы, прабабуля яго адгадавала. Потым маю бабулю яна ўжо не хрысціла, так і павялося далей. Але мая бабуля і прабабулі ўмелі лекаваць рукамі, да іх праз гэта прыходзілі людзі, у тым ліку і проста па параду, слова ці мудрасць. Мая бабуля заўсёды казала, што робіць гэта дзякуючы Богу. Вучыла нас с братам, што па жыцці вельмі важна глядзець не долу, а на неба, і там шукаць сілы».

Пісьменніца расказвае пра запаветы, якім вучыла бабуля – і жыццёвыя, і ў нечым біблейскія. Напрыклад, бабуля казала не ламаць дрэвы, бо ім балюча, нават нельга было пчолку забіць, то-бок да ўсяго жывога трэба ставіцца па-добраму і верыць небу.
Тыя біблейскія вобразы і сюжэты прыходзілі да Валярыны ўсё дзяцінства і нават у часы студэнцтва. Свае першыя кнігі яна апісвае як размовы з Богам пра душу. А таксама дзеліцца, што ўсё жыццё адчувала – яе бароняць душы продкаў, і яна заўсёды магла прамовіць да Бога, нават калі не знаходзіцца ў царкве.
Першая публікацыя вершаў Валярыны выйшла, калі ёй было шэсць гадоў, і прадмову да яе напісаў паэт Алесь Разанаў. Разанаў пісаў, што «яе вершы – гэта не дзіцячая і не дарослая, а звышузроставая філасофія».
«Таксама ён сказаў, што калі ўгледзецца ў мае дзіцячыя малюнкі і ўчытацца ў вершы, стане зразумела, што ўсё гэта пра веру, пра выкупленне, тое, як ачысціць душу.
Для мяне з маленства не было падзелу на каталіцтва, праваслаўе ці пратэстантызм. Каб памаліцца, я магла зайсці і ў касцёл, і ў царкву, заўсёды было адчуванне, што Бог адзіны для ўсіх. Натуральна, што мне шмат у чым адгукаецца хрысціянства, але я не той чалавек, хто прытрымліваецца ўсіх канонаў. Магу зайсці ў царкву і з непакрытай галавой, бо, мне здаецца, усё гэта збольшага ўмоўнасці. Галоўнае – як чалавек жыве, якая ў яго душа, як ён ставіцца да іншых і наколькі ён шчыры перад сабой».
Канцэнтрат хрысціянскасці
Апошнія некалькі гадоў Валярына робіць відэапраект «Беларус беларусу», ён выходзіць на «Белсаце». Гэта гісторыі пра беларусаў, якія прайшлі праз рэпрэсіі і цяпер перажываюць цяжар эміграцыі, ды яшчэ і ў складаным становішчы. Гледачы праекта, дзякуючы гэтым праграмам, змаглі дапамагчы многім з іх.
Выглядае, што ў гэтым шмат хрысціянскага. А як да гэтага ставіцца Валярына?
«Сапраўды, гэты праект неяк неасэнсавана пра тое, што трэба ствараць дабро на зямлі, трэба дапамагаць, ахвяраваць і сваім часам, і сваімі сіламі, і рэсурсамі і сродкамі, каб падтрымаць іншых, аднадумцаў, беларусак, беларусаў.
Мае героі вельмі розныя, але сапраўды сярод іх бываюць вернікі, прадстаўнікі духавенства, нядаўна сярод іх былі прапаведнік, сын дыякана, дзяўчына, што больш за 5 гадоў пражыла ў манастыры, збіраючыся даць першыя абяцанні і стаць манашкай канчаткова. Але я не выдзяляю іх адмыслова. Я стараюся здымаць і падтрымліваць праз праграму ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу – тым, хто звяртаецца, або калі мы з камандай пабачылі, што камусьці патрэбная падтрымка».

Валярына кажа, што ніколі не задумвалася пра хрысціянскую сутнасць праекта, проста рабіла тое, што падказвае сэрца. Людзей знішчаюць, яны пакутуюць – значыць, па-чалавечы трэба іх падтрымаць, працягнуць руку, падставіць плячо. Суразмоўца называе гэта канцэнтратам хрысціянскасці: праект дапамагае людзям – гледачы адгукаюцца, каб дапамагчы героям. Калі героі акрыяюць і ўстануць на ногі, яны дапамогуць наступным, хто мае патрэбу. Такі кругазварот беларускай салідарнасці ў свеце.
Дапамагаюць не толькі беларусы, хаця, канечне, збольшага гаворка менавіта пра іх. Валярына разважае, што беларусы – салідарныя, хаця і вельмі стомленыя праз рэпрэсіі ды жыццёвыя цяжкасці. І тым не менш, мы маем практычна пяць гадоў канцэнтраванай салідарнасці і ўзаемападтрымкі – ад часоў кавіду да нашых часоў.
Валярына заўважае, што многія беларусы зрабіліся як сям’я – дапамагаюць адзін аднаму нягледзячы на тое, што да гэтага яны маглі быць абсалютна незнаёмыя паміж сабой. Для яе гэта прыкмета таго, што аб’яднала нас у нацыю.
«Тым шчаслівейшыя людзі, каторыя з Богам у сэрцы»
Свае цяперашнія духоўныя погляды Валярына апісвае так:
«Цяпер Беларусь – мая рэлігія, гэта найбольшая вера для мяне. Мая мара, канечне, вярнуцца дадому. Таму я заўсёды малюся ў тым ліку і за Беларусь. Мне здаецца, гэтая малітва за Беларусь стала цяпер такой шырокай, бо многія маюць гэтую пакуль няздзейсную мару – вярнуцца ў Беларусь і стварыць гэтую Беларусь будучыні.
Вольная Беларусь – гэта мая рэлігія. Мне здаецца, усё гэтае змаганне наўпрост паяднанае з верай, гэта якраз пра адраджэнне душы, нацыі, пра дабро і салідарнасць і пра прадтрымку».
Валярына асобна адзначае – на яе думку, многія прадстаўнікі духавенства
ператварыліся ў інструмент у руках улады, і беларуску гэта засмучае. Але ёсць і супрацьлеглыя прыклады, як прадстаўнікі праваслаўя і каталіцтва зрабіліся ў сваёй дзейнасці прыкладамі сапраўднага хрысціянства.
Суразмоўца ўспамінае ксяндза Уладзіслава Завальнюка, былога пробашча Чырвонага касцёла: пасля таго, як яго адхілілі ад служэння, ён уладкаваўся дворнікам пры касцёле, каб быць побач са сваёй паствай. У ранейшыя часы ён ладзіў у Чырвоным касцёле цудоўныя беларускія імпрэзы. Валярына ўспамінае, як там праходзіла прэзентацыя псалмаў у адаптацыі Рыгора Барадуліна, прэзентацыя барадулінскай кнігі «Ксты».

Апошнія гады для беларусаў вельмі складаныя, разважае Валярына. Але з верай і Богам лягчэй усё пераносіць, кажа яна:
«Калі ты разумееш, што гэта твой шлях, Крыж, і ты пад абаронай – напэўна, таму ўсё і прымаецца прасцей. Тым шчаслівейшыя людзі, каторыя з Богам у сэрцы. Такія, як Паша Севярынец, які прымае свой шлях і сваё змаганне, сваю ахвяру, і яго сям’я таксама гэта прымае (хаця гэта вельмі няпроста). Мне здаецца, што гэта святыя людзі для Беларусі і беларускай справы. Калі б не іхняя прынцыповасць, іншым не было б на што абаперціся.
Я заўсёды веру ў дабро, у тое, што беларус беларусу [беларус] і беларуска беларусцы таксама. Любоў і падтрымка перадусім, нягледзячы ні на якія складанасці. У гэтай любові і падтрымцы, натуральна, ёсць і пра нашу веру і пра беларускую самасць і душу».
Усе фотаздымкі: з архіву суразмоўцы