У Віцебску затрыманы яшчэ адзін святар – айцец Віктар Жук, езуіт

У другой палове дня 8 снежня ў Віцебску былі затрыманыя айцец Віктар Жук, езуіт, пробашч мясцовай парафіі святога Уладзіслава, а таксама айцец Аляксей Варанко, вікарый грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстовага.
Святары былі затрыманыя і дастаўленыя ў Першамайскі РАУС г. Віцебска, дзе будуць знаходзіцца да суду, прызначанага на 9 снежня.
Як паведамілі родныя аднаго з затрыманых святароў, суд будзе праходзіць па скайпе. Яны таксама распавялі, што айца Віктара і айца Аляксея абвінавчваюць па артыкулах Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Айцец Віктар Жук SI належыць да Таварыства Езуса (ордэна езуітаў) — таксама, як і Папа Францішак. Святар з’яўляецца аўтарам нядзельных казанняў, якія публікуюцца на партале Catholic.by.
Родныя і блізкія затрыманых просяць падтрымаць іх малітваю ў цяжкім выпрабаванні.