У рэжыма і Касцёла розная «сацыяльная філасофія»
ВячаслаўБарок
Рымска-каталіцкі святар Віцебскай дыяцэзіі. Душпастыр беларусаў у Варшаве. Блогер.
«Вера без учынкаў мёртвая», (Як 2, 17) пісаў Апостал Якуб.
Нашыя паводзіны ёсць адлюстраваннем нашай веры, а ўчынкі сваеасаблівым яе індыкатарам.
А так як чалавек створаны Богам, дзеля таго каб жыць у супольнасці з іншымі людзьмі, бо «не добра, каб чалавек жыў адзін» (Быц 2,18) таму і нашыя ўчынкі ў зносінах з іншым чалавекам вельмі важныя, а сацыяльны спектр не пазастаецца па-за межамі навучання Касцёла. КСВК агучвае прынцыпы сацыяльнага навучання: #агульнае_дабро, #салідарнасць, субсідыярнасць і #ўдзел. Сярод іх субсідыярнасць, вуснамі папы Пія ХІ ў энцыкліцы Qudragesimo anno, называе асабліва важнай нормай «сацыяльнай філасофіі». (КСВК 186)
…
Паняцце субсідыярнасці азначае дапамогу больш развітых грамадскіх супольнасцяў менш развітым. (КСВК 186) Гэтаму прынцыпу, між іншым, адпавядае дапамога дзяржавы розным сацыяльным групам грамадства.
Я доўга збіраўся з думкамі і падбіраў словы, каб распавесці, што гэта за прынцып такі «субсідыярнасць».
Сёння, на прыкладзе беларускіх падзей, актуальных і тых, што адбыліся пару тыдняў таму, зрабіць гэта значна прасцей. Гаворка ідзе аб знішчэнні грамадзянскай супольнасці і грамадскіх арганізацый.
А менавіта, пра 48 некамерцыйных грамадскіх арганізацый, якія 23 ліпеня 2021г дзяржаўнай уладай былі зачыненыя. На сённяшні ж дзень, па падліках «Вясны», дарэчы, таксама недзяржаўнай арганізацыі, ўжо ліквідаваных, або тых што знаходзяцца на стадыі ліквідацыі налічваецца 113 недзяржаўных арганізацый.
…
Такім класічным прыкладам з’яўлялася медыяплатформа «Імёны». Чаму з’яўлялася? Бо на сёння СК наклаў арышт на іх рахункі і замарозіў агулам нецэлых 1,5 млн рублёў, якія былі сабраныя для дапамогі патрабуючым беларусам.
Зрэшты, гэта і ёсць ажыццяўленне прынцыпу субсідыярнасці…
Як гэтыя падзеі і факты можа адчытаць хрысціянін? …
Напрыклад, Лукашэнка 30 ліпеня заяўляў пра выяўленыя 185 дэструктыўныя арганізацыі, ды сцвярджаў, што яны прадстаўляюць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бяспекі. Уяўляеце, вось гэта тыя самыя ўзгаданыя «Імёны» ( #Имена) якія былі мостам паміж багацейшым і бяднейшым, ці «#МоваНанова», якая вучыла шанаваць Божы дар — матчыную мову, і ёсць небяспека для дзяржавы ў яго ўяўленні.
А што ж скажа хрысціянін?
Хрысціянін ва ўсім гэтым бачыць як тыя, хто самі, не маючы прынцыпаў і кіруючыся беззаконнем (мова пра тых каму не да закону), не дазваляе беларусам рабіць тое, што ім загадвае сумленне — дапамагаць патрабуючым. Я б нават сказаў, што ўсе ахвярадаўцы «Імёнаў» — гэта такія, калі не яўныя, то «ананімныя хрысціяне». Яны, калі і рабілі добрую справу без свядомасці рабіць тое ў імя Хрыста, і так рабілі згодна з Божым наказам. А значыць і Хрыстос прыме іх, як за сваіх, бо вера іх была жывой, а іхнія ўчынкі з’яўляюцца на тое непахісным аргументам.
Хрысціянін разумее, што ўсе недзяржаўныя арганізацыі і ёсць акурат у грамадстве дэманстрацыяй вернасці прынцыпу субсідыярнасці, трымацца якога заахвочвае Касцёл Каталіцкі.
Інакш кажучы, калі сёння ў Беларусі адбываецца зачыстка грамадзянскай супольнасці і ліквідацыя ўсіх НДА, ад «Брацтва босых пчаляроў» да «Офіса па правах людзей з інваліднасцю», можна казаць, рэжым у Беларусі дзейнічае адназначна супраць Сацыяльнага Вучэння Касцёла. А таму, падтрымліваць такі лад жыцця ёсць не толькі злачынствам па зямных законах, але ж і грахом перад Законам Божым.
І напрыканцы, хацелася б задаць рэтарычнае пытанне: ці можа хрысціянін на фоне знішчэння грамадзянскай супольнасці і пахавання ў магілу прынцыпа субсідыярнасці, казаць аб тым, што крызісная сітуацыя ў Беларусі занадта не абмяжоўвае і не перашкаджае ў служэнні Касцёла?
Ведаеце, калі абмяжаваць хрысціянства да комплекса царкоўных абрадаў, якое замкнёнае ў сценах сваіх утульных храмаў і не мае жывой веры, якую можна было б прадэманстраваць свету, то тады так — такому «хрысціянству» ужо нічога не можа замінаць, бо яно мёртвае.
Але ж ці не лепш стаць «Царквой без сценаў», але жывой і дзейснай, чым быць царквой, з багатымі храмамі, але, прапаведуючай «мёртвую веру» без учынкаў.