У Мінску затрымалі евангельскіх хрысціянаў Андрэя і Надзею Кімаў
У сярэдзіне тыдня ў Мінску затрымалі вядомага культурніцкага дзеяча, стваральніка праекту «Кінаконг» Андрэя Кіма і яго жонку Надзею Кім. Прычыны затрымання пакуль невядомыя.
Пра затрыманне публічна паведаміў блогер Ігар Лосік.
Андрэй Кім — заснавальнік беларускага кінапраекту «Кінаконг» (2012), які займаўся прафесійным перакладам і агучваннем фільмаў, мультфільмаў, трэйлераў і відэа на беларускую мову, а таксама арганізоўваў кінапаказы ў розных гарадах Беларусі.
Надзея Кім вядомая сваёй працай у незалежнай культурніцкай сферы: яна ёсць рэдактаркай у выдавецкай ініцыятыве «Кніжны рысь», якая спецыялізуецца на выданні кніг па-беларуску, у тым ліку дзіцячай літаратуры. У сям’і Кімаў — двое малалетніх дзяцей.
Затрыманне Андрэя і Надзеі Кімаў адбываецца на фоне ціску на незалежныя культурніцкія ініцыятывы і прыватныя праекты ў Беларусі, у тым ліку — праз затрыманні людзей, звязаных з незалежным кнігавыданнем і іншымі недзяржаўнымі культурнымі асяроддзямі.
upd. Паводле ўдакладненай інфармацыі Надзею Кім пасля затрымання адпусцілі дадому.







