У мінскай архікатэдры памаліліся за спачылага Мітрапаліта Філарэта
Увечары 15 студзеня ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася святая Імша аб вечным супакоі для спачылага Мітрапаліта Філарэта, Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, які ў гэты дзень быў пахаваны ў жыровіцкім Свята-Успенскім манастыры.
Цэлебрацыю ўзначаліў Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Эўхарыстыю ў галоўнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі канцэлебравалі Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек і іншыя святары лацінскага і ўсходняга абрадаў.
У гаміліі арцыбіскуп успомніў словы праваслаўнага іерарха, з якімі той звярнуўся да яго з нагоды 65-годдзя: «Не нам, Пане, не нам, але Твайму Імені няхай будзе слава». Паводле арцыбіскупа, у гэтых словах Пісання схавана таямніца служэння і веліч Мітрапаліта Філарэта: «Ён імкнуўся не да сваёй славы, а да Божай».
Іерарх адзначыў, што 35 гадоў служэння Мітрапаліта Філарэта ў Беларусі былі прысвечаны адраджэнню веры ў нашай краіне.
Па словах арцыбіскупа, з Божым Нараджэннем асыцыюецца Бэлеем і Бэтлеемская зорка, і «ў далёкім 1978 годзе на беларускім небасхіле з’явілася свая Бэтлеемская зорка, імя якой Мітрапаліт Філарэт». У ім «наш народ бачыў выдатнага пастыра, багаслова, арганізатара, дыпламата, чалавека дыялогу», дадаў іерарх. Пры гэтым «ён памятаў і пра католікаў»: «калі не хапала касцёлаў і святароў, дазволіў праваслаўным святарам спавядаць і прычашчаць католікаў у Праваслаўнай Царкве».
Іерарх дадаў, што Мітрапаліту Філарэту «былі ўласцівыя глыбокія тэалагічныя разважанні і адначасова здаровы гумар», яго казанні былі «актуальнымі і жывымі», «ён знаходзіў час для кожнага». Дзякуючы ўсяму гэтаму «ён набыў павагу і пашану і ў Каталіцкім Касцёле і іншых веравызнаннях, у веруючых і няверуючых, ва ўсім нашым грамадстве». Ён «сваёй дзейнасцю і адкрытасцю спрыяў аб’яднанню нашага шматканфесійнага грамадства», «дзякуючы яго намаганням мы маем міжканфесійны мір, адносіны паміж рознымі веравызнаннямі ў Беларусі з’яўляюцца прыкладам іншым краінам».
Арцыбіскуп дадаў, што Касцёл удзячны гэтаму «вернаму сыну Праваслаўнай Царквы і адначасова вялікаму сябру Каталіцкага Касцёла».
Іерарх звярнуўся ў малітве да Бога з просьбай прыняць спачылага Ганаровага Патрыяршага Экзарха ў радасць вечнага жыцця.
«Няхай ён стане новым нябесным заступнікам нашай Бацькаўшчыны ў асаблівы час, калі нам, як паветра, патрэбныя мір і згода, якія павінны будавацца на любові да Бога і бліжняга, а таксама на ўзаемным прабачэнні, да чаго заклікаў Мітрапаліт Філарэт»,— узрушана сказаў на заканчэнне арцыбіскуп Кандрусевіч.
Акрамя вернікаў розных канфесій, прысутных на Імшы ў мінскай катэдры, да малітвы духоўна далучыліся яшчэ каля пяцісот чалавек, якія глядзелі прамую трансляцыю цэлебрацыі на партале Catholic.by.