У Чырвоны касцёл пусцілі святароў: сапраўдны стан храму не адпавядае заявам уладаў
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Гэта адбылося 14 лютага. Наведаць святарам святыню дазволіла КУП “Мінская спадчына”, якое з’яўляецца ўласнікам будынку. Пасля візіту святары і прадстаўнікі касцёльнага камітэту адзначылі, што “ў касцеле цёпла, ёсць гарачая і халодная вада (на плябаніі ўсё гэта адключана), у зале для Богаслужэння няма слядоў узгарання, сажы і іншых бачных пашкоджанняў”. Да такой самай высновы прыйшла таксама камісія са святароў, якая змагла патрапіць унутр храма ў папярэдні раз — у снежні мінулага году.
У той жа час Мінгарвыканкам сцвярджае, што ў храме адключана электра-, цепла- і водазабеспячэнне, і што ўсе гэтыя сістэмы нібыта патрабуюць рамонтна-аднаўленчых прац. Гэта названа прычынай таго, чаму храм дагэтуль не адкрываюць для вернікаў. Разам з тым, не называюцца ні віды, ні тэрміны нібыта “неабходных” прац .
“Хрыстос залікае падаць руку сваім крыўдзіцелям”, — адзначылі парафіяне ў чарговым лісце да старшыні Савета Рэспублікі Н. Качанавай. Аднак ніякага адказу не атрымалі ані на гэтае паведамленне, ані на просьбы вярнуць святыню, скіраваныя да былога прадстаўніка Беларусі ў Ватыкане С. Алейніка і да мітрапаліта Веніяміна.
Ноччу 26 верасня ў закрыстыі Чырвонага касцёла адбыўся інцыдэнт з выбітым акном і ўзгараннем. З таго часу па распараджэнні ўладаў храм быў закрыты і знаходзіцца ў такім стане ўжо на працягу 5-ці месяцаў.
Відавочна, што інцыдэнт, расследаванне якога па нейкіх прычынах так і не завершылася, стаў толькі нагодай для закрыцця аднаго з самых пазнавальных храмаў беларускай сталіцы, а такім чынам з’яўляецца праявай ціску ўладаў на Каталіцкі касцёл у Беларусі.