Святлана Ціханоўская віншуе ўсіх беларусаў, якія адзначаюць Нараджэнне Хрыстова 25 снежня


Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Ціханоўская: «Прыміце мае сардэчныя віншаванні са святам. Раство – гэта дзень міру і радасці. Сёння ў сэрцах хрысціян гучаць словы, якімі анёлы абвясцілі віфлеемскім пастухам аб Нараджэнні Збаўцы: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!»
На нашай роднай беларускай зямлі супакою зараз няма. Злачынны рэжым аб’явіў уласнаму народу вайну без правілаў. Невінаватых саджаюць у турмы. Грамадства спрабуюць напоўніць нянавісцю і страхам. Але гісторыя Раства кажа нам, што надзею забіць нельга – нават калі гэта хоча зрабіць тыран. Ірад можа пераконваць сваіх памагатых, што ён усемагутны, – але насамрэч ен асуджаны на паразу.
Я веру: мы абавязкова вернем спакой у Беларусь. Мы адновім яго на самай трывалай аснове – на падмурку праўды і справядлівасці, павагі да правоў і годнасці кожнага чалавека.
Мы абавязаныя перамагчы. І я веру, што ўсе вернуцца дадому.
Што вернікі Царквы «Новае Жыццё» вернуцца дадому у свой храм, які ў іх гвалтам адабралі.
Што вернуцца дадому Ігар Лосік, Мікіта Емяльянаў, Вольга Залатар, Уладзімір Мацкевіч і мноства іншых сумленных людзей, якія зараз сустракаюць Каляды не разам са сваімі сем’ямі.
Я веру і кажу гэта кожнаму беларусу, хто стаміўся ці сумняецца.
Я кажу гэта беларусам унутры краіны і за яе межамі.
Я кажу гэта сусветнай супольнасці, сваім дзецям і самой сабе: мы пераможам, бо з намі праўда.
З Нараджэннем Хрыстовым!»
Усё відэа: