Святлана Ціханоўская наведала беларускі праваслаўны прыход у Вільні
Беларуская лідарка сустрэлася са святарамі і вернікамі беларускага праваслаўнага прыхода ў Вільні. Для Святланы Ціханоўскай правялі экскурсію па царкве на Bokšto, 4 і распавялі пра місію супольнасці: працаваць з беларусамі па ўсім свеце, у тым ліку з тымі, хто знаходзіцца ўнутры краіны.
Таксама ў візіце ўзялі ўдзел амбасадарка па асаблівых даручэннях Літвы ў Беларусі Аста Андрыяускене і шэраг дыпламатаў.
У ноч з 3 на 4 верасня на царкву адбыўся напад. Невядомыя абстралялі вокны будынка і разбілі шыбу. Паліцыя вядзе расследаванне. Прыходская супольнасць лічыць, што інцыдэнт з высокай імавернасцю з’яўляецца правакацыяй КДБ.
Па словах святара Аляксандра Кухты, людзі, якія ўзнялі руку на храм, парушаюць нават правілы вайны, не кажучы ўжо пра законы мірнага часу.
Святлана Ціханоўская адзначыла:
«На жаль, нагода візіту не вельмі добрая, але насуперак намаганням рэжыму, такія рэчы толькі натхняюць і аб’ядноўваць людзей. Ведаеце, гэты напад нагадаў мне часы, калі АМАП блакаваў дзверы ў Чырвоным Касцёле ў Мінску. І вось цяпер у Вільні, у розных месцах, дзе працуюць і робяць сваю справу беларусы, рэжым намагаецца пакінуць след гвалту і нянавісці. Але ж, мне вельмі прыемна было пазнаёміцца з прыходам і даведацца больш пра яго гісторыю. Святар Аляксандр сказаў вельмі грунтоўную рэч, якая мне адгукнулася: “Вы можаце заставацца праваслаўнымі, ні на крок не здрадзіць сабе і сваёй веры, вы можаце не быць звязанымі з тым гвалтам, які адбываецца ў Беларусі”».
Як зазначыў пасля візіту святар Аляксандр Кухта, сустрэча атрымалася цёплай і шчырай, замест запланаваных 30 хвілін яна заняла паўтары гадзіны.
Дзверы беларускай царквы ў Вільні па-ранейшаму адчыненыя для кожнага. Дзейнічае тэлеграм-канал прыхода з актуальнымі навінамі, раскладам набажэнстваў і актыўнасцяў — далучайцеся.