Што “Дзень народнага адзінства” значыў для хрысціянаў у Заходняй Беларусі?


Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Ужо заўтра ўлады ў Беларусі будуць адзначаць так званы “Дзень народнага адзінства”. Гісторыкі ўжо неаднаразова казалі аб тым, што дзень уступлення СССР у Другую сусветную вайну на адным баку з нацыстамі – гэта як мінімум спрэчная дата для новага дзяржаўнага свята, хоць фактычна гэта і прывяло да “ўз’яднання” Заходняй і Ўсходняй Беларусі пад кантролем Сталіна. Наша група таксама лічыць, што гаварыць пра народнае адзінства ў Беларусі пакуль відавочна рана. Таксама не можам не нагадаць, што 17 верасня стала трагічным днём для вернікаў з Заходняй Беларусі незалежна ад рэлігіі і канфесіі, бо яны патрапілі ў жорны рэпрэсій, якія раней практычна знішчылі арганізаванае рэлігійнае жыццё ва Ўсходняй Беларусі. Адпаведна, любы ўдзел цэркваў у святкаванні “Дня народнага адзінства” будзе сведчыць пра іх залежнасць ад ідэалагічных маніпуляцый дзяржавы. Мы будзем сачыць за рэлігійным бокам заўтрашняга “свята” і заклікаем нашых чытачоў дзяліцца праз @christianvisionBot інфармацыяй на гэтую тэму.
Таксама прапануем гістарычны матэрыял, падрыхтаваны сайтам katolik.life. Гэта вытрымкі з працы супрацоўніка Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Аляксандра Цымбала «Становішча праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі ў 1939-1941 гадах». Вядома, што антырэлігійныя рэпрэсіі не абмежаваліся Праваслаўнай царквой.
«…На другі дзень знаходжання ў Пінску чырвонаармейцы падпалілі Свята-Фёдараўскі сабор і стралялі ў яго са стрэльбаў. Ўдосталь наглуміўшыся над храмам, яны вырашылі адабраць царкоўную мэблю. Калі сябры царкоўнага камітэта Ганна Палюховіч, Барахава і Сыраватка (імёны невядомыя) запатрабавалі спыніць самаўпраўства або падаць дакументы на канфіскацыю маёмасці, іх арыштавалі. Здзекаваліся чырвонаармейцы і над епіскапам Аляксандрам. Лічачы яго дармаедам, яны прымушалі архіпастыра падмятаць вуліцы. У першыя дні ўсталявання савецкай улады былі забітыя: протаіерэй Андрэй Куц з сям’ёй у Шылавічах, святар Бароўскі ў вёсцы Лашы ў Ляўшове, святар Камінскі забіты каля Свіслачы. У Жыжме Лідскага благачыння быў застрэлены святар Яўграф Бука».