Выпускніцу школы званароў Таццяну Ласіцу судзяць за праваабарончую дзейнасць

«Калі за кратамі такія, як Таня, свет перакуліўся» – сябры пра валанцёрку «Вясны» Таццяну Ласіцу

У гэтыя дні працягваецца закрыты суд над праваабаронцам Леанідам Судаленкам, а таксама дзвюма яго памочніцамі – валанцёркамі Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенка. І калі пра суд дагэтуль амаль нічога невядома, то пра людзей, якія апынуліся за кратамі, можна распавядаць бясконца.

«Вясна» пагутарыла з сябрамі Таццяны Ласіцы, якія дапамаглі намаляваць яе партрэт. На ім жанчына з яснымі вачыма сядзіць сярод сваіх любімых архідэй, адной рукой лашчыць шэрага ката і пасміхаецца, таму што верыць: дабрыня і шчырасць заўсёды перамагаюць.

Жанчына з дзвюма адукацыямі

Таццяна Ласіца мае дзве вышэйшыя адукацыі: інжынера-геолага і педагога-псіхолага. Сябры кажуць, што жанчыне больш падабаецца псіхалогія – напрыклад, яна займаецца тэмай гендэрных даследаванняў. Яна надае шмат увагі развіццю гэтага накірунку і ў прафесійным, і ў прыватным жыцці: так, для яе звычайнае выкарыстанне ў размовах фемінітываў.

Яна не звыкла спыняцца і заўсёды працягвае шукаць сябе. Напрыклад, цягам некалькіх гадоў Таццяна жыла ў Мінску, дзе займалася мастацкім качаннем з поўсці разнастайных вырабаў – пантофель, торбачак, цацак.

Але пасля гэтага яна вырашыла вярнуцца ў родную Рэчыцу, дзе працавала інжынерам, а таксама займалася ўладкаваннем горада. Яна хоча змяніць яго да лепшага і зрабіць жыццё ў ім больш камфортным. Дзякуючы ёй у горадзе з’явілася мемарыяльная шыльда ў гонар артыста Яфіма Капеляна, які нарадзіўся ў Рэчыцы. Яна вельмі хацела, каб ягоная памяць была ўшанаваная ў горадзе, таму збірала інфармацыю пра яго ў архівах, размовах з мясцовымі доўгажыхарамі – у выніку нават даведалася, дзе мясціўся дом, дзе ён нарадзіўся. Пазней Таццяна пакладзе знойдзеную інфармацыю ў аснову экскурсіі, якую зладзіць падчас Фэста экскурсаводаў. Дасканаласць і нетрывіяльнасць пададзенай інфармацыі пацвердзяць і музейныя супрацоўнікі, якія прыйшлі на экскурсію.Таццяна падчас экскурсіі

Акрамя гэтага, Таццяна хацела балатавацца ў Палату прадстаўнікоў: сабрала больш за тысячу подпісаў у сваім раёне, але не перамагла на выбарах. Аднак падчас збору подпісаў яна даведалася, што жыхарам спальнага раёну не хапае школы, таму пасля стварыла электронную петыцыю і аднесла яе ў райвыканкам. Праз некаторы час Таццяна атрымала ліст, што будаўніцтва школы ўнеслі ў перспектыўны план развіцця горада.

Званы і архідэі

Рознабаковасць Таццяны адлюстроўвае і шырокае кола яе захапленняў. Апроч акрэсленых тэмаў, яе цікавіць увесь навакольны свет у самым шырокім разрэзе.

Па-першае, у яе талент адчуваць сувязь з прыродай. Аднойчы жанчына пачала вырошчваць архідэі – хутка усё падваконне яе прыватнай хаты запоўнілася рознакаляровымі ззяючымі кветкамі, якіх большала і большала. Яна зацікавіла гэтым і сяброўку, і калі яе кветкі не прыжыліся, прыехала і ўсё наладзіла: крыху «павядзьмарыла» над грунтамі і перасадкамі – архідэі ачунялі і растуць дагэтуль.

Таксама Таня збірае і вывучае «батанічны матэрыял» – так яна яго называе. У гэтую катэгорыю трапляюць прыродныя цікавосткі: лісткі, суквецці, каменьчыкі, мінералы, якія яна потым з скрупулёзнасцю вывучае.

Па-другое, Таццяна вучылася ў праваслаўнай Школе званароў. Спачатку пайшла праз цікаўнасць за кампанію з сяброўкай, але дапытлівы характар апанаваў, і яна з задавальненнем яе скончыла. Асабліва ёй спадабалася, калі можна было спяваць у розных цэрквах Мінска на тыдні Вялікадня – а спяваць жанчына пачала яшчэ ў Рэчыцы, калі брала ўдзел у выступах хора і выконвала беларускія народныя песні.

Па-трэцяе, Таня вельмі любіць падарожнічаць – напрыклад, па Польшчы і роднай Беларусі. Яна шукала возера Марское Вока ў Закапанах, праводзіла эксперыменты ў музеі Галілеа ў Гданьску і збірала грыбы ў невялікай вёсачцы Бабровічы. Здаралася, яна так захаплялася прыгажосцю навокал, што забывалася глядзець пад ногі. Аднойчы яна гуляла ўздоўж канала, раскінула рукі і пабегла з крыкам «Я лячу!» – і сапраўды паляцела, але кулём, бо запнулася аб карэнне. З тых пор сябры жартаўліва назвалі яе матыльком.

«Таня – анёл»

Сябры Тані ў адзін голас распавядаюць пра яе дабрыню і шчырасць. Пра тое, што ў любой справе на яе можна пакласціся, пра тое, што праблемы сяброў для яе – уласныя праблемы. Пра тое, што ў першую чаргу клапоціцца пра іншых. Калі яна трапіла ў лякарню з ковідам, а сяброўка прыйшла яе адведаць і ўбачыць праз вакно, па тэлефоне Таня прасіла яе берагчы сябе.

Таня ўмее падтрымліваць. Напрыклад, з адной з сябровак яны любілі прыдумляць вечарамі казкі: даставалі выпадковыя карты з малюнкамі, распавядалі гісторыі  пра іх і надавалі ім пэўны павучальны сэнс, у залежнасці ад сітуацый, у якіх апынуліся героі. Гэта дапамагала перанесці пэўныя выпрабаванні абедзвюм.

Сябры з усмешкай узгадваюць, што Таня і ўсмешка – неадлучныя адно ад аднаго. Яна вельмі жыццярадасны чалавек, які «жыве на разрыў» і імкнецца ўсім дапамагчы: не павысіць голас, не возьме чужога, не пяройдзе дарогу на чырвонае святло, не сядзе ў грамадскім транспарце, пакуль стаіць сталы чалавек.

«Таня – анёл», – запэўніваюць сябры і дадаюць, што мір перакуліўся, калі такія, як яна, за кратамі. Зараз яны шчаслівыя, што сяброўцы вяртаецца тая дапамога, якую яна так доўга аказвала іншым. Салідарнасць адгукаецца ў лістах, пасылках і дапамозе тату, пра якога Таня ў лістах просіць не забывацца: за тры тыдні перад затрыманнем ён пахаваў жонку, Таніну маці, таму на сям’ю абрынулася вельмі шмат гора за такі невялікі час.

lasica_list.jpg
Ліст, які Таня даслала блізкім з СІЗА
lasica_list2.jpg
І за кратамі Таццяна намагаецца захаваць пазітыў

Але Таню любяць і чакаюць – бацька, сябры і любімая котка. Яна садзіцца на белую коўдру на Таніным ложку і чакае яе – а бацька вычышчае тканіну ад чорных валаскоў. Нядаўна котка прынесла папаўненне ў сям’ю – траіх кацянятаў. «Няхай растуць, – сказаў бацька. – Прыйдзе дачушка – разбярэцца».

Таццяна Ласіца нарадзілася ў Рэчыцы. Закончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, кваліфікацыя – інжынер-геолаг. Першае месца працы – інжынер у праектным аддзеле свідравой кампаніі.З 2005 па 2015 год працавала па другой спецыяльнасці педагогам-псіхолагам у дзіцячых садках Гомеля і Рэчыцы. Вяла бацькоўскі клуб “Маміна школа”, а таксама ўдзельнічала ў працы клуба псіхолагаў у Рэчыцы.Пасля гэтага таксама працавала па першай спецыяльнасці інжынерам па праектна-каштарыснай дакументацыі.«Хачу, каб горад Рэчыца стаў цікавым культурным цэнтрам, каб тут праходзіла больш гісторыка-культурных мерапрыемстваў, з’яўляліся новыя турыстычныя маршруты», – казала яна, калі выступіла з ініцыятывай стварэння маршрута памяці, прысвечанага артысту, акцёру тэатра і кіно Яфіму Капеляну, які нарадзіўся ў Рэчыцы.

Вясна