Аналітыка, каментарыіПа-беларускуРыма-Каталіцкая Царква

Расследаванне Рабочага Руха: Тытул папскага рыцара для Зайцава лаббіраваў кс. Лашук. Усё рабілася для абыходу санкцый.

Ініцыятыва працаўнікоў Беларусі атрымала доступ да шэрага дакументаў якія праліваюць святло на сувязі бізнэсмэна Аляксандра Зайцава і пробашча парафіі ў Стоўбцах кс. Ігара Лашука. Рабочы Рух таксама прыводзіць доказы таго, што святар, імаверна, з’яўляецца татам двух хлопчыкаў і мае пастаянныя стасункі з іх мамай. Па выніках расследавання былі накіраваны звароты да арцыбіскупа Станеўскага і нунцыя Антэ Ёзіча.

Рабочы Рух даводзіць, што кс. Лашук быў галоўным лаббістам надання тытула Рыцара Камандора папскага Ордэна Грыгорыя Вялікага. Ініцыятыва прыводзіць у доказ асабістае хадайніцтва кс. Ігара Лашука да нунцыя Антэ Ёзіча аб наданні Аляксандру Зайцаву Ордэна св. Грыгорыя. У гэтым дакуменце святар распавядае, што ведае Зайцава амаль 13 год. Апошні ахвяраваў на будаўнічыя праекты Касцёла істотныя сумы — на рэканструкцыю касцёла ў в. Багданава, в. Прасці і Стоўбцах 585 тыс. даляраў. Паводле хадайніцтва кс. Лашука, наданне рыцарскага тытула “натхніць Аляксандра Зайцава і іншых людзей добрай волі не толькі дапамагаць Касцёлу матэрыяльна, але і ўзрасці ў веры”.

«Рыцар Зайцаў разам са сваімі дарадцамі прыйшлі да высновы, што большасць еўрапейскіх суддзяў прытрымліваюцца каталіцкага выравызнання. Калі прадэманстраваць ім пабожнасць і заступніцтва рыма-каталіцкай Царквы, то можна спадзявацца на больш прыхільны вынік суда”, — распавялі крыніцы Рабочага Руха.

Скрыншот з відэа «Рабочага руху»

Гэта пацвярджаецца фактамі, што да пазова па аспрэчванні санкцый хацелі далучыць пасведчанне аб абвяшчэнні Аляксандра Зайцава Рыцарам Камандорам Ордэна Святога Грыгорыя Вялікага. Таксама паведамляецца, што да пазова хацелі далучыць пісьмовае апостальскае бласлаўленне папы Бэнэдыкта XVI з 2011 г. і пасведчанне аб наданні Рыцарскага Крыжа Ордэна «За заслугі перад Венгрыяй».

Скрыншот з відэа «Рабочага руху»

Разам з гэтым трэба адзначыць, што ўзгаданае благаслаўленне папы Бэнэдыкта XVI не з’яўляецца нейкім выключным дакументам. Падобнае благаслаўленне кожны можна набыць у адмысловым кіёску ў Ватыкане ці праз інтэрнэт за невялікае ахвяраванне.

Расследвальнікі даводзяць, што кс. Ігар Лашук і раней дапамагаў абыходзіць санкцыі Зайцаву. У верасні 2021 г. святар заснаваў кампанію «АЛІС МА». Аляксандр Зайцаў, уласнік Брэміна Груп, пасля гэтага пачаў перапісваць частку ўласнасці кампаніі на «АЛІС МА». Рабочы Рух атрымаў у распараджэнне дакумент ад 17-га верасня 2021 г., паводле якога ў аэрадрома Орша змяняўся арандатар — паводле праекта распараджэння Прэзідэнта РБ гэта права павінна было перайсці ад Брэміна груп да АЛІС МА. Брэміна Груп на той момант ужо былі пад санкцыямі ЕС. У лістападзе 2022 г. гэта распараджэнне было падпісана.

Скрыншот з відэа «Рабочага руху»

Рабочы Рух даводзіць, што кс. Ігар Лашук імаверна з’яўляецца татам двух хлопчыкаў 2010 і 2013 г.н. і мае пастаянныя сувязі з іх мамай, Савіцкай Таццянай 1979 г.н. Сыны Савіцкай маюць прозвішчы “Лашук”, а імёны па бацьку “Ігаравіч”. Паводле базы АІС Пашпарт — татам абодвух хлопчыкаў з’яўляецца Лашук Ігар Станіслававіч. Пры гэтым у Рэспубліцы Беларусь ёсць толькі адзін чалавек з такім прозвішчам, імем і імем па бацьку.

Паведамляецца, што паводле базаў дадзеных, з 2007 па 2020 г. Таццяна Савіцкая выязджала з кс. Ігарам Лашуком за мяжу як мінімум 25 разоў. Паводле пашпартных базаў кс. Ігар Лашук разам з Таццянай і малодшым сынам на легкавым аўто ездзілі ва Украіну, а летам 2012 г. яны разам ляталі ў Балгарыю. Пасля нараджэння другога сына, Лашук Ігар выязджаў з Таццянай Савіцкай і абодвума хлопчыкамі супольна выязджалі за мяжу як мінімум 10 разоў. Таксама ў распараджэнні Рабочага Руху патрапіла просьба кс. Ігара Лашука ў якой ён хадайнічае перад паслом Славакіі аб звальненні Таццяны Савіцкай ад консульскага збора за візу.

Рабочы Рух звяртаўся ў курыю Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ў апостальскую нунцыятуру ў Мінску з просьбай праверыць вышэй агучаныя факты. Адказу з установаў яны не атрымалі. Арганізацыя паведаміла, што звернецца з вынікамі гэтага расследавання ў дыкастэрыю веравучэння Апостальскай Сталіцы з патрабаваннем правесці расследаванне, пазбавіць святарства кс. Ігара Лашука і навесці парадак у курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.